Атрымаць асалоду ад спектакляў тэатра Беларускай Арміі гамяльчанам не перашкодзілі нават моцныя дажджы

Публічны абмен

Атрымаць асалоду ад спектакляў тэатра Беларускай Арміі гамяльчанам не перашкодзілі нават моцныя дажджы.


Андрэй Мілюхін
Тэатр Беларускай Арміі ў рамках абменных гастроляў прадставіў на сцэнах Гомельскага абласнога драматычнага тэатра і гарадскога Цэнтра культуры два свае спектаклі. У музычнай камедыі “Сабака на сене” па п’есе Лопэ дэ Вегі ў інсцэніроўцы Аляксея Дударава прадстала ўся “геаметрыя” любоўнага трыкутніка графіні Дыяны (Аліса Аўчыннік), яе сакратара Тэадора (Андрэй Мілюхін) і служанкі Марсэлы (Алена Шкуратава). У пастаноўцы шмат гумару, выдатныя дарагія касцюмы, арыгінальная сцэнаграфія Барыса Герлавана, амаль іспанская музыка Уладзіміра Кандрусевіча — усё гэта і ўдалыя пастановачныя рашэнні Марыны Дударавай знайшлі жывы водгук у глядзельнай зале.

У другі вечар была паказана трагікамедыя “Чума на абодва вашы дамы” па п’есе Рыгора Горына. Спектакль яркі, музычна-танцавальны, маладзёжны, арыгінальны і зусім свежы — яго прэм’ера адбылася вясной гэтага года. Рэжысёр-пастаноўшчык Вячаслаў Паўлюць і мастак спектакля Вольга Шчарбінская вырашылі паказаць працяг варожасці двух італьянскіх сямейных кланаў Мантэкі і Капулеці пасля смерці Рамэа і Джульеты як змаганне дзвюх каманд на гульнявым полі, у якое ператварылася сцэна. Гімн сапраўднаму, хай і зноў трагічнаму, каханню выклікаў шчырыя апладысменты.

Андрэй Мілюхін, які выконваў ролі галоўных герояў у абодвух спектаклях, стаў сапраўдным улюбёнцам гомельскіх гледачоў. Ён адзначыў, што і горад над Сожам, і цёплы прыём гомельскай публікі назаўжды застануцца ў яго сэрцы. І што мінскі тэатр з нецярпеннем чакае гамяльчан на сваёй сцэне. Але ж доўга чакаць не прыйшлося — 14—15 кастрычніка ў Мінску ў рамках абменных гастроляў Гомельскі абласны драматычны тэатр пакажа на сцэне Дома афіцэраў свае спектаклі: камедыю Рафі Шарта “Маю жонку завуць Морыс” і любоўнае падарожжа ў часе Б.Слэйда “Там жа, тады ж”. Пажадаем гомельскай трупе такога ж поспеху ў мінскіх гледачоў, а дружбе двух тэатраў — далейшага плённага працягу.

Алена ПАРФІЯНОВІЧ

infong@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter