Пякла Марыя каравай і песню напявала

САПРАЎДНЫМІ берагінямі традыцый продкаў можна назваць удзельніц народнага фальклорнага гурту «Крынічанька» з вёскі Раеўшчына Маладзечанскага раёна. Захоўваюць яны не толькі песні, многія з якіх увайшлі ў залаты фонд Беларускага радыё. Здаўна раеўшчынскія жанчыны славіліся сваёй гаспадарлівасцю, уменнем пячы хлеб і караваі. Здаўна перадавалі гэта майстэрства дочкам, нявесткам, унучкам. Колькі б ні змянілася пакаленняў — водар свежавыпечаных пірагоў заўсёды будзе разносіцца над гэтай вёсачкай разам з яе песнямі — такімі самабытнымі, такімі роднымі, беларускімі.

З пакалення ў пакаленне перадаюць у сям’і Галюк сакрэты выпечкі смачных пірагоў.

САПРАЎДНЫМІ берагінямі традыцый продкаў можна назваць удзельніц народнага фальклорнага гурту «Крынічанька» з вёскі Раеўшчына Маладзечанскага раёна. Захоўваюць яны не толькі песні, многія з якіх увайшлі ў залаты фонд Беларускага радыё. Здаўна раеўшчынскія жанчыны славіліся сваёй гаспадарлівасцю, уменнем пячы хлеб і караваі. Здаўна перадавалі гэта майстэрства дочкам, нявесткам, унучкам. Колькі б ні змянілася пакаленняў — водар свежавыпечаных пірагоў заўсёды будзе разносіцца над гэтай вёсачкай разам з яе песнямі — такімі самабытнымі, такімі роднымі, беларускімі.

«Адкрой хлеба, падай лусту!»

Непараўнальны ні з чым пах свежаспечанага    дражджавога цеста мы адчулі адразу, калі з кіраўніком «Крынічанькі» Валянцінай Данілевіч пераступілі парог хаты старэйшай удзельніцы калектыву Марыі Аляксандраўны Галюк. Раскладзеныя на два вялікія блюды, на стале чакалі свайго часу апетытныя булачкі: Ліля, малодшая дачка Марыі Аляксандраўны, спецыяльна спякла іх да нашага прыезду. Такая традыцыя ў гэтых гасцінных гаспадынь — прывячаць людзей, якія завіталі ў хату. Мы частаваліся не толькі фірменнай выпечкай, але і ўспамінамі Марыі Галюк — карэннай жыхаркі Раеўшчыны, маці-гераіні, якая вырасціла пецярых дзяцей, былой калгаснай звеннявой і загадчыцы мясцовага клуба, знатнай на ўсё наваколле каравайшчыцы.

— Маруська! Ідзі хлеб мясіць! — і цяпер памятае Марыя Аляксандраўна мацярынскі покліч. І гэта была не прынука — дзевяцігадовая Маруся і праўда любіла вымешваць цеста ў вялікай драўлянай дзяжы. Нялёгкая і няхуткая работа — але ж потым падсцеле маці на драўляную лапату нарыхтаваныя ў вялікія вянкі высушаныя кляновыя лісты, усадзіць у печ вялікія боханы, і будзе ў хаце свята — свежы хлеб на стале. Хлеб шанавалі, ніколі яго не выкідвалі — з’ядаўся ўвесь да апошняй крошкі. І так было ва ўсіх вясковых сем’ях.

Кіраўнік «Крынічанькі» Валянціна Данілевіч успамінае, як аднойчы муж папрасіў: «Адрэж хлеба!» А яго бацька, пачуўшы гэтыя словы, узлаваўся: «Як ты кажаш? Хлеб не рэжуць, яго крояць!»

«Адкрой хлеба і падай лусту!» — і ў Марыі Аляксандраўны на слыху гэтыя словы, якія звычайна прамаўлялі перад тым, як пачаць рэзаць вясельны каравай. Асаблівае майстэрства — спячы такі, каб хапіла на ўсё вяселле, ды яшчэ вяскоўцам, што прыйшлі на маладых падзівіцца, засталося.

Хто першы ўхопіць — той камандзір у хаце

Гэта цяпер каравай заказваюць на хлебазаводзе. А ў мінулыя часы яго павінна была пячы хросная маці нявесты. Праўда, калі яна не мела пары, была адзінокай — вызвалялі ад гэтага абавязку.

Марыі Аляксандраўне неаднойчы прыходзілася чараваць над галоўным атрыбутам вясковага вяселля. Яна і цяпер памятае рэцэпт: 10 яйкаў, цукру з паўкіло, малако, трохі смятанкі, ды і масліца не зашкодзіць, дрожджы, мукі з пяць кілаграмаў. Разводзілася цеста ў вялікай місцы, пакідалася ў цёплым месцы, каб даць дражджам ход, а затым мясілася да тае пары, пакуль у разрэзаным нажом кавалачку не былі бачны дзірачкі — гэта значыць, дрожджы добра расхадзіліся. Пёкся каравай толькі ў печы, прапаленай бярозай. Ды яшчэ і напаліць трэба было ўмець — каб жар быў добры. Прыдумвалі і розныя ўпрыгожванні — ляпілі і асобна выпякалі фігуркі маладых, а затым запалкамі  іх  да пірага прынаджвалі. Расквечвалі пірагі ружамі з цеста, любілі буслоў ляпіць. А калі ўсю гэту прыгажосць зверху замацоўвалі, утыкалі галінкі вечназялёнай расліны — шпарагі. Да таго, як маладых адорваць пачнуць, каравай чакаў свайго часу ў іншым памяшканні, а затым сват уздымаў яго вышэй галавы і ўрачыста ўносіў. Самым першым давалі па лусце жаніху і нявесце: хто першы ўхопіць — той і будзе камандзірам у хаце…

Каб старэйшыя не забываліся, а маладыя навучаліся

Даўно мінулі часы, калі прыходзілася сярпом збожжа жаць, ссыпаць яго ў аруды — велізарныя скрыні з дошак, малоць на муку ў жорнах. Ох, і цяжкімі былі мяхі са збожжам! У Раеўшчыне нават казалі: «Мяшок вялікі, а чалавек слабы, як ануча — не можа яго падняць…»

Многія паразбіралі печы, няма яе і ў Марыі Аляксандраўны — вялікія караваі ўжо не пячэ. Але рукі яе нічога не забыліся: ні як серп трымаць, ні як цеста мясіць…

Удзельніцам «Крынічанькі» неаднойчы прыходзілася выпякаць караваі, толькі ўжо меншыя за вясельныя, на розныя мерапрыемствы.

Нават у Польшчу гэты калектыў запрашалі. Жанчыны ўспамінаюць, як у тэрміновым парадку ткалі сабе для замежных гастроляў спадніцы. Устаноўка была такая: толькі ў саматканых на сцэну выпусцяць. І вось што цікава, кожная змагла даць рады кроснам, спадніцы ва ўсіх атрымаліся розныя. Яны і цяпер іх захоўваюць, як памяць пра самыя дальнія свае гастролі.

Старэнькі ў Раеўшчыне клуб, але цепліцца ў ім жыццё. У рамках тыдня традыцыйнага мастацтва прайшла сустрэча ўдзельніц «Крынічанькі» з дзіцячым калектывам «Зараначка» Мясоцкага Дома культуры. Жанчыны развучвалі з дзеткамі кракавяк, навучылі іх спяваць «Грачанікі». Хутка моладзь падхапіла мелодыю і словы: «Гоп, мае грачанікі, гоп, мае ячныя! Чаму ж мае грачанікі такія нясмачныя?» На вачах маладзелі бабулі — радасныя, што ўнукам іх песні падабаюцца.

Марыя Аляксандраўна — вельмі багатая бабуля: у яе 12 унукаў і двое праўнукаў. Трое — Ваня, Жэня і маленькая Любачка — жывуць разам з ёй, малодшая дачка са сваёй сям’ёй пераехала да маці. Робяць у доме рамонт, усталёўваюцца ў Раеўшчыне адмыслова. І пірагі па святах пякуць — прытрымліваюцца вясковых традыцый. А па буднях радуюць дзетак булачкамі — яны ў іх удалыя атрымліваюцца…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter