В птичьих домиках, подаренных жителями Могилева новому парку в Подниколье, селятся скворцы, сойки и зяблики

Птушкі і гнёзды

Трыста метраў унiз па прыгожай лесвiцы — i мiтусня цэнтральных вулiц дзесьцi ззаду. У парку Паднiколле ў Магiлёве, якому ўжо шэсць гадоў, цяпер вясна. Няхай газоны яшчэ не набралi зелянiны, на галiнках дрэў не прабiлася лiсце i клумбы працягваюць спаць, красавiк усё роўна бярэ сваё.

Гадзiннiк для шпакоў.

Прыгажосць сваiмi рукамi

Птушыны шчэбет абяцае: вось-вось градус падымецца яшчэ вышэй i гараджане зноў будуць масава гуляць па алеях, практыкавацца на спортпляцоўцы i адпачываць на лаўках. Дарэчы, многiя з iх прыходзяць сюды не толькi для таго, каб правесцi час, але i ўнесцi сваю лепту ў тое, каб у Паднiколлi стала яшчэ прыгажэй i ўтульней. Тысячы высаджаных дрэў i кустоў — справа iх рук. Прапанова падарыць парку аўтарскiя шпакоўнi таксама знайшла водгук у неабыякавых сэрцах. Першыя пяцьдзясят домiкаў для птушак, зробленыя рукамi дзяцей i дарослых, з'явiлiся тут мiнулай вясной. А ў цяперашнiм сезоне нават быў абвешчаны конкурс на лепшую шпакоўню.

— Ён яшчэ раз пацвердзiў: выдумкi i крэатыву землякам не займаць. Мала таго, у спаборнiцтва ўключылiся цэлымi сем'ямi i калектывамi, пры гэтым асаблiвую актыўнасць праявiлi школы i дзiцячыя садкi. I не толькi магiлёўскiя: да прыкладу, шпакоўню нам падарыла сям'я са Шклова. А вучнi з Вендаражскай СШ Магiлёўскага раёна, акрамя таго, правялi майстар-клас па вырабе птушыных домiкаў. У вынiку, — прызнаўся начальнiк участка «Парк Паднiколле» «Магiлёўзелянбуда» Юрый Макацарыя, — прыйшлося на хаду мяняць умовы конкурсу. I да адной намiнацыi дадаць другую, каб прызёраў стала больш!

Юрый МАКАЦАРЫЯ: «Спеў птушак трэба слухаць ранкам».

Цяпер на старых ясенях, вязах i таполях красуецца каля ста яркiх шпакоўняў — у выглядзе хатак Бабы-ягi, салдацкiх берцаў, Бурацiны. З гадзiннiкамi i лесвiчкамi, ганкамi i дзверцамi, балкончыкамi i агароджамi… Патэнцыяльныя гаспадары наваселля адкладваць не сталi. Прычым асвойваюць новыя «палацы» не толькi шпакi, але i сiнiцы, сойкi, берасцянкi, попаўзнi, вераб'i.

Планы на будучыню

Аўтарскiя домiкi майстравалi сем'ямi.
 — Птушкi жывуць па сваiм раскладзе. Ранiцай распяваюцца, днём ляцяць на палi, ну а блiжэй да вечара, зразумелая справа, дадому, — падзялiўся назiраннямi начальнiк участка.

I дадаў, што ў парку ёсць яшчэ i «качыная ферма». Крыжанкi аднойчы прыляцелi i засталіся тут назаўжды. Вясной качыныя сем'i прырастаюць вывадкамi новых птушанят, якiя шпацыруюць па шматлiкiх дарожках. Юрый Макацарыя расказаў, што гоман птушак не сцiхае ў Паднiколлi i зiмой: гараджане разам з супрацоўнiкамi парку вывешваюць кармушкi, каб падкармiць птушак. У мiнулым сезоне, скажам, тут «абедалi» сiнiцы, снегiры, дзятлы. Птушкам прыволле: парк пастаянна пашырае свае межы за кошт добраўпарадкавання блiжэйшых тэрыторый. Дарожкi i газоны распасцiраюцца ўжо практычна да самага Дняпра! Сярод задумак на будучыню — закладка плантацыi лекавых траў, адкрыццё новай кавярнi.

Магчыма, i нядаўна разбiты фруктовы сад таксама стане большы. Зараз тут набiраюць сiлу саджанцы яблынь, iгруш i слiў. Не выключана, што энтузiясты папоўняць гэты пералiк якiм-небудзь экзотам у нашых шыротах, напрыклад, тымi ж персiкамi. Калi верыць гiстарычным хронiкам, жыхары Пакроўскага пасада (а Паднiколле ў XVI—XVIII стагоддзях называлася менавiта так) калiсьцi здымалi нядрэнны ўраджай паўднёвай садавiны. Дык чаму б нашчадкам гэты вопыт не паўтарыць?..

Пераможцаў конкурсу выбiралi ў дзвюх намiнацыях.


Усяго ў Паднiколлi каля ста шпакоўняў.

Магiляўчане ахвотна адгукнулiся на прапанову падарыць шпакоўню.

Фантазii майстрам не займаць.

markova@sb.by.

Фота аўтара i Алены МАКАЦАРЫI
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter