Путешествия с Владимиром Субботом. Обновленные Першаи

Пяршаі: да твару будзе i яблыневы сад

На крутых пагорках Мінскага ўзвышша, па дарозе з Валожына ў Івянец, раскінуліся сядзібы Пяршаяў. У дакументах Вялікага Княства Літоўскага паселішча ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў 1440 годзе як уладанне віленскага біскупа. Некалькі стагоддзяў гаспадарыў тут заможны род графаў Тышкевічаў. 


 Захавалася частка пабудоў іх летняй рэзідэнцыі.

У 1539 годзе Пяршаі атрымалі статус мястэчка і цэнтра воласці. Ваколіцы пашыраліся новымі сядзібамі. Дзейнічалі млын, маслабойня, рамесніцкія майстэрні. Па некалькі разоў на год ладзіліся кірмашы.

На сродкі магната Юрыя Радзівіла ў ХVII стагоддзі паўстаў касцёл Святога Юрыя і Божай Маці. За мінулыя вякі храм неаднаразова перабудоўваўся.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка адышло да Расійскай імперыі. Не абмінулі гэтыя мясціны спусташальныя паходы шведскіх заваёўнікаў, напалеонаўскіх войскаў у 1812-м.

Амаль сорак гадоў на хутары Люцынка жыў і ствараў літаратурныя творы беларускі класік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У наваколлі Пяршаяў радзіма вядомага літаратара Ядзвігіна Ш. (Антона Лявіцкага) і беларускага дзяржаўнага дзеяча Вячаслава Кебіча.

Згодна з Рыжскай дамовай 1920 года паселішча апынулася ў складзе міжваеннай буржуазнай Польшчы. Пасля ўз’яднання заходнебеларускіх зямель з БССР Пяршаі — цэнтр сельсавета Валожынскага раёна.

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі ў прылягаючай Налібоцкай пушчы пачалі фарміравацца атрады народных мсціўцаў. Мемарыяльнымі помнікамі ўшанавана памяць ахвяр вайны.

У пасляваенныя гады ў Пяршаях арганізаваны калгас імя Карла Маркса, рэфармаваны ў КСУП «Першаи-2014». З 2000-га цэнтральная сядзіба яго стала аграгарадком.

Прадавец прадуктовага магазіна Вольга РУСОВІЧ.

Са студэнцкіх гадоў памятаю валожынскія Пяршаі. На крутабокіх палях тагачаснага калгаса імя Карла Маркса ра­зам з аднакурснікамі капаў бульбу. У ператвораным у збожжасховішча двухвежавым мураваным касцёле сушылі зерне. У вольны час вандравалі па навакольных мясцінах. Як было не завітаць на вядомы хутар Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Люцынка альбо не прайсціся прыбярэжнымі сцежкамі Іслачы, пра якія так хораша апавядае ў сваіх творах літаратар Ядзвігін Ш.

Праз дзесяцігоддзі чарговая вандроўка прывяла мяне ў гэты недалёкі ад сталіцы куточак. Да ажыўленай аўтастрады падступаюць новыя вуліцы, забудаваныя сучаснымі катэджамі. Нястомна нясе праз лугавіну крыштальную крынічную даніну рачулка Пяршайка. З-за аголеных прыбярэжных вольхаў убачыў тыя самыя два касцёльныя крыжы.

Вузенькая стужка асфальтаванай дарогі, адбакаванай ад шумнай аўтамагістралі, за рачным мастком пераходзіць у вуліцу і пранізвае аграгарадок. Паабапал шашы перад падворкамі ўсцелены ходнікі. Цэнтральную пло­шчу Пяршаяў, дзе побач з адноўленым мураваным храмам суседнічае двухпавярховы будынак сярэдняй школы, аздабляе па-святочнаму ўпрыгожаная ёлка. Побач адміністрацыйны будынак КСУП “Першаи-2014”. 

Механізатар Павел СУША.

На другім пагорку — машынны двор, куды я завітаў. Прыцярушаныя сне­гам, роўным радком ста­ялі грузавікі. Пад павецямі захоўваюцца збожжаўборачныя камбайны. Большасць ме­ха­ні­затараў у зімовы час рамантуюць тэхніку. Чацвёрты год працуе на трактары Павел Суша, з якім сустрэліся. Родам з суседняга аграгарадка Доры. Закончыў ста­лічны чыгуначны каледж. Пра­цаваў у Мінску. Не вытрымаў га­радскога тлуму і вярнуўся да бацькоўскага парога. Ажаніўся. Нарадзілася дачка. Маладая сям’я атрымала катэдж у вёсцы Яршэвічы. Побач яшчэ чатыры новыя дамы, у якіх жывуць сем’і жывёлаводаў, механізатараў. Вочы Паў­ла шчасліва ззялі, калі рас­казваў пра сваю сям’ю.

Жывёлавод Валерый КОВАЛЬ.

На жывёлагадоўчым комплексе сустрэліся з Валерыем Ковалем. Пасля дзённай дойкі ён прыбіраў памяшканне. Комплекс камп’ютарызаваны. Малако перад адпраўкай на перапрацоўку ахалоджваецца. Прыпыніўшы свой занятак, жывёлавод расказаў, што прыехаў з Пермскай вобласці Расіі. Там служыў у арміі бацька і ажаніўся. Усёй сям’ёю вярнуліся ў Беларусь. Маці Алена Сухая ўзначальвае жывёлагадоўчую ферму ў вёсцы Даўгулеўшчына. Брат Андрэй — слесар на малочна-таварным комплексе. Усе тры сям’і атрымалі жыллё.

Старшыня сельвыканкама Валянціна Кушаль адзначыла, што за апошнія гады сельгаспрадпрыемства пабудавала ў аграгарадку амаль сорак катэджаў. З’явілася шэсць новых вуліц.

Старшыня сельвыканкама Валянціна КУШАЛЬ.

КСУП “Першаи-2014” — адна з лепшых гаспадарак у раёне. Многія гады яе ўзначальваў вопытны кіраўнік Яўген Скрундзь, які зараз на заслужаным адпачынку. Мінулай вясной яго замяніў выпускнік аграфака Белдзяржсельгасакадэміі Віктар Шалаш. Спецыялізуецца прадпрыемства на вытворчасці малака, ялавічыны і збожжавых. Сярэднегадавы надой ад кожнай з амаль што паўтары тысячы кароў каля сямі тысяч кілаграмаў. Атрымлiваюць тут і мармуровую ялавічыну. Агульнае пагалоўе жывёлы перавысіла пяць тысяч галоў. Звыш 360 чалавек заняты ў гаспадарцы.

Маладая маці Марыя РАДЗВІЛОВІЧ.

На тэрыторыі сельсавета развіваецца і фермерства. Юрый Шпілеўскі ў вёсцы Семернікі трымае дзясятак дойных кароў, крыху болей коз. Вырабляе сыры і частку малака прадае дзяржаве. Жывёлу забяспечвае сваімі кармамі. Апрацоўвае 10 гектараў зямлі. Амаль такі ж надзел і ў фермера Эдуарда Сергіенкі з хутара Сусні. Ён разводзіць в’етнамскіх свіней, авечак.

Тры каровы, некалькі свінаматак трымала Надзея Голуб. Малако здавала, прыплод парасят разбіралі вяскоўцы. Разам з мужам працавала на калгаснай ферме. Цяпер у хлеўчыку аўдавелай Надзеі Нічыпараўны гадавалы кабан, дзясятак курэй. Трымала бы і кароўку, але распалася радоўка. Няма каму пасвіць статак. 85-гадовая сялянка не сядзіць без справы. Пакоі яе дома ўпрыгожаны шматлікімі вышыўкамі.

Восемдзесят пяты Новы год сустракае Надзея Нічыпараўна ГОЛУБ.

Багатую калекцыю строяў, вырабаў народных умельцаў, прадметаў сялянскага побыту ўбачылі ў школьным гістарычным музеі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. На сцяне перад парадным уваходам у вучэбны корпус усталявана мемарыяльная дошка, на якой выбіта: “У 1943 годзе ў вёсцы Пяршаі фашыстамі была пакарана піянерка Ядзя Трацэўская, якая дапамагла збегчы з турмы партызанам-разведчыкам”. Піянерская дружына носіць імя адважнай юнай зямлячкі.

Намеснікі дырэктара школы Галіна Арцішэўская і Яўгенія Іваноўская апантана захоплены зборам экспанатаў. Расказалі педагогі, што сваячка Дуніна-Марцінкевіча Барбара Крыжаньская-Чарнавецка, якая жыве ў ЗША, прывезла копію абраза з адлюстраваннем Ісуса Хрыста з люцынскай сядзібы пісьменніка.

Намеснік дырэктара школы Галіна АРЦІШЭЎСКАЯ з вучнямі ў школьным музеі.

Сёлета Пяршайская школа адзначыла паўтаравекавы юбілей. Сярод яе выпускнікоў былы старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кебіч, член-карэспандэнт НАН Беларусі Эрома Урбан, былы кіраўнік гаспадаркі Яўген Скрундзь, хлебаробы, педагогі, прадстаўнікі іншых прафесій. На мінулым жніве сярод лепшых у раёне прызнаны і выхаванцы школы Аляксандр Ткачэнка і Максім Новік. Аляксандр Голуб — у лідарах сярод маладых вадзіцеляў. Паспяхова працуюць у гаспадарцы выпускнікі Аляксей Пачыкоўскі, Сяргей Голуб, Аляксандр Іода, Алеся Прылуцкая, Кацярына Заброцкая.

Дзесяцікласнікі Максім МАРКЕВІЧ, Мікалай КАЛЯСІНСКІ і Арцём КЛІМОВІЧ на занятках у камп’ютарным класе.

У школе адноўлена прафесійна-вытворчае навучанне. Дзесяцікласнікі засвойваюць спецыяльнасць аператара электронна-вылічальных машын. Скульптар Валерый Калясінскі арганізаваў дзіцячы гурток ”Гліняны карагод”. Валерый Францавіч пераехаў са сталіцы. Пяршаі для яго “прыроды церам распісны”. Ён мае намер аздобіць аграгарадок каменнымі скульптурамі. Жонка Ядвіга Зігмунтаўна выкладае ў школе родную мову і літаратуру. Сын Мікалай — пераможца абласнога конкурсу па роднай і французскай мовах. Дачушка Паўліна марыць стаць скульптарам. Футболам захапляюцца Яўген і Даніла з шматдзетнай сям’і Кандаўравых. Жывуць яны ў новым катэджы, атрыманым ад гаспадаркі. Аграгарадок газіфікаваны, праведзены вадаправод. Пастаянна ла­дзяцца аўкцыёны па продажы зямельных участкаў. Выкупляюць іх жыхары сталіцы.

Ганна і Дзяніс КАНДАЎРАВЫ са сваімі дзецьмі Дар’яй, Яўгенам і Данілам.

Старшыня сельвыканкама Валянціна Кушаль марыць  будучай вясною ўпрыгожыць Пяршаі яблыневым садам, каб рос для нашчадкаў.

Валожынскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter