У сераду ў краіне пачаўся першы этап перапісу насельніцтва, які будзе доўжыцца па 30 лістапада. За гэты час рэгістратары складуць спісы дамоў і абследуюць усе будынкі, у якіх могуць пражываць людзі да моманту правядзення статыстычнай кампаніі. Карэспандэнт «Р» паўдзельнічала ў абходзе мінскіх жылых раёнаў і даведалася, якіх навінак чакаць ад перапісу насельніцтва 2019 года.

Лістападаўскай раніцай 1000 рэгістратараў па ўсёй краіне пачалі абходзіць жылыя і нежылыя будынкі і заносіць іх характарыстыкі ў спецыяльныя спісы. У Мінску ў рабоце задзейнічаны 44 чалавекі — у асноўным супрацоўнікі арганізацый, якія адказваюць за эксплуатацыю жылфонду або займаюцца яго абслугоўваннем. Мы далучыліся да рэгістратара Вольгі Бандарэнка. Пачынаем абход з вуліцы Захарава.
— За рэгістратарам замацаваны пэўны маршрут. На кожнага — каля 700 дамоў. Прыйдзецца шмат пахадзіць! — дзеліцца дзяўчына.

У Вольгі ў руках — планшэт з электроннай картай горада. Туды рэгістратар уносіць адрас будынка і яго характарыстыкі: наяўнасць аншлагаў з назвай вуліцы і нумарам дома, пашпартоў на шматпавярховых жылых дамах, колькасць пад’ездаў, кватэр, тып нумарацыі кватэр або пакояў у інтэрнаце. Дарэчы, да гэтага этапу перапісу насельніцтва прыйшлося правесці сур’ёзную падрыхтоўчую работу. Адміністрацыі раёнаў і камунальныя службы наводзілі парадак у адрасным арыентаванні: усталявалі на дамах каля 2,5 тысячы новых аншлагаў, замянілі шыльды на пад’ездах і патлумачылі ўласнікам індывідуальнай жылой забудовы, чаму неабходна паклапаціцца аб наяўнасці аншлага на іх дамах. Гэта дапаможа лепш арыентавацца на мясцовасці не толькі перапісчыкам у 2019 годзе, але і экстранным службам. Наталля Тарасюк, начальнік Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінска, расказвае, чаму важная праца рэгістратараў:
— Гэта фундамент для перапісу. Трэба ведаць, колькі ў нас дамоў, якія з іх знесены або, наадварот, пабудаваныя. Рэгістратары перапісваюць увесь жылы і нежылы фонд — усе памяшканні, дзе магчыма пражыванне людзей і куды ў кастрычніку 2019 года прыйдуць перапісчыкі. Для іх будзе неабходная дакладная навігацыя. Пасля таго як рэгістратары завершаць абход тэрыторый, супрацоўнікі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення горада Мінска правераць усё тое, што яны ўнясуць у электронныя карты.
Працаваць рэгістратары будуць толькі ў светлы час сутак і ў працоўныя дні. Папярэдне кожны з іх прайшоў навучанне, але калі раптам узнікнуць пытанні або тэхнічныя праблемы, яны змогуць звярнуцца за кансультацыяй — бясплатна патэлефанаваць па так званых «зялёных нумарах».
Наступным жа этапам падрыхтоўкі да перапісу насельніцтва, які пройдзе з 4 па 30 кастрычніка 2019 года, стане набор перапіснога персаналу. Яго падбяруць сумесна з гарадскімі і раённымі выканаўчымі камітэтамі. Плануецца, што гэта будуць студэнты, работнікі дзяржарганізацый і органаў дзяржстатыстыкі. У верасні наступнага года фяны пройдуць навучанне.
Наталля Тарасюк нагадала пра галоўныя навінкі перапісу насельніцтва:
— Стаўка зроблена на высокія тэхналогіі. Упершыню ў жыхароў краіны з’явіцца магчымасць унесці свае даныя па інтэрнэце. Таксама перапісчыкі будуць выкарыстоўваць не анкеты на паперы, а планшэтныя камп’ютары. Вядома ж, вядзецца сур’ёзная праца над забеспячэннем бяспекі даных. Канфідэнцыяльнасць інфармацыі — найважнейшы прынцып працы органаў дзяржаўнай статыстыкі.

Цалкам інфармацыю па выніках перапісу падрыхтуюць 1 ліпеня 2021 года. Папярэдні перапіс насельніцтва ў Беларусі прайшоў у 2009 годзе — колькасць насельніцтва па ім склала 9 503 807 чалавек.