Пялёсткі з кветкі

ТАКІЯ прыемныя падзеі, што адна за другой па-добраму ўразілі мясцовы люд, даўно не «гулялі» па Каменцы. Нават былы кіраўнік гаспадаркі — тады калгаса «Новае жыццё» — Міхаіл Салянік, які стаяў ля руля вытворчасці 35 гадоў, прычым лепшых гадоў, шчыра прызнаўся, што вось так, па-свойску, душэўна даўно не сустракаўся з землякамі. А тут — нечаканая нагода!

Свята вёскі сабрала некалькі пакаленняў яе жыхароў

ТАКІЯ прыемныя падзеі, што адна за другой па-добраму ўразілі мясцовы люд, даўно не «гулялі» па Каменцы. Нават былы кіраўнік гаспадаркі — тады калгаса «Новае жыццё» — Міхаіл Салянік, які стаяў ля руля вытворчасці 35 гадоў, прычым лепшых гадоў, шчыра прызнаўся, што вось так, па-свойску, душэўна даўно не сустракаўся з землякамі. А тут — нечаканая нагода!

Хаця, чаму нечаканая. Тыя, хто сёння жыве ў Каменцы, заўважалі, што сёстры Ніна и Марыя Нагорныя на бацькоўскім падворку даглядаюць не толькі сад-агарод, а ладзяць нешта большае. Пажыўшы ў іншых месцах, жанчыны прыйшлі да высновы, што і свой кут варты таго, каб пра яго ведаць значна больш. І вырашылі арганізаваць на сваёй жа сядзібе музей вёскі.

Адкрыццё яго вылілася ў сапраўднае свята. Ініцыятары нават не спадзяваліся, што збярэцца столькі народу. Бо сёння ў Каменцы застаўся толькі 41 жыхар, тады як у лепшыя дэмаграфічныя часы тут пражывалі 717 чалавек. Як прыгадаў ветэран кіраўніцкага корпуса Нясвіжчыны Міхаіл Салянік, адна вёска тады аб’ядноўвала аж тры паляводчыя брыгады, у кожнай з якіх на працу выходзілі да 50 жанчын. А між іншым, Каменка не з’яўлялася цэнтральнай у гаспадарцы.

Па сведчанні знаўцы гісторыі вёскі былой настаўніцы Ірыны Акулік, сем’і ў пасляваенны час тут былі шмтатдзетнымі, у многіх з іх гадаваліся па чацвёра, пяцёра, а то і шасцёра дзяцей. Нярэдка аднымі ўдовамі, мужы якіх загінулі на фронце. Але што адметна: усе юныя камянкоўцы выраслі сапраўднымі людзьмі, патрыётамі свайго краю, многія атрымалі вышэйшую адукацыю.

Пра тутэйшую зямлю таксама гаворка асаблівая. Мала дзе на Беларусі сустрэнеш тэрыторыі з такім ворыўным скарбам. Урадлівасць угоддзяў вакол той жа Каменкі, суседніх Снова, Аношак, Грыцкевічаў і ў ранейшыя часы, і ў нашы дні гаворыць сама за сябе. Менавіта тут атрымліваюць лепшыя ўраджаі не толькі ў раёне, але і на ўсёй Міншчыне, у рэспубліцы.

А да добрай, пладаноснай зямлі, як сведчыць векавая практыка, не бывае і не можа быць недастойных адносін. З зямлі-карміцелькі нядрэнны пажытак мелі камянкоўцы і ў прыватнай гаспадарцы, і ў калектыўнай. Падняцца ў разрад лепшых, заможных калгасаў «Новаму жыццю» дазволілі нашы традыцыйныя, можна сказаць, спрадвечна беларускія культуры.

 Мікалай КАРОЛЬ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter