Праздник Покров в традициях белорусов

Прыйшлі Пакровы — да маразоў гатовы?

Пакроў Прасвятой Багародзіцы — вялікае праваслаўнае свята. Адзначаецца штогод 14 кастрычніка. Паводле падання, вобраз Багародзіцы з’явіўся вернікам, і яна расхінула покрыва над галовамі людзей. Гэты цуд стаў знакам заступніцтва і суцяшэння. Вернікі шануюць памяць Багародзіцы, дзякуюць за абарону ад бедстваў.



Свята шануюць і ў народнай традыцыі. Раней яго называлі Покрыва дзень, Першае зазім’е, Трэцяя Прачыстая, Засідкі. Дарэчы, тэма заступніцтва (пакрывання) — ключавая ў сутнасці свята. Лічылася, што на Пакроў снег абавязкова пакрывае зямлю. Адсюль і такая прымаўка: «Бог на зіму зямлю зачыняе — няхай адпачывае».

Пакроў у календары беларусаў лічыцца мяжой, якая падзяляе год на дзве палавіны — летнюю і зімнюю. Таму нашы продкі стараліся да гэтага часу ­ўцяпліць дом, усё прыбраць. Казалі: «Пакроў правярае ўладароў».

У сялянскім побыце слова «Пакроў» паступова аддзялілася ад царкоўнай легенды і стала ўспрымацца ў сувязі са звычаем пакрывання галавы замужніх жанчын. Верагодна, такое тлумачэнне было звязана з тым, што ў гэты дзень заключалася шмат шлюбаў.

Асаблівы каларыт святкаванне Пакрова набыло ў многіх вёсках у ­Падняпроўі, дзе праводзілі абрад «Свечка». Сут­насць яго заключаецца ў пераносе вялікай васковай свечкі, зробленай сваімі ­рукамі, і абразоў з хаты ў хату. У традыцыйнай культуры беларусаў свечка — абярэг, сродак забеспячэння здароўя і дабрабыту на наступны год.

Свечку ўпрыгожвалі, ставілі ў посуд са збожжам. Адметнасцю падняпроўскай свечкі было тое, што для яе шылі спаднічкі і кожны год пераапраналі ў новы ўбор. Пад абразамі для яе ладзілі своеасаблівы п’едэстал. Нашы продкі верылі: калі свечка ёсць у доме — тады будзе парадак. Лічылася, калі прайсці пад свечкай у час яе пераносу, можна здабыць здароўе на доўгія гады.

Часцей за ўсё свечкі прысвячаліся розным святым — Мікалаю, шматпакутнай Варвары, архангелу Міхаілу, святой Параскеве-пятніцы. Іконы і свечкі захоўваліся па чарзе ва ўсіх жыхароў вёскі, штогод пераносіліся з хаты ў хату.

Дарогу ад дома, дзе раней стаяла свечка, да той хаты, куды яна перамяшчалася, высцілалі саломай. Гаспадыні, сустракаючы абярэг на вуліцы, браліся пад рукі, кружыліся і казалі: «Каб жыта так каласілася і вілася, як мы кружымся».

Пасля пераносу свечкі застолле ладзілі ў абедзвюх хатах: і ў той, дзе яна стаяла, і ў той, куды пераносілася. Гэта была сапраўдная ўрачыстасць: з пашанаю, танцамі і спевамі. Стравы на святочную вячэру збіралі з усёй вёскі — гэта падкрэслівала калектыўны характар абраду. Аднак сёння ён захаваўся толькі ў асобных вёсках.

ПРЫМАЎКІ

♦ Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам.

♦ Святы Пакроў стагі пакрыў: першы стажок — дранічкамі, другі стажок — саломкаю, трэці стажок — белым снегам.

НАРОДНЫЯ ПРЫМЕТЫ

♦ Калi да Пакрова не было снегу, не будзе яго яшчэ два тыднi.

♦ На Пакровы мароз — сей пад кустом авёс.

kuzmich@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter