Карэспандэнт «Сельская газеты» сустракала вясну разам з жыхарамі аграгарадка Беняконі

Птушкі для Юзэфаў і Юзэф

МНОГА дзе яшчэ марозна, а на Воранаўшчыну за- вітала сапраў- дная вясна. У аграгарадку Беняконі адсвяткавалі дзень святога Юзэфа, ці, як кажуць у народзе, “Птушынае вяселле”. Жыхары не толькі даведаліся пра традыцыі гэтага дня, але і добра адпачылі.

Разам з мясцовымі дзяўчатамі гасцей сустракаюць вядучыя Святлана КАРКЛІНЕЎСКАЯ (справа) і Паліна СІНКЕВІЧ

ПА дарозе да аграгарадка дырэктар Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Камінская знаёміць с вытокамі мясцовага абраду:

— Святы Юзэф быў апекуном Ісуса Хрыста, меў сталярную майстэрню, і вучыў Яго працаваць з дрэвам, таму 19 сакавіка трэба абавязкова рыхтаваць падарункі з дрэва для родных. А яшчэ святога лічаць абаронцам сям’і — дазваляецца ў гэты дзень не пасціцца і браць шлюб у касцёле. Другая назва свята — “Птушынае вяселле” — пайшла ўжо з народнага: раней у гэты час усе птушкі вярталіся з цёплых краёў і пачыналі будаваць гнёзды.

Каля Беняконскага цэнтра культуры і вольнага часу ўсё нагадвае пра гулянні. На галінках дрэў і кустоў сядзяць рознакаляровыя птушкі з паперы, а майстры і рамеснікі з усяго Воранаўскага раёна і нават з некаторых суседніх разварочваюць вырабы і стравы. Загадчык цэнтра Надзея Лісоўская завіхаецца на будучым кірмашы, дапамагаючы гасцям: “Да нас прыехалі з Гродна, Ліды, Навагрудка, Мастоў, Шчучына. Завіталі і з суседніх аграгарадкоў і вёсак: гэта Тракелі, Больценікі, Пераганцы, Бастуны — сярод дамоў культуры праводзіўся конкурс на лепшую вясновую птушку. Святога Юзэфа адзначаем ужо другі год, традыцыі збіралі з аповедаў старых, а цяпер у вёсцы ўжо нават малыя ведаюць, што ў гэты дзень птушачкі жэняцца”.

Рыхтуюцца да свята і маладыя вядучыя — вучаніцы Беняконскай сярэдняй школы Святлана Карклінеўская і Паліна Сінкевіч. На іх вельмі адказная справа — распачаць гулянні. А пакуль можна і пагаманіць. “Дома дзень святога Юзэфа не адзначаем, але ходзім у касцёл усёй сям’ёй, рыхтуем вярбу. Народныя традыцыі паважаю, цікаўлюся. Ведаеце, колькі ў нас на Воранаўшчыне ўсяго адбывалася?”

ЗА падрыхтоўкай не заўважаем, як надыходзіць час святкаваць — да Цэнтра культуры сходзяцца беняконцы. Ля варот сустракаюць хлопцы і дзяўчаты з галінкамі вярбы — трэба паставіць у ваду, а на Вербную нядзелю пайсці з імі ў касцёл. “У гэты дзень гаспадыні рыхтавалі святочны стол, дзе галоўная страва — тушаная капуста з жабэркамі, пірагі і абавязкова печыва ў выглядзе птушачак. Для дзяцей у іх клалі капейкі”, — дзеляцца традыцыямі вядучыя. А яшчэ на святога Юзэфа дзяўчаты варожаць на свой лёс: апоўначы выходзяць на вуліцу, мыюць твар вадой з калодзежа, выціраюцца новым ільняным ручніком і ціхенька, каб ніхто не заўважыў, вяртаюцца дадому — нельга ні з кім размаўляць. Калі ранкам дзяўчына пабачыць на акне птушыную пару — будзе ў яе доўгі моцны і шчаслівы шлюб.

Загадчык Тракельскага сельскага Дома культуры Ніна Івашэвіч не толькі прывезла на свята сімвалічнага голуба міру, але ўжо падрыхтавалася да святкавання “Птушынага вяселля” з сям’ёй: “Ранкам сходзім у касцёл, возьмем вярбы, а пасля напяку для сваіх печыва ў выглядзе птушак і яшчэ чаго-небудзь смачнага прыгатую”. А жыхарка Беняконяў Вераніка Капуста жыве тут зусім мала, але пра традыцыі ўжо ведае: “Маю маці завуць Юзэфа, а свёкра Юзэф — у іх імяніны. На жаль, маці жыве далёка, яе віншуем толькі па тэлефоне, а свёкар — побач з намі, таму ходзім да яго ў госці. Дзеці пакуль малыя, не разумеюць, што гэта за свята, але цягнуць гуляць і весяліцца”.

Святлана ГАЛУЗА

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter