Пушка i скрыпка Змiтрака Бродкi

Тры заўзятыя сябры з клецкай вёскі Макраны прайшлі нялёгкімі франтавымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны і жывымі вярнуліся дамоў
Тры заўзятыя сябры з клецкай вёскі Макраны Іосіф Акула, Міхась Мікуліч і Дзмітрый БРОДКА прайшлі нялёгкімі франтавымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны і жывымі вярнуліся дамоў. Адбудоўвалі спаленую вёску, дапамагалі асірацелым за вайну сем’ям, займаліся спрадвечнай сялянскай працай на зямлі. У свята Перамогі былыя артылерысты апраналі парадныя піджакі з баявымі ўзнагародамі, збіраліся разам, узгадвалі франтавыя шляхі-дарогі, паміналі страчаных за ліхалецце землякоў. Да сёлетняга юбілейнага года Вялікай Перамогі пашчасціла дажыць толькі самаму малодшаму з кампаніі зенітчыкаў ефрэйтару Бродку, баявыя заслугі якога адзначаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Бярліна», «За перамогу над Германіяй», а таксама шматлікімі юбілейнымі медалямі. Дзмітрый Яўхімавіч узначальвае Бараўлянскую ветэранскую пярвічную арганізацыю Мінскага раёна, і за актыўную грамадскую дзейнасць яму прысвоена званне «Ганаровы ветэран». 

Ветэран вайны і працы Дзмітрый Яўхімавіч БРОДКА з праўнукам — кадзетам Данілам.
Ветэран вайны і працы Дзмітрый Яўхімавіч БРОДКА з праўнукам — кадзетам Данілам.

І цяпер, на дзясятым дзясятку жыцця, Дзмітрый Яўхімавіч памятае, як у далёкія даваенныя гады маці прасіла вясковага суседа Андрэя навучыць яе сына-падлетка кляпаць і мянціць касу. З двух гадоў хлопчык рос сіратою і дзядоў сваіх ніколі не бачыў. Першыя пакосы сцяліў пад пільным вокам дзядзькі Андрэя, які спыняў залітага потам хлопчыка і неназойліва адточваў кожны рух пачынаючага касара. Хударляваму падлетку цяжкавата было ісці ў пакосе за плячыстымі мужыкамі, але ні на крок не адступаў. І сякеру спрытна трымаў у руках, і за плугам упэўнена хадзіў. У пятнаццаць гадкоў гаспадарыў не горш за іншых дарослых сялян. Карове і гурту авечак сена на зіму ўдосталь накошваў. Яшчэ свіней і гусей трымалі. Разам са старэйшымі сёстрамі і маці двухгектарны спадчынны надзел старанна апрацоўвалі. Каня свайго не было, даводзілася наймаць і за гэта адрабляць.

Маці радавалася кемлівасці і стараннасці адзінага сына. Усёй сям’ёй рупіліся, рук не пакладаючы, каб быць са сваім хлебам. Наймаліся ў заробкі да заможных гаспадароў, на працу да мясцовага пана Вайніловіча. Падлеткам пасвіў Змітрок сялянскую жывёлу. З восені хадзіў у суседнюю вёску Лазавічы за граматай. Дзеці з чатырох навакольных вёсак вучыліся ў драўлянай пачатковай польскай школе. Навуку Змітрок добра засвойваў і паспяхова закончыў чатыры класы. Яго захаплялі традыцыі і звычаі роднага краю, багатага на спевы і музыку.

Асабліва зачароўвалі вяскоўца дзівосныя гукі скрыпкі. На вяселлях ці якіх іншых гулянках абавязкова гучаў яе тужлівы голас. Ад музыкаў даведаўся, дзе можна набыць гэты чароўны інструмент. Сабраў грошы і здзейсніў запаветную мару. Самастойна асвойваў скрыпку і дабіўся свайго: навучыўся смыкам выводзіць шчымлівыя мелодыі. Без музычнай граматы, але маючы абсалютны слых, адточваў гукі. Маладога скрыпача сталі запрашаць на маладзёжныя вясковыя вечарынкі, потым з суседніх вёсак пайшлі прапановы іграць на вяселлях ці радзінах. І да мясцовага пана Вайніловіча дайшлі чуткі пра талент макранскага сіраты Змітрака Бродкі, але іграць у маёнтку яму так і не давялося. Іх ціхую вёсачку Макраны амаль дваццаць гадоў падзяляла дзяржаўная мяжа. Падворак Бродкаў апынуўся на тэрыторыі панскай Польшчы, а многія сваякі засталіся на другой палове вёскі, дзе была савецкая ўлада. Глыбокая канава перасекла паселішча на дзве часткі. Толькі пасля верасня 1939 года вёска зноў стала адзінай. Апусцеў панскі маёнтак. Сяляне віталі вызваленчы прыход Чырвонай Арміі.

— У той дзень, як праз мяжу прыйшлі чырвонаармейцы, мы на полі капалі бульбу, — узгадвае ветэран вайны і працы Дзмітрый Яўхімавіч Бродка. — Нашы сваякі з усходняй часткі Макран да нас прыбеглі, абдымаліся і плакалі. Столькі гадоў не бачыліся, хаця жылі праз канаву. Савецкая ўлада ўвяла абавязковыя падаткі на малако, мяса, воўну. Для нас гэта было вялікім здзіўленнем, бо пан Вайніловіч так нас не абкладаў.

— На заходнебеларускіх землях пачыналася калектывізацыя. Як яна праводзілася ў вас?

— Сялянскія сем’і заходняй часткі Макран, што былі пад панскай Польшчай, мелі свае надзелы зямлі. Праз месяц пасля аб’яднання з Усходняй Беларуссю ў панскім маёнтку Вайніловіча стварылі калгас «Чырвоны сцяг», які ўзначаліў бядняк Сільвестр Акула. Брыгадзірам прызначылі Прохара Коршуна. Першымі калгаснікамі сталі бедныя сем’і. Больш заможныя сяляне ўсяляк устрымліваліся ад уступлення ў калгас. Толькі год пратрымаўся калгас, і грымнула вайна. Суседнюю вёску Філіпавічы запаланілі акупанты. На матацыклах уварваліся яны і ў нашы Макраны. На палях спелі збожжавыя, кветкамі красавалі радкі бульбы. 

Байцы Севастопальскага зенітнага артылерыйскага дывізіёна Першага Украінскага фронту Дзмітрый БРОДКА і Міхаіл МІКУЛІЧ (1944 год).
Байцы Севастопальскага зенітнага артылерыйскага дывізіёна Першага Украінскага фронту Дзмітрый БРОДКА і Міхаіл МІКУЛІЧ (1944 год).

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі многія вяскоўцы падаліся ў лясныя гушчары, дзе пачынаўся партызанскі рух. Людзі былі разгублены. Набліжалася жніво. На сваёй палосцы я з маці і сёстрамі Палашкай, Адаркай, Зоняй, Марыяй і Кацярынай убралі і абмалацілі жыта. Хавалі ад ворагаў збажыну, каб было чым вясною поле засеяць. Варожыя салдаты сноўдалі па дварах і забіралі жывёлу, харчы. А ноччу наведваліся за адзеннем і харчаваннем партызаны. Нялёгка было перажыць гэты час. Кароў запрагалі ў плуг, бо коней не было. Часамі і самі ўпрагаліся.

Пасля вызвалення нашай мясцовасці ад захопнікаў пачалася мабілізацыя маладых на фронт. Была ўжо глыбокая восень 1944 года. Перад уходам на вайну сваю скрыпку я акуратна загарнуў і папрасіў родных захоўваць да майго вяртання. Разам з вясковымі равеснікамі пешшу праз вёскі крочылі ў Клецкі ваенкамат, адкуль арганізавана нас адправілі з іншымі прызыўнікамі ў Стоўбцы, дзе фарміравалася папаўненне для фронту.

Разам з вясковымі сябрамі Міхасём Мікулічам і Юзікам Акулам трапіў на зборны пункт Булькава, што непадалёку ад Брэста, дзе размяшчаўся 45-ы запасны полк. Так сталася, што ўсіх нас накіравалі на Першы Украінскі фронт, у 30-ы асобны Севастопальскі зенітны артылерыйскі дывізіён. Прайшлі кароткатэрміновыя курсы зенітчыкаў і на перадавой усе апынуліся побач. Непадалёку ад мяне ў зенітных разліках змагаліся землякі Міхась Мікуліч і Юзік Акула. У складзе гэтага артылерыйскага дывізіёна прайшлі франтавымі дарогамі праз Польшчу і Германію.

— Дзмітрый Яўхімавіч, ці часта даводзілася вам на баявых рубяжах бачыцца з землякамі?

— Мы падтрымлівалі паміж сабою сувязь, цікавіліся адзін у аднаго, што пішуць з дому родныя. Пасля кожнага бою хваляваліся, ці ўсе засталіся ў жывых. Навокал страт было шмат. Вораг, адступаючы, азвярэла супраціўляўся. Асабліва складана давялося фарсіраваць паўнаводную Віслу перад вызваленнем польскай сталіцы.

— Як сведчыць гісторыя, амаль за паўгода да вызвалення Варшавы ад фашысцкіх захопнікаў на ўсходнім беразе ракі ў сталічным раёне Прага ўспыхнула паўстанне. Фашысты сцягнулі да горада 5 танкавых дывізій (у тым ліку дывізіі СС). Савецкім войскам давялося нават абараняцца. У сярэдзіне верасня ўсё ж наша армія авалодала варшаўскім раёнам Прага. Якой вам запомнілася вызваленая польская сталіца?

— Поўнасцю авалодаць горадам нашым войскам удалося толькі ў студзені 1945 года. Мы ўвайшлі ў пустую знішчаную Варшаву, дзе замест жылых кварталаў віднеліся груды камянёў і бруду.

 Пасля Варшавы наш шлях ляжаў далей на захад. Вызваленне кожнага польскага горада ці вёскі давалася нялёгка. Цешыла тое, што крок за крокам мы ачышчалі Еўропу ад фашызму, і людзі нам былі за гэта ўдзячны.

— Сваіх баявых сяброў памятаеце?

— Столькі разам перажыта, перанесена, што ўсё гэта забыць немагчыма. У разліку 85-міліметровай пушкі, дзе я быў заражаючым, плячо ў плячо змагаліся з ворагам камандзір сяржант Грышын, які родам з Украіны, наводчык радавы масквіч Міхайлаў, арудыйны нумар грузін Капіяні і я — беларус. Такая цікавая каманда. Франтавое жыццё нас моцна згуртавала.

Хуткімі тэмпамі падышлі да стратэгічна важнага горада Познань. Праціўнік усяляк супраціўляўся. Зенітнай пушкай мы ў асноўным білі па варожых самалётах, а часам палілі і па танках. Такіх залпаў страшэнна баяліся нямецкія танкісты, таму што артылерысцкія снарады наскрозь прабівалі браніраваную абшыўку і выводзілі са строю варожыя «тыгры».

— Ад зладжаных дзеянняў каманды залежаў поспех. Ці частымі былі ўдачы?

— Усяляк выпадала, але імкнуліся не прамахвацца. З кожным боем набываўся вопыт. У баталіях пад Познанню нямецкі самалёт наважыўся бамбіць нашы пярэднія рубяжы. Мы імгненна сарыентаваліся і артылерыйскім снарадам збілі варожы бамбардзіроўшчык. Атака нашых воінаў была паспяховай. Мы радаваліся гэтаму. Камандаванне адзначыла артылерыйскае падраздзяленне за ўдалую аперацыю. Увесь наш разлік атрымаў падзяку камандуючага Першым Украінскім фронтам маршала Савецкага Саюза Івана Сямёнавіча Конева. Гэту падзяку, падпісаную рукой легендарнага палкаводца, як і іншыя свае франтавыя дакументы, шаноўна захоўваю. Яны для мяне дарагія і важныя.

— Дамоў у пісьмах паведамлялі пра баявыя поспехі?

— Ведаў, што маці, сёстры і сваякі за мяне хвалююцца, таму пісаў ім, як толькі выпадала магчымасць. Не толькі пра сябе, а і пра сваіх землякоў Юзіка і Міхаіла расказваў і дзяліўся ўражаннямі пра справы на фронце. Раней мне нідзе, акрамя Клецка, не даводзілася бываць. Амаль усю Польшчу прайшоў пешшу. Пры фарсіраванні ракі Одэр каля горада Кюстрын ішлі жорсткія баі. Шмат савецкіх сапёраў і танкістаў палегла. Вораг да апошняга стрымліваў адступленне. Але нашы войскі з усіх бакоў набліжаліся да Берліна. Усё навокал зелянела, прырода ажывала. Сярод разбітых бамбёжкай камяніц шчымілі сэрца квітнеючыя сады.

Сонечным майскім днём камандзір дывізіёна маёр Санкін паведаміў, што вайна закончылася, фашысцкае камандаванне капітуліравала і над рэйхстагам лунае пераможны савецкі сцяг. Адразу абагрэла думка, як дома сваякі радуюцца гэтаму. Мы абдымаліся, віншавалі адзін аднаго з доўгачаканай падзеяй. Усе баявыя разлікі салютавалі ў неба трохразовымі залпамі. У абед нам выдалі франтавыя сто грам.

— Вайна закончылася. Эшалоны пераможцаў ішлі дамоў. Ваш далейшы шлях як склаўся?

— Пасля абвяшчэння перамогі мне яшчэ і дваццаці гадоў не споўнілася. Хаця па дакументах лічуся на два гады старэйшым. Так некалі бацькі запісалі і засталося на ўсё жыццё. З Германіі наш прызыў накіравалі ў Аўстрыю, дзе яшчэ было неспакойна. Наводзілі парадак і ў вызваленай Чэхаславакіі.

Дамоў усе трое мы вярнуліся толькі праз два гады пасля заканчэння вайны. Нас сустрэла паўразбураная родная вёска Макраны, у якой толькі аднаўляўся даваенны калгас «Чырвоны сцяг». Бацькоўская хата згарэла. Мяне прыняла ў свой дом старэйшая сястра. Сваякам прывёз трафейныя падарункі. Ляжаў у маім салдацкім рукзаку і прыгожы касцюм, які давялося прадаць, каб купіць хлеў, з якога сябры дапамаглі збудаваць хаціну, дзе мы пачыналі сямейнае жыццё з васемнаццацігадовай мясцовай прыгажуняй Юляй. На вясковай вечарынцы прыкмеціў яе. На некалькі танцаў запрасіў і дамоў правёў. Давялося пастарацца, каб адсталі ад яе іншыя кавалеры. Доўга не марудзіў і ўвосень прапанаваў руку і сэрца.

— Вяселле ладзілі?

— Гаспадарлівы цесць Васіль Коршун настаяў на вяселлі для дачкі, і мае сваякі падсабілі. Цялушачку і кабанчыка зарэзалі. Жытнёвай гарэлкі назапасілі. Час быў асенні, багаты на гародніну і садавіну. Было чым гасцей частаваць. Сваіх баявых сяброў Міхася Мікуліча і Юзіка Акулу запрасіў. Мясцовых музыкаў нанялі і гулялі. І я на скрыпцы для гасцей іграў.

— Не забыліся, як трымаць смык?

— Калі ёсць жаданне валодаць інструментам, то гэта назаўсёды. Некалі паступова асвоіў скрыпку. І пасля жаніцьбы, калі па прапанове старшыні калгаса Мікалая Ільіча Бродкі я ўзначальваў макранскую брыгаду, а потым і працуючы ў Заастравецкім лясніцтве Клецкага лясгаса, знаходзіў час для музыкі. Жонка Юлія Васільеўна, з якой мы ў пары сёмы дзясятак, і нашы дзеці — усе любілі слухаць, як іграю.

Падрасталі два сыны і дачка. Да нас у дом прыходзілі з усіх навакольных вёсак людзі, каб справіць абноўкі. На ўсю акругу лепшай швачкі не было, як мая жонка. Яна разам з іншымі сялянкамі паспявала і на калгаснае поле, і са сваёй гаспадаркай упраўлялася, і каля швейнай машыны да позняй ночы майстравала. Дзяцей вывучылі, унукам дапамагалі на ногі станавіцца. Іх у нас пяцёра і дзевяць праўнукаў.

— А як трапілі з клецкіх Макран у прысталічную вёску Ляскоўка?

— Так сталася, што дзеці нам прапанавалі бліжэй да іх перабрацца, і адважыліся на пераезд. Калі мы будавалі свой дом у Ляскоўцы, навокал была пустэча. Цяпер горад ушчыльную акружае вёску. Амаль два дзесяцігоддзі адпрацаваў у вучгасе «Бараўляны», адкуль і пайшоў на пенсію.

Не прывык без справы сядзець Дзмітрый Яўхімавіч Бродка. Узначаліў Бараўлянскую ветэранскую арганізацыю. Працуе ў цесным кантакце са старшынёй Бараўлянскага сельсавета Аляксандрам Пятровічам Савончыкам, чалавекам шчырым і добразычлівым.

Былы зенітчык любіць частаваць гасцей духмяным мёдам са свайго пчальніка. Дзеці, унукі і праўнукі дапамагаюць падтрымліваць парадак ва ўтульным доме Дзмітрыя Яўхімавіча і Юліі Васільеўны Бродкаў. Асабліва любіць бываць тут адзінаццацігадовы праўнук Данілка, які стаў кадзетам Бараўлянскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. Кожная сустрэча з прадзядуляй — жывы ўрок гісторыі для юнага кадзета.

Мінскі раён

Уладзімір  СУБАТ

Фота з архіва Д. Я. БРОДКІ  і  аўтара


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter