С первых дней войны в числе борцов с врагом были и белорусские писатели

Пяром і зброяй

Яны былі ў войсках, партызанскіх атрадах, падпольных арганізацыях, працавалі ў армейскіх ці падпольных выданнях. І здолелі таленавіта занатаваць у сваіх творах праявы мужнасці і здрады.

Фота  БЕЛТА

Доўгія вёрсты вайны

ФОТА  БЕЛТА

Для Васіля Быкава вайна пачалася ва Украіне, дзе ён удзельнічаў у абаронных работах. Падчас адступлення ў Белгарадзе адстаў ад сваёй калоны, пасля быў арыштаваны і ледзь не расстраляны як нямецкі шпіён. Як баец інжынернага батальёна Васіль Уладзіміравіч будаваў розныя ваенныя аб’екты — ад Гомеля да Варонежа. Улетку 1942 года быў прызваны ў Чырвоную Армію, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча (дарэчы, з 80 яго выпускнікоў у вайну ўцалелі толькі чацвёра). Восенню 1943-га Быкаву было прысвоена званне малодшага лейтэнанта. Ён ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах, падчас Кіраваградскай аперацыі быў паранены ў нагу і жывот, памылкова яго запісалі памерлым. Бацькі атрымалі паведамленне, што іх сын «мужна загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі каля Кіраваграда». Гэта было выбіта нават на абеліску. Адзначым, што гэтыя падзеі паслужылі асновай будучай аповесці Васіля Уладзіміравіча «Мёртвым не баліць».

У пачатку 1944 года Быкаў тры месяцы знаходзіўся ў шпіталі. Выжыў і зноў ваяваў. З дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю. Пра вайну ў кнізе «Доўгая дарога дадому» ён засведчыць: «Прадчуваю сакраментальнае пытанне пра страх: баяўся ці што? Вядома, баяўся, а можа, часам і збаяўся. Але страхаў на вайне шмат, і яны ўсе розныя. Страх перад немцамі — што маглі ўзяць у палон, застрэліць; страх з-за агню, асабліва артылерыйскага або бамбёжак. Калі выбух побач, так, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатова разарвацца на кавалкі ад дзікіх пакут…»

Ідзі і глядзі

Алесь Адамовіч, ужо стварыўшы раманы пра сваю партызанскую вайну, засведчыць: «Калі мне што і ўдалося ў «Вайне пад стрэхамі», дык гэта таму, што раней гэтую кнігу мама напісала сваім уласным жыццём».

Маці пісьменніка Ганна Мітрафанаўна стала актыўнай удзельніцай Глушанскага падполля з верасня 1941 года: загадчыца мясцовай аптэкі, яна прывозіла з Бабруйска медыкаменты і забяспечвала імі партызан. У пачатку 1943-га мужная жанчына з сынамі прыйшла ў партызанскі атрад імя Кірава 37-й брыгады імя Пархоменкі Мінскага злучэння. Дарэчы, да партызан Алесь Адамовіч далучыўся ў 15 год. Пра невыносны боль, якi нясе вайна, ён казаў: «Калі пісаў «Хатынскую аповесць» i прывёў партызана Флёра Гайшуна на папялішча яго хаты, вёскі, дзе фашысты ўсіх-ўсіх спалілі, прымусіў яго адчуць ад пляча да локця боль ад выпадковага апёку — неасцярожна раздушыў гарачую бульбіну. Калісьці я сам, песцячыся на полі, упаў і рукой раздушыў прама з вогнішча… бульбіну, а потым, як і мой Флёра, хапаўся за ўсё, што магло астудзіць боль. Але што магло астудзіць Флёрыну боль, калі перад вачыма ў яго пажарышча, дзе жыўцом згарэлі маці, сястрычкі, усе жыхары вёскі. Больш за восемдзесят тры тысячы чалавек забіта, згарэла ў беларускіх Хатынях».
Фота з архіва «СБ»


Нельга не ўспомніць дакументальны зборнік успамінаў, кнігу-памяць пра вынішчэнне гітлераўцамі беларускіх вёсак — «Я з вогненнай вёскі». Успаміны для выдання сабралі Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік і Янка Брыль, якія аб’ездзілі на працягу 1970—1973 гадоў ажно 147 вёсак у 35 раёнах Беларусі і сабралі ўспаміны больш як 300 сведкаў, якія цудам засталіся ў жывых.

Проба агнём

Кандрат Крапіва ў пачатку вайны працаваў у рэдакцыі газеты «Красноармейская правда», затым у рэдакцыі франтавой газеты «За Савецкую Беларусь». Быў сведкам бамбардзіроўкі Мінска, бачыў разбураны родны дом, страціў старэйшага сына Барыса, які загінуў у баях пад Сталінградам. З 1943 года і да канца вайны Крапіва працаваў адказным рэдактарам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» (у ёй таксама супрацоўнічалі Янка Брыль, Максім Лужанін і іншыя). Дарэчы, яшчэ ў 1943-м Беларускі тэатр імя Якуба Коласа паставіў п’есу Кандрата Крапівы «Проба агнём».

Пісьменнік Янка Брыль сустрэў вайну ва ўзросце 23 гадоў. У той час ён жыў на тэры­торыі Польшчы, дзе быў прызваны ў армію. 

У 1941-м папаў у палон пад Гдыняй, уцёк і вярнуўся ў Беларусь. Падчас акупацыі наладзіў сувязь з антыфашыстамі і перадаваў звесткі разведцы партызанскіх брыгад імя Жукава і «Камсамолец» аб дыслакацыі немцаў у Мірскім раёне. У 1944 годзе, калі ўся яго сям’я пайшла ў партызаны, стаў разведчыкам брыгады «Камсамолец». Працаваў рэдактарам партызанскай газеты «Сцяг свабоды» Мірскага падпольнага райкама партыі, а таксама выдаваў сатырычны лісток «Партызанскае жыгала».

Беларускага паэта і празаіка Максіма Лужаніна мабілізавалі ў армію ў 1941 годзе. Ён праходзіў службу ў ваеннай камендатуры Масквы. У 1942-м скончыў Падольскае пяхотнае вучылішча і ў званні лейтэнанта трапіў у стралковы полк. Удзельнічаў у баях пад Сталінградам. У 1945 годзе выйшаў у свет зборнік вершаў Лужаніна «Шырокае поле вайны».
ФОТА  БЕЛТА

Сваім сэрцам прачуў вайну і знакаміты беларус Іван Шамякін. Калі яна пачалася, будучы пісьменнік ужо з 1940 года служыў у арміі. Да 1945-га быў і камандзірам гарматы, і камсоргам дывізіёна. Удзельнічаў у баях пад Мурманскам, вызваленні Польшчы, баях на Одэры. Дарэчы, літаратурны дэбют Івана Шамякіна, які скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, адбыўся менавіта ў час Вялікай Айчыннай вайны — яго нарысы і вершы былі надрукаваны ў армейскай газеце «Часовой Севера».


Паэт і празаік Сяргей Новік-Пяюн перад вайной працаваў дырэктарам Слонімскага краязнаўчага музея. У гады ліхалецця ратаваў музейныя экспанаты, падтрымліваў сувязь з партызанамі. За антыфашысцкую дзейнасць у 1943 годзе яго арыштавалі і асудзілі да смяротнага пакарання. Але пасадзілі спачатку ў Слонімскі, затым у Баранавіцкі астрог, а пасля перавялі ў лагер смерці Калдычава, адкуль ён выратаваўся літаральна цудам.

У 1942 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію будучы беларускі паэт, празаік, кінасцэнарыст і перакладчык Анатоль Вялюгін. Прайшоўшы падрыхтоўку ў Лугінскай авіяшколе, ён прымаў удзел у баях на Сталінградскім фронце. У 1943 годзе быў цяжка паранены. Пра вайну Вялюгін напіша: «Той час пакінуў не толькі суровыя засечкі на целе — раны зажываюць, але глыбіні памяці ніколі не ўспакояцца».

Таксама прымаў удзел у ваенных дзеяннях беларускі літаратуразнавец і крытык Юльян Пшыркоў — ён бараніў Ленінград, штурмаваў Кёнігсберг, быў тройчы паранены. Пазней адзначыў у сваёй аўтабіяграфіі: «Вялікая Айчынная вайна з’явілася другой вышэйшай школай, у якой я прайшоў непаўторны па сваёй важнасці курс грамадзянскага і палітычнага выхавання».

Пераклічка пакаленняў

ФОТА З АРХІВА «СБ»

Ужо пачынаючы з 1950-х гадоў, аўтары звярнуліся да суровай і бескампраміснай ваеннай праўды, даследуючы яе амаль з дакументальнай дакладнасцю. У вялікую літаратуру прыйшло пакаленне тых, чыё маленства было абпалена вайной: Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Пятрусь Макаль, Алег Лойка, Іван Чыгрынаў і іншыя. Дзякуючы ўспамінам дзядоў і прадзедаў у кожнай беларускай сям’і жыве памяць пра тыя страшныя і горкія, але адначасова і гераічныя гады.


А завяршыць свой літаратурна-ваенны агляд хачу красамоўным вершам «Перакройванне шыняля» Максіма Танка. Гэты твор — своеасаблівая пераклічка ваенных і мірных пакаленняў:

— Нешта вы, маці, сыноўскі

Шынель гэты доўга хавалі.

Зараз прыкіну,

Што можна пашыць з яго

Вашаму ўнуку.

Вось толькі шкада,

Мо недзе ля печы

ФОТА З АРХІВА «СБ»

Рукаў асмаліла...

— Не, у той дзень наша вёска гарэла...

— Ну, я памяркую, прыкіну.

Ды тут і крысо, зачапіўшыся,

Нехта падзёр на цвіку.

— Не, гэта — на дроце калючым...

— Тут можна было б падтачыць.

Вось толькі на самых грудзях

Невялічкая дзірка ад молі...

— Не, гэта ад кулі...

Канстанцін Карнялюк

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter