Каб зберагчы старажытнае рамяство, народная майстрыха вучыць моладзь у школе ткацтва

Птушкі шчасця Станіславы Міхна

Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, народны майстар Станіслава Міхна з аграгарадка Пагародна Воранаўскага раёна жыве цікава і весела: тчэ на кроснах, спявае, удзельнічае ў шматлікіх фэстах, зберагае і перадае аўтэнтычнае мастацтва новаму пакаленню.

Фота Алега Бельскага

За сваё жыццё 85-гадовая Станіслава Вікенцьеўна выткала больш за сорак дываноў і каля паўсотні ручнікоў. На адных дыванах — геаметрычныя выявы птушак шчасця і жывёлін, на другіх — раслінна-кветкавыя кампазіцыі ды васьміканцовыя разеткі-зоркі. Такі арнамент характэрны для мясцовай тэхнікі падвойнага ткацтва. Дарэчы, дываны, дзе вытканыя радкі чарадуюцца вясёлкавымі колерамі, Станіслава Вікенцьеўна называе “перабіранкі”, а дываны з кампазіцыямі — “выбіранкі”.

— Я нарадзілася ў вёсцы Канюхі, была старэйшай дачкой, — расказвае народны майстар. — Акрамя мяне, у сям’і гадавалася яшчэ чацвёра дзяцей. Бацькі працавалі наймітамі ў заможных гаспадароў. З малых гадоў я была галоўнай памочніцай матулі ў хатніх справах, ведала вясковую працу. Летам працавала ў полі, а зімой разам з матуляй і бабуляй займалася ткацтвам. З пятнаццаці гадоў пачала ткаць самастойна, нават хадзіла ткаць па іншых вёсках, каб зарабіць грошы для сям’і. Зімовымі вечарамі збіраліся на вячоркі — спявалі любімыя песні, ткалі, пралі, вышывалі. У такой атмасферы атрымліваліся асабліва прыгожыя рэчы.

...Не песціла жыццё нашу гераіню. Шчыравала ў калгасе даяркай, паляводам. У 29 гадоў засталася ўдавой з двума дзеткамі на руках. Тады, кажа, навыкі ткацкага рамяства асабліва спатрэбіліся — дапамаглі выжыць. У творчасць укладвала ўсе свае пачуцці: роспач, боль, радасць. Дываны атрымліваліся вельмі розныя і неверагодна прыгожыя.

Станіслава Вікенцьеўна шкадуе, што ткацкае рамяство амаль забыта:

— Некалькі пакаленняў гэтым не цікавіліся. Я хачу, каб не парвалася нітачка, што звязвае нас з продкамі.

Па ініцыятыве ткачыхі і пад яе кіраўніцтвам з ліпеня 2012 года на базе філіяла “Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці” працуе творчая майстэрня “Школа ткацтва”. Станіслава Вікенцьеўна вучыць сваіх гадаванцаў тэхніцы ткацтва, яны разам прыдумваюць узоры, адраджаюць старажытныя тэхналогіі.

Майстрыха ўдзельнічае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх фестывалях ды семінарах па адраджэнні і зберажэнні мясцовых традыцый і звычаяў, праводзіць майстар-класы. За захаванне і перадачу народных традыцый узнагароджана ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі Воранаўскага райвыканкама. Станіслава Міхна атрымала пажыццёвы статус народнага майстра Беларусі. Яе шчыра віншавалі прадстаўнікі ўлады, аднавяскоўцы, сяброўкі-пяюхі з фальклорнага калектыву “Крыніца”, дзе яна таксама спявае, і вучні, якім яна перадае сакрэты свайго майстэрства.

— Мы разумеем, якую важную справу робіць наша зямлячка, і спрыяем ёй у гэтым, — гаворыць дырэктар Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Камінская. — Наша галоўная задача — зберагчы спадчыну майстра ткацтва, перадаць яе нашчадкам. Каб яны ведалі старажытныя беларускія рамёствы і былі моцныя сваімі каранямі.

Ала Бібікава

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter