Колькі каштуе ўтульнасць: як у Жодзiна рэмантуюць двары

Прыйшліся да двара

Прыгожы і ўтульны двор са зручнымі лаўкамі, роўнымі пешаходнымі дарожкамі і праезнай часткай. Мара, а не двор. Не кожнаму, праўда, увесь гэты набор адразу даступны. Жыхары дома № 26а па вуліцы Гагарына ў Жодзіне звярнуліся ў рэдакцыю з просьбай разабрацца ў іх праблеме. Людзей засмучае знешнi выгляд дваровай тэрыторыі. Увесь горад дзякуючы новаму кіраўніцтву ажывае і квітнее, а вось пра іх двор такога не скажаш.

У наступным годзе ў доме плануецца капрамонт
Фота з архіва газеты «Жодзінскія навіны»

Тратуары разладу

— Просім паставіць лаўкi са спінкамі, а на ганку абсталяваць пандус. А яшчэ расшырыць пешаходную дарожку, на якой два поўныя чалавекi ледзь разыдуцца. Да таго ж дарожка не асвятляецца, хоць і вядзе яна да дзвюх школ, — скардзiцца Антаніна Надольская. — Многае абяцалі, але да канца так і не выканалі.

Так, пешаходную дарожку зрабілі — выклалі яе тратуарнай пліткай, а вось памеры засталіся ранейшымі. Па ёй вельмі нязручна перамяшчацца з дзіцячай каляскай, бо з’езду з тратуара няма. Ёсць прэтэнзіі ў людзей і да шырыні праезнай часткі. Яна даволі вузкая, бывае, што сустрэчным аўтамабілям не раз’ехацца. З-за гэтага вадзіцелі канфліктуюць. А машына хуткай дапамогі або смеццявоз з цяжкасцю трапляюць у двор.

— А яшчэ мы даведаліся, што на школьным стадыёне пабудуюць новы шматпавярховы дом. Хіба гэта правільна? На гэтым стадыёне займаюцца нашы дзеці, у святы на ім ладзяць культурныя мерапрыемствы. Калі стадыён забяруць, што дзеці будуць рабіць? Хочам, каб да нас прыслухаліся, — кажуць людзі.

Карацей кажучы, прэтэнзій набралася шмат. У свой час на шэраг пытанняў адказалі спецыялісты Жодзiнскага гарвыканкама. Пачну са школьнага стадыёна і будаўніцтва на ім шматпавярховага жылога дома. Грамадскае абмеркаванне гэтага праекта праходзіла з мая па чэрвень. У лістападзе гарадская адмiнiстрацыя абмеркавала магчымасць добраўпарадкавання комплекснай спартыўнай пляцоўкі на прылеглай тэрыторыі з заказчыкамі праекта. Тыя пагадзіліся добраўпарадкаваць стадыён. Тут усё зразумела.

Ад лаўкі да дарогі

А што з добраўпарадкаваннем дваровай тэрыторыі жылога дома № 26а? Тэлефаную ў гарадское прадпрыемства «Аб'яднанне жыллёва-камунальнай гаспадаркі», якое рамантуе гэты аб’ект. Рамонт прадугледжвае пашырэнне пад'езду на дваровую тэрыторыю і абсталяванне дадатковых парковачных месцаў. Пры ўладкаванні пешаходных дарожак тратуарнай пліткай спецыялісты абяцаюць панізіць каналізацыйныя люкі. І работы гэтыя цяпер вядуцца, пацвердзілі ў арганізацыі. У перспектыве ў двары з’явяцца і пандусы, і лаўкі, і скрыні для смецця. Але на гэта патрэбны час. Зрабіць усё і адразу не атрымаецца. Асабліва капрамонт, неабходнасць у якім наспела даўно. І ён плануецца на наступны год. У доме заменяць дах, ліфты і электрашчытавое абсталяванне на пляцоўках паверхаў, трубы гарачага і халоднага водазабеспячэння ў тэхпадполлі дома, асвятленне месцаў агульнага карыстання. Калі хопіць фінансавання, то выканаюць работы па асвятленні прылеглай да дома тэрыторыі. Зразумела, што на такія сур’ёзныя праекты патрэбен час. Спадзяёмся, што ён пойдзе на карысць двару і яго жыхарам.

misnik@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter