Пункт адліку

Год яшчэ не паспеў распачацца, як з розных бакоў пасыпаліся гучныя заявы і пачуліся несуцяшальныя прагнозы: у 2018-м можа адбыцца самы кепскі гуманітарны крызіс з часоў завяршэння Другой сусветнай вайны, паведаміла дзяржсакратар Вялікабрытаніі па міжнародным развіцці Пені Мардаўнт. Сапраўды, з-за драматычных падзей у Емене, Нігерыі, Самалі і Паўднёвым Судане летась ААН на сусветным узроўні прызнала пачатак крызісу. І, гледзячы на існуючую сітуацыю, ён будзе ўзрастаць.

У навагоднім пасланні Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша таксама гучыць папярэджанне, што міжнародная супольнасць “зрабіла крок назад”. Ён нагадвае аб галоўных пагрозах для чалавецтва: глабальнай небяспецы міру з-за магчымага прымянення ядзернай зброі ў міждзяржаўных канфліктах, рэзкім змяненні клімату, росце няроўнасці, нацыяналізму і ксенафобіі, беспрэцэдэнтных парушэннях правоў чалавека.

Будзем спадзявацца, што ўсё згаданае толькі гіпатэтычныя прагнозы. І хаця пра сусветныя праблемы прагучала з самых высокіх трыбун, хутчэй за ўсё, да горшага сцэнарыя справа не дойдзе. 

Трымаем курс!

Читайте также

Новы віток у развіцці ЕАЭС ажыццявілі яго краіны-удзельніцы. Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан і Кыргызстан даволі істотна ўдасканалілі міждзяржаўнае заканадаўства: з 1 студзеня ўвайшоў у сілу новы Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза. Новая рэдакцыя дакумента, які дзейнічаў у саюзе з 2010 года, распрацавана з улікам укаранення ў жыццё найноўшых электронных тэхналогій. Ён уключае ў сябе шмат новых падыходаў для вырашэння праблем правапрымяняльнай практыкі.

Найважнейшыя рашэнні прыняты ў нашай краіне: Прэзідэнт падпісаў Указ “Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2018 год”. Асноўныя мэты, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы ў дакуменце, грунтуюцца на прыярытэтах праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады. Гэта, найперш, павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі, забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага росту і стварэнне дадатковых умоў для яго паскарэння ў наступныя гады. 

Указ уключае шэраг ключавых параметраў, па якіх будзе ацэньвацца эфектыўнасць работы Урада і Нацбанка. Прагназуецца: рост ВУП на ўзроўні 3,5 працэнта, экспарт тавараў і паслуг павінен узрасці на 5,7 працэнта. Даручана таксама забяспечыць неабходныя меры па абмежаванні росту цэн у 2018-м не больш чым на 6 працэнтаў.

Паводле меркавання Прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, сёлета эканоміка Беларусі павінна паказаць далейшы рост.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter