Арнітолагі адзначаюць ранні прылёт птушак да мясцін гнездавання

Птушкi i гнёзды

У гэтым годзе нашы арнітолагі адзначаюць вельмі ранні прылёт птушак да мясцін гнездавання. Прычына — цёплае надвор’е. Зрэшты, працэс працягваецца: пасля прабіўных, гатовых да барацьбы за лепшае месца пад сонцам самцоў, якія традыцыйна прылятаюць першымі, у чарзе на вяртанне — пяшчотныя панначкі…

Фота resimsitesi.com

Ёсць яшчэ мігранты — птушкі, якія пралятаюць праз тэрыторыю Беларусі транзітам. Гнездавацца яны будуць недзе далей на поўнач ці ўсход, а ў нас адпачываюць, сілкуюцца. Назіранне за птушкамі-«гастралёрамі» ў гэтым годзе выявіла нямала цікавага.

— Пад Смалявічамі ўгледзелі чырвонаваллёвую казарку, прычым ужо другую ў гэтым годзе, — дзеліцца радасцю дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі. — Прадстаўнікі гэтага вельмі рэдкага віду гусей у сваіх штовясновых падарожжах з Балкан, дзе зімуюць, на Таймыр, дзе гняздуюцца, традыцыйна абмінаюць нашу краiну. У Міжнароднай Чырвонай кнізе чырвонаваллёвай казарцы прысвоены статус віду, што знаходзіцца пад пагрозай поўнага знікнення. Для нас яе візіт — вялікі гонар, але і адказнасць не абы-якая.

Рэдкай птушцы трэба радавацца, як дарагому госцю. У свеце людзей рознага кшталту зоркам звычайна забяспечваюць надзейную ахову. Чым птушка горш? Дарэчы, сустрэлі спецыялiсты ў гэтым годзе яшчэ аднаго вельмі рэдкага госця — казарку белашчокую: не пабаялася нават вялікага горада, заляцела ў Мінск, у Лошыцкі парк…

Аляксандр ВІНЧЭЎСКІ.
Фота ptushki.org


— Нам бы перагледзець сваё стаўленне да веснавога палявання, — гаворыць Аляксандр Яўгенавіч. — Вельмі рызыкоўная гэта справа. Дый увогуле неканструктыўная. З восеньскім сезонам палявання на птушку яшчэ неяк можна было б змірыцца, але з веснавым, калі наперадзе гнездаванне…

Цікава, што гусі — адзін з галоўных пералётных аб’ектаў палявання ў нашых мясцінах — ствараюць пару на ўсё жыццё. І калі загіне адзін з пары, другі, перш чым шукаць сямейнае шчасце паўторна, вяртаецца да бацькоў, дзе знаходзіць суцяшэнне. Колькі птушак у выніку палявання — а гусi жывуць да 40 гадоў — змушана выпадаюць з рэпрадукцыйнага цыкла!

— У гэтым сэнсе паляўнічым лепш было б пакінуць стрэльбы і ўзяць у рукі фотакамеры — колькі было б карысці! Яны ведаюць прыроду, адметнасці паводзін жывёл часам лепш за натуралістаў-біёлагаў, — адзначае Аляксандр Вінчэўскі. — Тым больш што традыцыйнае паляванне — гэта своеасаблівы анахранізм, яно не вырашае пытанне выжывання чалавека, сёння гэта выключна забаўка.

Адкрыць хараство прыроды не позна ніколі: яна заўсёды побач, чакае чалавека. Зразумела, што будучыня за рознымі формамі экалагічнага турызму, у тым ліку за бёрдвотчынгам — заходнія аматары птушак гатовы плаціць вялікія грошы за магчымасць проста назіраць. Будучыня таксама за анлайн-трансляцыямі прама з гнёздаў. Пашыраецца справа і ў нас, аднак пакуль што ўсё гэта нібы тая адна ластаўка, якая, паводле вядомай прымаўкі, вясны не робіць.

Дарэчы, «робяць» нам вясну далёка не ластаўкі: іх яшчэ трэба пачакаць. Першым у нашым краі нясе вестку пра сканчэнне зімы палявы жаўрук. Напрыканцы бягучага месяца, са з’яўленнем лістоты на дрэвах, будзем сустракаць зязюлю, валасянку, салаўя, а напачатку мая — авяльгу і свіргуля. Словам, вясною што ні дзень — падзея. А анлайн-трансляцыя — непасрэдна за акном.

Віталь ЯФІМЕНКА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter