Пуцёўка ў жыццё са знакам якасці

Лёсы многіх выпускнікоў Пухавіцкай СШ, якая адзначыла сваё 150-годдзе, самым непасрэдным чынам звязаны з аграрным сектарам краіны

ШМАТ хто працуе на вёсцы. Пра гэта гавораць і сённяшнія прыклады. Зусім нядаўні вучань школы-юбіляркі Валерый Мірчук узначальвае Пухавіцкае ПВС. Таццяна Савік працуе старшынёй Дукорскага сельсавета. Валянцін Свірыдаў доўгія гады ўзначальваў Мар’інагорскі агратэхнічны каледж. З сельскай гаспадаркай звязаны лёсы вучоных Аляксандра Матохі, Мікалая Свірыдава.

Варта нагадаць, што ў школе вучыліся два Героі Савецкага Саюза — Васіль Тарлоўскі і Мікалай Шут, акцёр-купалавец Аляксандр Лабуш, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Арнольд Смеяновіч… Няма ніякіх сумненняў, што ў такой школы і надалей будуць не меней яркія і знакамітыя выпускнікі! Пра гэта гаварылі на ўрачыстасцях і самі госці, і сённяшні дырэктар Пухавіцкай СШ Валянціна Бяседзіна.

Адным з кранальных момантаў у святкаванні 150-годдзя Пухавіцкай СШ стала віншавальная тэлеграма ад яе выпускніка — генерал-лейтэнанта ў адстаўцы Яўгена Мікульчыка.

Кіраўнік аўтарытэтнай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз афіцэраў», на жаль, у гэты дзень не змог прыехаць на ўрачыстасці. Якраз знаходзіўся па грамадскіх справах у Маскве. Але яго словы пачулі і сённяшнія настаўнікі, вучні і госці святочнай імпрэзы.

Яўген Васільевіч закончыў дзесяцігодку ў Пухавічах болей як 60 гадоў назад. Ганаровы грамадзянін Пухавіцкага раёна, ён і зараз трымае ў памяці імёны сваіх настаўнікаў. Не аднойчы ад генерала даводзілася чуць пра тое, што менавіта школа, менавіта вясковыя педагогі заклалі ў ім асновы будучых поспехаў...

Мікола БЕРЛЕЖ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter