Пульс жыцця

ГЭТАЯ адметная ў культурным жыцці рэгіёна падзея адбылася ў абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна: у буйнейшым на Міншчыне храме кнігі былі падведзены вынікі літаратурнага конкурсу, які праводзіцца сярод пісьменнікаў сталічнай вобласці раз у два гады.

Міншчына ўрачыста ўшанавала сваіх літаратараў.

ГЭТАЯ адметная ў культурным жыцці рэгіёна падзея адбылася ў абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна: у буйнейшым на Міншчыне храме кнігі былі падведзены вынікі літаратурнага конкурсу, які праводзіцца сярод пісьменнікаў сталічнай вобласці раз у два гады.

У мерапрыемстве прымалі ўдзел члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, прадстаўнікі мясцовых аматарскіх літаратурных суполак і проста аматары літаратуры. З прывітаннем да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Шчэцька, які адначасова з’яўляецца старшынёй конкурснай камісіі. Ён адзначыў, што сталічная вобласць паступова імкнецца не толькі да развіцця прамысловасці і росту эканамічнага патэнцыялу, але мае поспехі і ў сацыяльнай сферы, аб чым сведчаць у тым ліку і творчыя дасягненні літаратараў Міншчыны. У сваю чаргу выконваючы абавязкі кіраўніка абласной пісьменніцкай арганізацыі Анатоль Смалянка выказаў словы падзякі ў адрас выканаўчай улады, якая заўсёды падтрымлівае пісьменнікаў у іх літаратурных намаганнях, трымае руку на пульсе творчых працэсаў, якія адбываюцца ў розных кутках сталічнага рэгіёна. Выразным адлюстраваннем гэтага ён назваў і падвядзенне вынікаў конкурсу.

Затым адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў, якое правёў намеснік старшыні аблвыканкама. Лаўрэатамі сталі: у намінацыі “Проза” — прэмія імя Кандрата Крапівы — мінчане Наталля Голубева за гістарычны раман “На раздарожжы дзвюх дарог” і Зіновій Прыгодзіч — за дакументальную аповесць “Шлях поўнага месяца”; у намінацыі “Паэзія” — прэмія імя Максіма Багдановіча — Валянціна Гіруць-Русакевіч з Валожына за зборнік вершаў “Мовай сэрца” і мінчанін Уладзімір Ласенка — за зборнік вершаў “Адкрыта кажучы”. Генадзь Аўласенка (Чэрвень) за кнігу казак “Дзіўныя прыгоды маленькага ветрыка з вентылятара” і Вольга Савасцюк (Мар’іна Горка) за зборнік вершаў, казак і апавяданняў “Палахлівы матылёк” сталі лаўрэатамі ў намінацыі “Дзіцячая і юнацкая літаратура”, прэмію імя Паўлюка Труса за дасягненні ў літаратуразнаўстве атрымалі пісьменнікі Дзмітрый Вінаградаў з Узды і Барыс Даўгатовіч з Мінска.    

Пасля афіцыйнай часткі і святочнага віншавання лаўрэатаў адбылася творчая сустрэча пісьменнікаў з аматарамі мастацкага слова, на якой усе жадаючыя дэкламавалі ўрыўкі са сваіх твораў.

Леанід КРЫВАНОС, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter