Юбілейная вечарына Станіслава Валодзькі прайшла з аншлагам

Пуцяводная нітка паэта

Творчая вечарына вядомага беларускага паэта з Даўгаўпілса мела назву “Мая пуцяводная нітка”. Станіслаў — наш добры сябар. А яшчэ ён сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі, Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў. Ладзіў вечарыну наш даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры напрыканцы лістапада.

Кветкі — паэту-юбіляру Станіславу Валодзьку
Фота: Ірына Апейнанэ

Газета “Голас Радзімы” час ад часу паведамляе чытачам, што Станіслаў Валодзька ўдзельнічае ў розных імпрэзах: у Латвіі, на Бацькаўшчыне. Многія вершы паэта з тонкаю, лірычнаю душою сталі песнямі. Да таго ж ён піша казкі, апавяданні для дзяцей: на беларускай і рускай мовах. Станіслаў — адзін з заснавальнікаў беларускай суполкі “Уздым”, што актыўна працуе ў Даўгаўпілсе.

Шчодрымі апладысментамі гледачоў у гонар 60-гадовага юбіляра адкрылася вечарына, весці якую пашчасціла мне. Кіраўніца справамі Даўгаўпілскай гарадской думы Вольга Ессе ўручыла паэту ганаровую грамату, адзначыла ягоную грамадскую актыўнасць, а кіраўніца ўпраўлення культуры Даўгаўпілскай краёвай думы Інара Мукане падзякавала Станіславу за працу на карысць латвійска-беларускага сяброўства. Генконсул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў падкрэсліў: Беларусь ушанавала юбіляра медалём Францыска Скарыны, ён удзельнічаў ва Усебеларускім сходзе.

Старшыня суполкі “Уздым” Людміла Сінякова нагадала: і назву суполцы прапанаваў Станіслаў. Большасць вершаў яго напісаны па-беларуску: на мове маці, роднай Астравеччыны. Канцэртную праграму адкрыла песня “Беларусы свету” — спяваў ансамбль “Пралескі”, а затым былі прэм’еры песень “Бацькоўскі кут” і “Кветка Радзімы” ў выкананні ансамбля сеньёраў “Спадчына”.

Песні Станіслава Валодзькі пайшлі па свеце, яны гучаць на беларускай, рускай і польскай мовах у выкананні ансамбляў і салістаў на розных фэстах, канцэртах, вечарынах у Латвіі, Літве, Эстоніі, Беларусі. Плённая ў яго супраца з беларускімі ды латвійскімі кампазітарамі: гэта Альберт Белусь, Станіслаў Клімаў, Мікалай Яцкоў, Аляксандр Рудзь, Таццяна Піменава, Алена Віткевіч ды іншыя.

На вечарыне аўтарскія песні спявалі ансамблі ЦБК “Купалінка”, “Пралескі”, “Спадчына” і “Лянок”, а таксама гурты “Лада” суполкі “Уздым, “Вдохновение” Цэнтра рускай культуры, хор “Промень” Цэнтра польскай культуры, краслаўскі ансамбль “Накцюрн” і выхаванцы Краслаўскай школы “Варавікснэ”, А яшчэ — беларускі ансамбль “Завіруха” з Екабпілса, салісты Сяргей Піманаў, Іна Краліка, Зінаіда Сіліня, Яўген Пашкевіч, Алена Віткевіч і Таццяна Піменава. Прагучала і некалькі латышскіх народных песень у перакладзе Станіслава Валодзькі на беларускую мову.

Шмат сяброў цёпла віншавалі шаноўнага юбіляра. Гучалі яго вершы, і вершы калег-паэтаў — у гонар спадара Станіслава. Віншавальныя адрасы паэту накіравалі Саюз пісьменнікаў Беларусі ды Саюз беларусаў Латвіі. А заключную песню “Беларускі дом” на словы юбіляра зала спявала разам з “Купалінкай”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter