Выставачны праект «Зачараванне» фотамастачкi Гудзіеўскай прадстаўлены ў Нацыянальным гістарычным музеі

Пушча. Лён. Прыгажуні

Выставачны праект «Зачараванне» вядомай фотамастачкі Ірэны Гудзіеўскай і агенцтва мадэляў «Студыя Тамара» прадстаўлены ў Нацыянальным гістарычным музеі.


Фотавыстава складаецца з васьмідзесяці работ і фарміравалася на працягу пяці гадоў. Як расказала ўладальніца мадэльнага агенцтва Тамара Ганчарова, калі пачыналі працаваць, не думалі, што гэта будзе асобны праект. Проста прыязджалі да Ірэны на хутар і тварылі: фатаграфавалі, акуналіся ў вясковы побыт, любаваліся прыродай, дыхалі гэтай чароўнай прыгажосцю. Для фотасесій бралі пачынаючых мадэляў агенцтва, маладзенькіх, нявопытных, якім патрэбна была практыка. «І я заўважыла, — гаворыць Тамара, — як у ходзе здымак мяняюцца гэтыя дзяўчаты. Дзякуючы майстэрству і таленту Ірэны адбываўся сапраўдны цуд — яны бы ператвараліся ў німф лесу, пушчы».

У здымках прынялі ўдзел каля сарака мадэляў. Акрамя хутара на Міншчыне, фотасесіі праходзілі ў Белавежскай і Налібоцкай пушчах. Але гэта выстаўка не проста пра дзяўчат і пра прыроду, гаворыць Ірэна. Праект звяртае ўвагу на тры сімвалы нашай краіны: лён, пушчы, прыгажуні. Дарэчы, у планах фотамастачкі – пленэры на балотах і ўвасабленне гэтага нашага знакамітага сімвала.

Надрукаваныя на палатне здымкі насычаны колерам і цікавымі вобразамі, кожны мае свой настрой і расказвае сваю гісторыю. Гледзячы на іх, сапраўды адчуваеш дзівоснае яднанне натуральнага зачаравання, вытанчанасці дзяўчат і адвечнай прыгажосці і велічы нашай прыроды.

— Сёння людзі ўжо нацешыліся фотаздымкамі, дзе пасля апрацоўкі сціраюцца індывідуальныя рысы, а канчатковы вынік выглядае пластыкавым і нерэальным, – гаворыць Ірэна. – У тварах нашых дзяўчат прагледжваюцца нашы карані. Кожная з іх надзіва арганічна ўпісвалася ў тыя ж пушчанскія пейзажы. Чалавеку камфортна, калі ён ля сваіх каранёў, калі ён любіць тое месца, дзе нарадзіўся і жыве. Мы хацелі гэтую праўду данесці свету і ў тым ліку самім сабе, паказаць – хто мы, якія мы, якая неверагодна прыгожая, багатая традыцыямі, культурай наша краіна.

Фотавыставу «Пушча. Лён. Пры­гажуні» арт-праекта «Зачараванне» плануюць паказаць у многіх гарадах краіны і за мяжой. У Мінску яе можна ўбачыць да 13 верасня.

svirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter