Птушкі і гнёзды

У Парэччы на Глыбоччыне буслы звілі гняздо на коміне дома

У вёсцы Парэчча Глыбоцкага раёна буслы звілі гняздо на коміне дома. У абранай птушкамі хаце ўжо больш за год ніхто не жыве — гаспадароў няма на свеце, а дзеці прыязджаюць толькі ў суботу і нядзелю.

— Неяк у маі завіталі ў вёску, заўважылі, што буслы круцяцца ля хаты. Прыехалі праз тыдзень — а тут ужо гняздо, — дзеліцца ўспамінамі пра новых суседзяў Уладзімір Гуляшка. — Вядома, праганяць іх не будзем — пражывём, колькі таго лета, без печы.

Асабліва, па словах субяседніка, новай пары ў Парэччы сяліцца не было дзе: хат у вёсцы ўсяго дзве. Затое стары бацькоўскі дом у момант стаў папулярным: машыны спыняюцца, людзі фатаграфуюцца. Дарэчы, сам Гуляшка некалі з братам і бацькамі ўсю зіму гадавалі бусла, які прыйшоў у двор з перабітым крылом. Перад выраем акальцавалі яго і шмат гадоў чакалі ў госці, але ён, відаць, сам не змог прыляцець, а паслаў знаёмых. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter