Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Найбуйнейшая прыродаахоўная арганізацыя ў Беларусі адзначае свой юбілей пад дэвізам: “20 гадоў барацьбы за жывую планету”

Птушкі дадому вяртаюцца

У пару года радасную, прыгожую, насычаную сонцам і святлом, калі птушкі вяртаюцца з выраю ў родныя гнёзды свае, адзначае 20-ы дзень нараджэння Рэспубліканскае таварыства “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). На яе рахунку сотні тысяч выратаваных птушак, дзясяткі тысяч даследаваных гектараў балотаў, лугоў і лясоў, якім часам вельмі патрэбна была разумная рэкультывацыя, аздараўленне. Цяпер ужо тысячы сябраў, прыхільнікаў і валанцёраў працуюць супольна дзеля важнай  мэты: зберажэння дзікай прыроды нашай краіны.

Птушкі становяцца бліжэй дзякуючы валанцёрам

З’явілася прыродаахоўнае таварыства (пад назвай “Ахова птушак Беларусі”) у красавіку 1998-га, калі злучыліся дзве раней створаныя арніталагічныя суполкі. З 2006-га ў назву АПБ увайшло адметнае слова: Бацькаўшчына. Сёння ўжо ёсць немалая сетка раённых і рэгіянальных суполак па краіне, да таго ж “Ахова птушак Бацькаўшчыны” — гэта нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі “Birdlife International”, што яднае суполкі з больш чым 120 краін.

Вяртлявая чаротаўка
Фота: СТЭФАН СЕЙФЕРТ
А вялікі рух, што цікава, пачаўся з маленькай вяртлявай чаротаўкі (варыянт назвы: вяртлявая чарацянка, па-лацінску: Acrocephalus paludicola) — пявучай пералётнай птушкі з сямейства чароткавых, жыхаркі асаковых балотаў. 25 гадоў таму лічылася, што ў Беларусі праз неабдуманае асушэнне балотаў зніклі многія віды птушак, у тым ліку й гэты “балотны верабей”. Аднак пасля выявілася, дзякуючы адмысловым даследаванням: якраз да нас прылятае для працягу роду 60 адсоткаў сусветнай папуляцыі вяртлявай чарацянкі! Так што сам Бог, як кажуць, загадаў зрабіць гэтую вельмі рэдкую, непрыкметную птушачку, якая назаўжды знікла ў многіх краінах, сімвалам і эмблемай АПБ. Дарэчы, у многіх замежных арнітолагаў і прыродаахоўнікаў Беларусь якраз і асацыюецца менавіта з ёй.

Новым этапам у біяграфіі АПБ стаў пачатак 2000-х. Традыцыйныя візуальныя метады й кальцаванне, дзякуючы якім вывучаўся свет птушак, дапоўнілі сучасныя тэхналогіі. Адсочваць перамяшчэнні птушак стала магчымым нават са спадарожнікаў. І шмат чаго аказвалася цалкам нечаканым. Сёння такіх птушыных гісторый у скарбонцы АПБ нямала: свае таямніцы прыадкрылі канюкі-зімнякі, поплаўныя луні, жураўлі, белалобыя гусі... Уразілі многіх, напрыклад, вынікі міжнароднага праекта з зязюляй: яе папуляцыі ў Заходняй Еўропе, аказваецца, за апошнія 25 гадоў скараціліся ўдвая. Зязюлі — далёкія мігранты: на зіму яны з Еўропы лятуць у Афрыку. Гэта самая скрытная птушка нашых лясоў, якую мы ўсе чулі, ды не ўсе бачылі. Што адбываецца з ёй пасля таго, як выпраўляецца ў вырай? Дзякуючы спадарожнікаваму сачэнню арнітолагі даведаліся, што зязюлі з Вялікабрытаніі, Германіі, Беларусі, Кітая зімуюць у розных частках Афрыкі. Хоць найбольш праблем на зімоўцы маюць нямецкія і брытанскія птушкі, але й большасць беларускіх птушак таксама гіне на міграцыйным шляху й на зімоўцы. Пра доўгі пералёт беларускіх зязюль, пра цяжкасці-прыгоды, якія перажываюць яны, пра многае іншае, чаго нам, звычайным людзям, не дадзена ні адчуць, ні зведаць, можна прачытаць на сайце АПБ (http://ptushki.org/cuckoo).

Аляксандр Вінчэўскі

З 2017 года ў плыні сумеснага праекта Франкфурцкага заалагічнага таварыства, АПБ і Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” пачалося не менш захапляльнае вывучэнне вялікага арляца, яшчэ адной вельмі рэдкай птушкі Еўропы, занесенай у Міжнародныя і ўсе нацыянальныя Чырвоныя спісы. Яго колькасць у Беларусі ацэньваецца ўсяго ў 120-160 пар, гэта 14 % еўрапейскай папуляцыі віду, з улікам Расіі. Хоць гэта й найбуйнейшая папуляцыя ў Еўропе, аднак яна працягвае скарачацца. Улетку 2017-га на 8 дарослых вялікіх арляцоў з Беларусі ўпершыню былі ўсталяваныя GPS-GSM перадатчыкі. Восенню ў “нашых” пачалося доўгае й поўнае нечаканасцяў падарожжа да месцаў зімоўкі. Цяпер кожны цікаўны можа ў анлайн-рэжыме, на сайце АПБ, адсочваць іх шлях. Як сцвярджаюць сябры суполкі, гэты праект унікальны. Паступае шмат каштоўнай інфармацыі пра жыццё сапраўднага беларускага балотнага арла, якому пагражае глабальнае знікненне. Магчыма, сапраўдны прарыў у ведах па многіх пытаннях экалогіі, аховы дапаможа людзям справіцца з гэтай праблемай.

АПБ цяпер — гэта не толькі птушкі, але й руплівая праца па захаванні дзікай прыроды, яе біяразнастайнасці ў цэлым. Цяпер пад эгідай АПБ ідзе вывучэнне й ахова рэдкіх відаў раслін, кажаноў, балотных чарапах, ласосяў ды іншых жывёл. Напрыклад, мала хто ведае, што ў беларускія рэкі з Балтыйскага мора заходзяць на нераст рыбы кумжа і сёмга — прадстаўнікі сямейства ласасёвых. На іх няпростым шляху (самым доўгім для балтыйскіх ласосяў!) сустракаецца шмат перашкодаў, галоўная з якіх чалавек. А стронгі — гэта іншы від ласасёвых, якія стала жывуць у беларускіх халодных рачулках. З 2009 года АПБ разам з партнёрамі ладзілі валанцёрскае патруляванне ласасёвых нерастовых рэчак у басейне Віліі ўвосень і ўзімку: каб абараніць вельмі рэдкіх гасцей ад браканьерства і даць ім магчымасць паспяхова аднераставаць. Але браканьерства — толькі адна з непасрэдных пагроз ласосям, таму з 2016-га АПБ працуе над тым, каб як мага больш людзей ведала пра ўнікальных ласосяў ды іх жыццёва важныя праблемы. Дзеля таго пры падтрымцы Кааліцыі “Чыстая Балтыка” і Шведскага агенцтва па развіцці ды супрацоўніцтве створаны ўнікальны Ласасёвы цэнтр у школе мястэчка Варняны Астравецкага раёна. У цэнтры ў даступнай, цікавай форме можна даведацца пра неверагоднае жыццё гэтых вялікіх і рэдкіх у Беларусі рыб. Туды прыязджаюць наведнікі з усёй Беларусі, а таксама суседніх краін.

Птушкай 2018 года ў Беларусі аб’яўлены чорнагаловы шчыгел
Фота: Таццяна Раманава

З 2006 года суполка “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ініцыявала і стала партнёрам мноства праектаў па аднаўленні парушаных і асушаных балот Беларусі. Пэўна, многія ведаюць назвы: Ельня, Жада, Даўбенішкі, Харэўскае, Поплаў мох… Гэтыя ды многія іншыя балоты дзякуючы спецыялістам арганізацыі, яе валанцёрам ізноў сталі родным домам ці “аэрапортамі” для транзітных прыпынкаў пад час міграцыі дзясяткаў тысяч вадаплаўных і каляводных птушак.

І валанцёрскія летнікі, якія ладзіць “Ахова птушак Бацькаўшчыны” — таксама важная частка працы суполкі. Якраз летнікі даюць магчымасць кожнаму зрабіць свой унёсак у справу захавання дзікай прыроды Беларусі. Дарэчы, за 20 гадоў працы АПБ у летніках паўдзельнічала больш за 2500 чалавек. Добрым стартам для тысяч людзей рознага ўзросту, якія хочуць адкрываць для сябе дзікую прыроду й нешта рабіць дзеля яе зберажэння, зрабіліся акцыі, кампаніі, конкурсы, што праводзіць АПБ. Фестывалі кулікоў, “Салаўіныя вечары з АПБ”, “Ночы кажаноў”, чэмпіянаты па спартыўнай арніталогіі ды іншыя штогод збіраюць да 30000 аматараў прыроды.

Такія цікаўныя сінічкі
Фота: Вадзім Труноў

З 2000 года АПБ праводзіць нацыянальную кампанію “Птушка года”: кожны год у Беларусі праходзіць пад знакам пэўнай птушкі. Напрыклад, у 2018-м “галоўная” птушка — чорнагаловы шчыгел. Паглядзець, як ён выглядае, паслухаць спевы можна на сайце http://ptushki.org/bird/303.html  На працягу года дарослыя й дзеці з усёй краіны ўдзельнічаюць у імпрэзах, мэта якіх — стварэнне лепшых умоў для жыцця птушкі-абранніцы. З 2002 года, каб распавесці пра птушку года й за межамі Беларусі, такую ініцыятыву падтрымлівае “Белпошта”. Штогод яна выпускае маркі з крылатым сімвалам года, а з 2007 года і Нацыянальны банк Беларусі пачаў вырабляць памятныя птушыныя манеты.

Гэта толькі малая частка спраў невялічкай каманды грамадскай суполкі, якую ўзначальвае Аляксандр Вінчэўскі.  Энтузіясты здолелі аб’яднаць вакол сябе дзясяткі тысяч беларусаў дзеля вялікай мэты: звярнуць увагу чалавека на “праблемныя месцы” ў жыцці навакольнай прыроды, абараніць ад знікнення з Зямлі астатніх яе насельнікаў. Дарэчы, як расказалі мне актывісты суполкі, кожны з беларусаў, хто хоча дапамагчы прыродзе Бацькаўшчыны, можа зрабіць гэта з любога кутка планеты: стаць сябрам АПБ ці зрабіць ахвяраванне таварыству, запісацца валанцёрам. Хтосьці дапамае “ў палях” — на летніках, у экспедыцыях, нехта перакладае ці піша артыкулы, хтосьці робіць кармушкі ды сінічнікі… Дапамагаць можна па-рознаму, і за любую падтрымку вам будуць удзячныя. Дарэчы, і газета “Голас Радзімы” звяртаецца ў публікацыях да праблем аховы навакольнага асяроддзя, расказвае пра людзей, якія займаюцца гэтым на грамадскіх пачатках.

Мы віншуем усю каманду суполкі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, валанцёраў з юбілеем і жадаем таварыству далейшага росквіту.

Голас Радзімы № 11 (3563), чацвер, 22 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter