Обзор книг от Людмилы Рублевской

Птушка твайго сэрца

Марыя Вайцяшонак. Альбом для цёткi Марылi. Выбраныя творы

Логвiнаў, 2019.

Хто ведае, дзе знойдзеш адказ, якi дапаможа табе жыць далей?

У гэтым салiдным фалiянце адказ ёсць. Невiдавочны для кагосьцi, але пацверджаны ўсiм жыццём, болем i мудрасцю аўтаркi. Яе бацька — сасланы ў Алтайскi край асаднiк, мацi — простая беларуская сялянка, з якой мужу так i не ўдалося зрабiць панi. Марыя нарадзiлася ўжо там, у Змяiнагорску. У трыпцiху «Дом на заха­дзе дня» яна напiша: «Нiколi нiкому не распавядала, што бачыла ў дзяцiнстве. I голад, i холад, i нежаданае дзiця, а ўсё быццам невясёлы, адчуджаны матчын твар (яна i памятае яго толькi па фотаздымку) засланяла нечае iншае аблiчча, аблiчча горнай прыроды».

Так, адказам для самой Марыi i яе герояў сталася ўменне бачыць прыгожае. Калi кожная знойдзеная кветачка — цуд, сведчанне, што i яна, дзяўчынка, што вырасла ў зямлянцы побач з козамi, вартая любовi. А вось са старэйшай сястрой, хворай на туберкулёз, дзве сiраты, дзецi «ворага народа», iдуць аддаваць звязаную на замову хустку — i раптам гаспадыня прапануе нарэзаць для iх кветак... Касмей. Каму? Iм, абадранцам, кветкi? Няўжо нехта зразумеў, што яны — людзi?

З аднаго боку, аўтарка прагаворваецца, што ёй смешныя «звычайныя беды»: людзi, у вас жа ёсць кветкi i дамы, якiя вы называеце сваiмi! «Вакол сварылiся — жанчына пакутлiва стаяла ўбаку ад гэтага няскладнага жыцця, тлуму, дапытваючыся: за што? Навошта нiшчыце адзiн аднаго?» З другога боку, пiсьменнiца надзвычай чуйная — як аголены нерв — да чужой бяды i здольная радавацца чужому шчасцю. У яе апавяданнях усе заслугоўваюць спагады: бомж, бабулька, якая прадае кветкi ў перахо­дзе, мастачка, звыклая да салоннага жыцця, вяскоўка, у якой ад стомы з рук падае грабеньчык… Але на фоне той спагады робяцца больш выразна страшныя ценi — адзiнота i здрада. Тут i мудрасць Францыска Асiзскага з ягоным «сяст­ра мая ластаўка», i бескампрамiснасць сапраўднага мастака.
Пiсьменнiца Марыя Вайцяшонак нарадзiлася ў сiбiрскай высылцы, але ўмее бачыць паўсюль прыгажосць.
Назва кнiгi — прысвячэнне цётцы Марылi, матчынай сястры, той, што засталася на далёкай радзiме, дзе дом. Потым, калi дзетдомаўка Марыя патрапiць да цёткi, вёска Грыдзькi зробiцца камертонам сапраўднага: мовы, звычаяў, аблiччаў. Дарэчы, мова пiсьменнiцы нагадвае не столькi карункi, колькi плынь ручаiны: «Час цёк без напрамку, так iдзе па гарачым пыле дажджавы паток, iртутнымi кроплямi скурчваецца вада i знiкае, толькi ззаду — крохкi след сухой ручаiны». Гiсторыi звычайных людзей набываюць унутры гэтай моўнай стыхii глыбiню, пералiваюцца рознымi гранямi. Не дзiва, што частка кнiгi — вершы. Якiя нiбыта ўтварылiся, падобна кроплям ранiшняй расы на лiсцi, на вобразнай прозе. Бо i фразы, узятыя з апавяданняў, гучаць паэзiяй, як ракавiнкi — морам: «Жаўрук пяе, пакуль ляцiць уверх», «Жывыя i мёртвыя, мы вандруем у адзiноце», «Я так сумую па моры, што ўсё часцей гляджу на неба», «У доме кожная рэч шукае сабе субяседнiка». Паспрабуйце знайсцi свае адказы ў гэтай кнiзе!

Сара Лундберг. Птушка ўва мне ляцiць, куды захоча
Koska. Мiнск, 2019.

Кранальная i натхняючая кнiга сучаснай шведскай мастачкi i паэткi Сары Лундберг у перакладзе Надзеi Кандрусевiч заснавана на бiяграфii мастачкi Берты Хансан. Дзяўчынкi, якая вырасла на бедным хутары, але любiла маляваць. Берта i яе старэйшыя сёстры дапамагаюць па гаспадарцы бацьку — жыццё шведскай сялянскай сям’i мала адрознiваецца ад таго, што апiсвалi беларускiя паэты век таму. Хiба што ў Берты ёсць дзядзька, якi малюе карцiны i ладзiць спектаклi, а да яе хворай мацi прыходзiць адукаваны доктар. Мацi хварэе на сухоты. Берта малюе для яе, лепiць з блакiтнай глiны птушак — ёй здаецца, гэта абарона ад хваробы. Але мацi памiрае… А вось птушка, якая жыве ў самой Берце, — яе талент — ратуе ад жыцця, дзе на ўроку малявання ў школе яна абавязана маляваць моркву па контурных рысках, дзе лёс жанчыны — быць хатняй гаспадыняй.

Думаю,

Калi б я была птушкай,

То змагла б паляцець.

З нашай вёскi.

Да iншага жыцця.

Туды, дзе я была б той, кiм я ёсць.

Дзе нiхто не крычыць на мяне

I не лiчыць нязграбнай дзiвачкай.

Пратэст Берты мае плён: бацька дазваляе ёй працягнуць вучобу. У кароткiм тэксце ёсць усё, што дазваляе зразумець: варта быць сабой i не здавацца. Так, жыццё нялёгкае. Блiзкi чалавек можа памерцi, нягледзячы на ўсiх зробленых табой блакiтных птушак. Але ёсць добрыя людзi, якiя падтрымаюць. Таму што птушка ў табе ляцiць куды хоча.

Наталля Карлiёнава. Дзiцячы атлас Беларусi. Птушкi

Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2019.

Выдатная iдэя — прадставiць для юных чытачоў iх радзiму ва ўсёй разнастайнасцi, наглядна, сцiсла, з цiкавымi фактамi. На гэты раз мы знаёмiмся з птушкамi — i нават дарослых чытачоў чакаюць адкрыццi. Цi ведалi вы, напрыклад, што самая малая беларуская птушка — жоўтагаловы каралёк, а самая вялiкая — лебедзь‑шыпун? Што птушаняты ўдода ў выпадку небяспекi дзейнiчаюць як скунс, а зязюля, каб падкiнуць яйка ў чужое гняздо, iмiтуе голас каршука, адганяючы гаспадара? Першыя разгорты атласа прысвечаны апiсанню птушак усiх абласцей Беларусi, суправаджаюцца фотаздымкамi i геаграфiчнымi картамi. Далей прыводзяцца неверагодныя факты пра птушак свету, расказваецца пра кальцаванне, даюцца прыказкi, прымаўкi i загадкi пра птаства. А з дапамогай спасылак чытач можа знайсцi ў iнтэрнэце шмат дадатковага матэрыялу.

Серыя дзiцячых атласаў выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» ўзначальвае рэйтынгi продажу беларускiх кнiгарняў.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter