Телеканал «Беларусь 3» покажет церемонию вручения Национальной театральной премии, а «Беларусь 2» дает шанс выиграть новенький смартфон

Прызы — лепшым

У наступны чацвер на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі, тэлеверсію якой пакажа «Беларусь 3». Канал «Беларусь 2», у сваю чаргу, запрашае да экранаў, каб паназіраць за спаборніцтвам усіх жадаючых за месца новага вядучага праграмы «Пін_код». Таксама ў гледачоў будзе магчымасць выйграць класны смартфон. Што для гэтага патрэбна, раскажам ніжэй. 

Хелена МЕРААІ спачатку трапіла на «Пін_код» як госць, а пасля стала вядучай праекта.
фота Белтэлерадыёкампаніі

Тэатр у эфіры

У творчым спаборніцтве VI Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» прымаюць удзел 33 спектаклі, прадстаўленыя 20 прафесійнымі тэатральнымі ўстановамі з дзесяці гарадоў краіны. Нагадаем, конкурс ладзіцца па чатырох секцыях: «Тэатр драмы» (у намінацыях «Лепшы спектакль тэатра драмы для вялікай сцэны» і «Лепшы спектакль тэатра драмы для малой сцэны»), «Тэатр лялек», «Музычны тэатр» (у трох намінацыях — «Лепшы оперны спектакль», «Лепшы спектакль балета» і «Лепшы спектакль у жанрах аперэты, музычнай камедыі, мюзікла»), а таксама «Спектакль для дзяцей і юнацтва». У якасці выканаўчай дырэкцыі праекта выступае Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, заснавальнікі прэміі — Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам. 

28 кастрычніка на сцэне Купалаўскага тэатра адбудзецца фінальны этап конкурсу — падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў прэміі. Наведае тэатр у гэты дзень і здымачная група Белтэлерадыёкампаніі. Убачыць урачыстую цырымонію і прадстаўнікоў любімых тэатральных калектываў у эфіры «Беларусь 3» можна будзе 31 кастрычніка ў 14:30.

Хто стане новым вядучым «Пін_кода»?

На пачатку верасня галоўны маладзёжны тэлепраект краіны прапанаваў школьнікам і студэнтам ва ўзросце ад 15 да 23 гадоў прыняць удзел у новым рэаліці-кастынгу «Хачу ў Пін_код» і па­змагацца за месца вядучага праграмы. На папярэдні адбор прыйшло больш за 50 жадаючых, але да этапу сустрэчы з настаўнікамі дайшлі толькі 20 удзельнікаў.

Да 5 лістапада выдучыя праекта Жан Сянкевіч і Хелена Мерааі падзеляць дваццатку канкурсантаў на дзве каманды, у складзе якіх хлопцы і дзяўчаты працягнуць інтэрактыўную барацьбу за месца вядучага. Кожны тыдзень ім трэба будзе выконваць творчыя заданні, каб атрымаць высокія балы ад прафесійнай аўтарскай групы праекта. Вызначаць самых лепшых дапамогуць і галасы тэлегледачоў, таму абавязкова сачыце за эфірамі. 

А што будзе пасля? Адказ мы знайшлі ў прадзюсара тэлеканала «Беларусь 2» і кіраўніка «Пін_кода» Ягора Шолькіна:

— На працягу некалькіх месяцаў удзельнікі нашага рэаліці-кастынгу пройдуць навучанне ў вядучых, карэспандэнтаў і рэдактараў праекта, даведаюцца тонкасці працы ў рэжыме рэальнага часу, удасканаляць тэхніку мовы, а таксама навучацца самастойна здымаць сюжэты. 

А яшчэ гледачы «Пін_кода» могуць сумясціць прыемнае з карысным. З пачаткам навучальнага года ў новым сезоне «Пін_кода» запусцілі некалькі эфірных акцый, адна з якіх прапануе школьнікам зняць відэаролік пра сваю школу, і калі пашчасціць, забраць за гэта каштоўны прыз.

Каб прыняць удзел у розыгрышы новага смартфона ад праграмы «Пін_код» і школы юных блогераў Media Kids, трэба зняць блог пра сваю навучальную ўстанову і загрузіць яго на старонку афіцыйнай групы тэлепраекта ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Фармат і тэму роліка яго аўтары выбіраюць самастойна, падкрэслівае Ягор Шолькін:

— Гэта можа быць рэпартаж з урока, падборка цікавых фактаў пра школу ці проста аповед пра школьныя будні. Галоўнае, арыгінальна раскрыць сваю творчую задумку і вытрымаць хранаметраж да хвіліны.

Імя пераможцы стане вядома 27 кастрычніка, яго назавуць у прамым эфіры праграмы. Вызначаць аўтара самага ўдалага і крэатыўнага роліка будуць творчая група тэлеканала «Беларусь 2», выкладчыкі школы блогераў, а таксама беларускія зоркі сацыяльных сетак. 

leonovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter