Прыйшоў час сыходзiць з барыкад

Беларуская апазiцыя прайграла амаль усё з таго, што можна прайграць.

(Заканчэнне. Пачатак у № 238 )


Поўны крызiс жанру


Па вялiкiм рахунку, Захад пацярпеў фiяска ў Беларусi. Не атрымалася нi як ва Украiне, нi ў Грузii. Беларуская апазiцыя нават не наблiзiлася да «каляровай рэвалюцыi». Цяпер заходняя дыпламатыя мусiць шукаць паразумення з Мiнскам на прынцыпах, якiя пакiдаюць месца кампрамiсу з палiтычным рэжымам, не схiльным кiравацца толькi лiберальнымi каштоўнасцямi.


Такiм чынам, мы з’яўляемся сведкамi таго, што Еўропа зрабiла высновы са сваiх памылак i пераходзiць да новай палiтычнай стратэгii адносна Беларусi. Апазiцыя, наадварот, рукамi i нагамi трымаецца за старое. Яе кiраўнiкi спрабуюць стварыць уражанне, быццам у iх распараджэннi ўсе козыры i працiўнiк, прыпёрты да сцяны. 21 кастрычнiка апазiцыйныя лiдэры на сумесным пасяджэннi зацвердзiлi патрабаваннi, якiя «апазiцыя выстаўляе ўладзе на шэсць выпрабавальных месяцаў». На наступны дзень грозны ультыматум быў перададзены ў рукi... кiраўнiка МЗС Польшчы пана Сiкорскага. Што гэта? Шмат хто адказвае: гэта надзiманне шчок, спроба паказаць прыемную мiну пры абсалютна дрэннай гульнi.


Беларуская апазiцыя прайграла амаль усё з таго, што можна прайграць. Перш за ўсё яна не здолела схiлiць на свой бок грамадскую свядомасць. З году ў год зарэгiстраваны ў Лiтве Незалежны iнстытут сацыяльна–эканамiчных i палiтычных даследаванняў (НiСЭПД), якi цяжка абвiнавацiць у адсутнасцi сiмпатый да апазiцыi, задае беларусам адно i тое ж пытанне: «Цi давяраеце вы апазiцыйным палiтычным партыям?»


Калi ўдумацца ў дадзеныя сацыялагiчнага манiторынгу, атрымоўваецца сумная карцiна. З году ў год iндэкс электаральнага даверу да асноўных апазiцыйных структур застаецца стабiльна адмоўным, адсутнiчае яго iстотны рост. У той жа час недавер стабiльна (у тры — пяць разоў) перавышае давер. Можна знайсцi мноства тлумачэнняў гэтаму. Але ж факт ёсць факт, у апазiцыi няма мабiлiзацыйных магчымасцяў, людзi ўсё менш адгукаюцца на яе заклiкi. Напрыклад, у дзень парламенцкiх выбараў, 28 верасня, яна здолела сабраць на Кастрычнiцкай плошчы Мiнска паўтысячы, можа, крыху больш, чалавек. Гэта, як кажуць, поўны крызiс жанру. Тым не менш апазiцыйныя лiдэры знаходзяць магчымым заклiкаць да «радыкалiзацыi пратэсту» («Народная воля» ад 17.10.2008 г.), абсалютна не зважаючы на тое, што патэнцыял для гэтага ў iх амаль нiякi. Тады дзеля чаго ўся рыторыка, абы памахаць бутафорскай сякерай?


Беларуская апазiцыя пакутуе iнфантылiзмам мыслення. Здаецца, ужо нiхто сярод апазiцыйных дзеячаў на словах не адмаўляе таго, што ёй неабходна шукаць шляхi, як заняць месца ў сiстэмнай палiтыцы. Але цiкава, дзеля чаго? Шматгадовы iдэалагiчны гуру Партыi БНФ Юрый Хадыка адказвае наступным чынам: «Гэта ж факт: рэжым усталяваўся, у яго шмат прыхiльнiкаў. I разбурыць такую структуру будзе значна лягчэй, калi ўнутры яе будуць знаходзiцца прыхiльнiкi суверэнiтэту, прыхiльнiкi прававой краiны, прыхiльнiкi правоў чалавека» (iнтэрв’ю «Радыё «Свабода» 27.06.2008 г.). Бадай, гэта выказванне — самае дакладнае тлумачэнне таго, чаму насуперак чаканням нi адзiн кандыдат ад апазiцыi на вераснёўскiх выбарах не трапiў у Парламент. Дзiўна, як па–дзiцячы проста ўспрымаюць палiтычнае жыццё апазiцыйныя мыслiцелi. Таму, хто валодае рэальным палiтычным капiталам у краiне, яны, вобразна кажучы, прапануюць: пусцi нас да сябе ў хату, мы ў ёй уладкуемся, а цябе задушым альбо выкiнем на вулiцу. Разлiк, як кажуць, на дурняў. Але ж у палiтыцы падобны стратэгiчны прымiтывiзм здольны прынесцi толькi расчараваннi i гузакi. Траянскi конь нiкога не звядзе ў зман. У сiстэмную палiтыку можна патрапiць толькi на ўмовах прыняцця нейкага агульнага з кiруючым класам вектара палiтычнай гульнi. Калi ж пытанне ставiць па–бальшавiцку (маўляў, мы хочам авалодаць усёй палiтычнай пляцоўкай, пропуск у сiстэмную палiтыку нам неабходны менавiта дзеля гэтай мэты), то трэба быць гатовымi, што ў адказ будзе нязменна гучаць: «Жыццё цяперашняй апазiцыi i яе вярхушкi недаўгавечнае, ёй засталося лiтаральна, можа быць, некалькi месяцаў альбо год»(выступленне А.Лукашэнкi перад журналiстамi на выбарчым участку 28.09.2008 г.).


Не на таго напалi


Аляксандр Лукашэнка добра ведае, пра што гаворыць. Хранiчны арганiзацыйны i маральны крызiс апазiцыi, разлiк апазiцыйных стратэгаў (як i дзесяць год таму) выключна на канфрантацыю з працiўнiкам i падтрымку Захаду непазбежна i ў вельмi хуткiм часе прывядзе яе да канчатковага самаразбурэння. Яна беспаваротна ператворыцца ў вузкую секту раззлаваных няўдачнiкаў, за якiмi нiхто не хоча iсцi. Пераканацца ў тым, што такая тэндэнцыя iснуе, дапамагае зноў жа недзяржаўная сацыялогiя. Падчас кастрычнiцкага нацыянальнага апытання, праведзенага НiСЭПД, рэспандэнтам задалi адкрытае пытанне: «Калi б заўтра адбылiся выбары прэзiдэнта, за каго б вы прагаласавалi?» Самыя раскручаныя дзеячы апазiцыi А.Казулiн i А.Мiлiнкевiч не дацягнулi нават да трох працэнтаў, пра астатнiх лепш не гаварыць.


Дык чаго хоча апазiцыя? Калi захаваць вернасць палiтычным звычкам i мысленню дзесяцiгадовай даўнасцi, тады натуральна нiчога мяняць не варта. Калi яна ўсё ж сапраўды шукае сiстэмнае месца, то ёй непазбежна прыйдзецца зразумець i прыняць некаторыя нязручныя iсцiны.


Першае. Апазiцыйным дзеячам давядзецца засвоiць правiла, згодна з якiм не толькi ад супрацьлеглага боку да месца патрабаваць выканання пэўных умоў, але i самiм варта прытрымлiвацца пэўных абавязацельстваў. Iнакш кажучы, так званая «дарожная мапа» (спiс умоў), якую яны настойлiва прапануюць рэалiзаваць беларускай уладзе дзеля саступак з боку Захаду, павiнна быць складзена i для апазiцыi. Калi апазiцыйныя палiтыкi насамрэч зацiкаўлены ва ўнутрыбеларускiм дыялогу з уладай, iм давядзецца наступiць на горла ўласнай песнi. I рухацца ў накiрунку рэалiзацыi, магчыма, самай складанай, але непазбежнай умовы на шляху да сiстэмнага iснавання, якая звязана з прызнаннем... легiтымнасцi дзеючай палiтычнай улады. Бо ў сiстэмнай палiтыцы нельга гуляць, калi ты не прызнаеш легiтымнасць яе самага ўплывовага суб’екта. Зразумела пры гэтым, што ўлада не вельмi турбуецца аб «прызнаннi» з боку апазiцыi, але гэта асаблiвая тэма...


Другое. Апазiцыi неабходна наноў асэнсаваць, хто яе сапернiк на палiтычным полi краiны i наколькi мэтазгодна i перспектыўна весцi з iм барацьбу. Шмат гадоў запар апазiцыйныя правадыры бачаць цi не адзiнай сваёй мэтай адхiленне ад улады Аляксандра Лукашэнкi, якi, на iх думку, увасабляе левакансерватыўныя тэндэнцыi постсавецкага палiтычнага развiцця. З кампанii ў кампанiю апазiцыя пнулася перамагчы Прэзiдэнта, але з кожным годам перспектыва гэтага рабiлася ўсё больш i больш прывiднай. Адказ на пытанне, у чым прычына, ужо досыць зацяганы, але ад гэтага ён не губляе сваю аб’ектыўнасць. Сам беларускi народ мае вялiкую цiкавасць да каштоўнасцяў, якiх прытрымлiваецца кiраўнiк дзяржавы. Ну а народ, як вядома, не выбiраюць. Таму з году ў год сацыялагiчныя апытаннi дэманструюць дадзеныя, вельмi падобныя на тыя, што ўтрымлiвае прыведзеная сацыялагiчная таблiца.


Аднак пытанне палiтычнай трываласцi А.Лукашэнкi мае яшчэ адзiн вельмi iстотны бок. За чатырнаццаць год яго кiравання ў краiне склалася добра знаёмая ўсiм нам палiтычная сiстэма. Адпаведна ёй на аснове прэзiдэнцкай каманды сфармiраваўся далёка не маленькi палiтычны клас. Ён ажыццяўляе галоўныя функцыi iснуючай палiтычнай сiстэмы i зацiкаўлены ў яе ўстойлiвасцi, у гарантаванай пераймальнасцi палiтычнага курсу (захаваннi статус–кво), паколькi ад гэтага залежыць яго сацыяльнае i палiтычнае становiшча. Таму на самай справе апазiцыя сёння змагаецца не гэтулькi з Аляксандрам Рыгоравiчам, колькi з палiтычнай элiтай. Менавiта яна падтрымлiвае i кантралюе сiстэмную палiтычную практыку. Аляксандр Лукашэнка як стваральнiк сiстэмы сiмвалiзуе яе стабiльнасць. Нават калi ён сыдзе, гэта не будзе азначаць астаноўку матора i абавязковую змену палiтычнай мадэлi.


Трэцяе. Беларускай апазiцыi трэба цвяроза ацанiць межы сваiх магчымасцяў. У яе няма кансенсусу адносна таго, куды рухацца далей, мабiлiзацыйны рэсурс блiзкi да нуля, мова палiтычных паводзiн састарэлая. Зразумела, яна можа спрабаваць выцiснуць кiруючую элiту з сiстэмнай палiтычнай прасторы i замянiць яе сабой. Але з такiм сцiплым капiталам, як паказвае вопыт апазiцыйных намаганняў, з гэтага наўрат цi што атрымаецца. З сiстэмнымi палiтычнымi сiламi хутчэй можна дамовiцца (чым адолець iх у супрацьстаяннi). Аднак для гэтага, як адзначана вышэй, папярэдне неабходна прыняць некаторыя, верагодна, не зусiм камфортныя ўмовы гульнi. Гэта, безумоўна, балюча i крыўдна. Аднак i тое праўда, што спелае сiстэмнае iснаванне апазiцыi немагчыма пабудаваць на жорсткай канфрантацыi з кiруючым класам. Таксама як за межамi сiстэмных паводзiн контрэлiта не ў стане зрабiцца паспяховым агентам альтэрнатыўных праектаў. Беларуская практыка сведчыць: з пазасiстэмнай апазiцыяй уплывовыя сiлы беларускага грамадства мець справы не надта iмкнуцца. Зноў жа спашлёмся на сацыялогiю. На думку вядомага беларускага сацыёлага прафесара Жанны Грышчанкi, для мясцовай палiтычнай элiты Беларусi, якая складае базавы ўзровень выканаўчай i прадстаўнiчай улады, застаецца надзвычай нiзкiм аўтарытэт мясцовых палiтычных лiдэраў (3%), партыйных лiдэраў рэспублiканскага ўзроўню (1,3%), мясцовых лiдэраў грамадска–палiтычных рухаў (2,4%), мясцовых палiтычных груп i партый (1,3%). Прыведзеныя дадзеныя атрыманы ў ходзе мiжнароднага манiторынгу «Дэмакратыя i мясцовая ўлада», арганiзаванага амерыканскiмi сацыёлагамi.


Такiм чынам, апазiцыi, перш чым дамагацца радыкальнага пераразмеркавання палiтычнага капiталу на сваю карысць, мае сэнс як след усвядомiць, наколькi яе так бы мовiць амбiцыi адпавядаюць яе амунiцыям. Сёння разлiчваць на шырокую падтрымку мас альбо на салiдарнасць большасцi палiтычнай элiты апазiцыйным палiтыкам не выпадае.


Чацвёртае. Калi кiравацца сучаснай палiттэорыяй, пытанне аб пераразмеркаваннi палiтычнага капiталу ва ўмовах устойлiвага iснавання палiтычнага рэжыму ўвогуле нельга вырашыць пазасiстэмнымi сродкамi i тэхналогiямi, якiя звязаны з непасрэднай апеляцыяй да народа як крынiцы ўлады. Апазiцыi перш за ўсё неабходна шукаць кансенсус з кiруючай элiтай, канструктыўна дамаўляцца з яе лiдэрамi адносна свайго месца ў сiстэмнай палiтыцы. Прычым за крытэрый вызначэння яго (гэтага месца) неабходна браць рэальную ўдзельную вагу апазiцыйнага сектара ў грамадстве, а не iдэальныя ўяўленнi аб належным, дэмакратычных каштоўнасцях i т.п.


Пятае. Апазiцыi, калi яна сапраўды дбае пра будучыню, патрэбна зрабiць свядомы i адназначны выбар на карысць сiстэмнага iснавання. Прынцыповым крокам у гэтым накiрунку павiнна стаць канцэптуальнае адмаўленне ад дэмакратычнага радыкалiзму як палiтычнай стратэгii, скiраванай на разбурэнне дзеючай палiтычнай сiстэмы. Калi ж апазiцыйных правадыроў такая перспектыва не натхняе, яны, зразумела, могуць займацца вырабам папяровых тыграў, нiхто не прымусiць iх адмовiцца ад звыклых рэчаў. Аднак заўважым: палiтычнае жыццё не стаiць на месцы. Сiстэмныя палiтычныя сiлы, наколькi можна меркаваць, плануюць пайсцi наперадзе працэсу, рыхтуюцца да эвалюцыi палiтычнай сiстэмы. Чаму не ўявiць, што ў Беларусi праз пэўны час


будзе функцыянаваць партыя большасцi, арыентаваная на захаванне i ўдасканаленне сацыяльна–палiтычнага статус–кво? На думку палiтычных экспертаў, базавай пляцоўкай такой партыi можа стаць рэспублiканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь», структуры якога iснуюць па ўсёй краiне. Паралельна можа атрымаць iмпульс фармiраванне новай апазiцыi, арыентаванай на сiстэмныя правiлы гульнi, як яны склалiся ў Беларусi. Гэта так бы мовiць канструктыўная апазiцыя, трапiўшы на падмосткi сiстэмнай палiтыкi, апрача iншага будзе дапамагаць кiруючаму палiтычнаму класу дамаўляцца з Захадам. Калi развiццё падзей пойдзе ў такiм накiрунку, сённяшняй апазiцыйнай элiце будзе складана знайсцi сваё месца пад сонцам i, галоўнае, даказаць сваiм заходнiм саюзнiкам, што ставiць варта менавiта на яе.


Шостае. Пераход да сiстэмнай палiтычнай дзейнасцi ставiць апазiцыю перад неабходнасцю карэкцiроўкi стратэгiчных лозунгаў. З кiм iсцi ў Еўропу? Звычайна адказ на гэта пытанне ператвараўся ў сцяну памiж апазiцыйным лагерам i ўладай. Апазiцыйныя iдэолагi настойвалi на тым, што шляхi бакоў прынцыпова не супадаюць. Зараз такi тэзiс уяўляецца састарэлым. Улада робiць практычныя крокi ў еўрапейскiм накiрунку, палiтычная сiстэма дэманструе магчымасцi ўнутранай эвалюцыi. Сёння апазiцыя, цвяроза ацанiўшы сiтуацыю, павiнна прапанаваць кiруючаму палiтычнаму класу: «Разам будуем еўрапейскi дом для Беларусi!»


Сёмае. Цяперашнi стан беларускай апазiцыi не дае вялiкiх падстаў для таго, каб сцвярджаць, што яна здольна да хуткай самаарганiзацыi i перабудовы. Унутраная раскiданасць, маральная разгубленасць, брутальная прывязанасць да iдэйна–палiтычных стэрэатыпаў, характэрных для апазiцыйнага мыслення 90–х гадоў мiнулага стагоддзя, перашкаджаюць ёй рухацца наперад. Аднак мадэрнiзацыю трэба з чагосьцi пачынаць. Першым крокам мог бы стаць так званы Кангрэс дэмакратычных сiл, на якiм апазiцыя абмяркуе i, магчыма, здолее прыняць канцэпцыю стратэгiчнага павароту...


* * *


На завяршэнне яшчэ раз пра галоўнае. «Я не падзяляю iдэi пра тое, што нас чакае рэвалюцыя. Не дачакацца яе тут. Будзе павольная, паўзучая эвалюцыя». Гэта сказала Святлана Алексiевiч (iнтэрв’ю «Радыё «Свабода» 3.06.2008 г.). Выбар беларускай апазiцыi яшчэ наперадзе. Яго характар залежыць ад таго, наколькi яе лiдэры здольны адмовiцца ад iлюзiй на карысць цвярозага ўспрыняцця таго, што так трапна артыкулiравала вядомая пiсьменнiца.


Карацей кажучы, перспектыва сiстэмнага iснавання вымагае апазiцыю разабраць барыкады i выкiнуць зашмальцаваныя лозунгi. Калi ўсё ж трансфармацыя тытульнай апазiцыi ў сiстэмную не адбудзецца, можна быць упэўненым — знойдуцца сiлы, якiя возьмуць на сябе ролю сiстэмнай контрэлiты. Таксама можна быць упэўненым у тым, што Захад з прыхiльнасцю прыме новую апазiцыю. Як прыме i тое, што старая апазiцыя цалкам i назаўсёды апынецца ў маргiнальным сектары. Таму апазiцыйным палiтыкам трэба рабiць выбар. I не чакаць з бальшавiсцкай надзеяй, пакуль сусветны крызiс паставiць кропкi над «i». Можна не дачакацца.

 

 

От редакции


Публикация статьи доктора философских наук, профессора Вячеслава Оргиша — приглашение к дискуссии! Если вы имеете собственное мнение по поднятой автором теме — милости просим на страницы «СБ»!


Вячаслаў Оргiш, доктар фiласофскiх навук, прафесар.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter