Сваю самотнасць неабходна навучыцца правільна перажываць

Пустыня чалавечага сэрца

Самотнасць, пачуццё пакінутасці спадарожнічаюць людзям заўсёды. Як бы нам гэтага ні хацелася пазбегнуць ці як бы гэта ні адмаўлялі. Сваю самотнасць неабходна навучыцца правільна перажываць. Гэта адна з тэм, якую закранае Евангелле і над якой мы сёння паразважаем.

Калі Напалеон Банапарт рабіў справаздачу пасля таго, як аддаў загад страляць па натоўпе незадаволеных людзей каля касцёла святога Роха ў Парыжы, ён папрасіў запісаць: “Ува мне заўсёды жыў добры чалавек, але добрыя струны душы я прымусіў замаўчаць”. Кожны чалавек часамі прымушае маўчаць тое добрае, што ёсць у яго сэрцы. Пад сэрцам разумецца не орган цела, а сама істота чалавечай асобы, самае ў ёй важнае. 

Мы так прывыкаем да таго, што ілюзорнае, фальшывае, што ўжо не ведаем, якія мы сапраўдныя. Свет сучасных тэхналогій спрашчае мару людзей усіх пакаленняў — апранаць на сябе розныя маскі і прадстаўляць сябе свету такімі, якімі ён хоча, каб мы былі, ці такімі, якімі нам выгадна быць. У рэшце рэшт чалавек заблытваецца і ўжо не ведае, які ён сапраўдны. У такой сітуацыі мы адчуваем сябе нешчаслівымі.

Якія ж мы сапраўдныя? Наша сэрца дае на гэта адказ у тыя моманты, калі нам немагчыма сябе кантраляваць: у нашых снах, страхах, імгненных рэакцыях і гэтак далей. Паколькі чалавечая асоба можа развівацца, адкрыўшы тое, што глыбока ў нас схавана, мы можам ствараць сталы будынак нашай жыццёвай пазіцыі.

Калі да Хрыста прыйшлі яго вучні, стомленыя доўгім прапаведваннем, ён сказаў ім пайсці ў пустыню і адпачыць. У кожнага свая пустыня, але мы ўсе з ёй сутыкаемся. Такой пустыняй з’яўляецца наша самотнасць. Мне здаецца, Бог усім дае час ад часу адчуць сябе самотнымі, для таго каб мы паглядзелі ў сваё сэрца. Там мы знойдзем мноства разнастайных скарбаў, якія можам развіваць і якімі можам дзяліцца з іншымі. Перажыўшы сваю самотнасць правільна, не заглушыўшы яе пустымі размовамі і разбуральнымі паводзінамі, мы становімся моцнымі ды перастаём баяцца заставацца сам-насам з сабою.

Кожны чалавек насамрэч ніколі не застаецца адзін, калі ён сам у сябе не будзе забіраць сваёй годнасці, — чалавек з’яўляецца каштоўнасцю проста таму, што ён існуе (ёсць/жыве).

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter