
Адметнасць раёна ў тым, што на яго тэрыторыі знаходзяцца пяць буйных населеных пунктаў: горад Мар’іна Горка, пасёлкі Дружны, Свіслач, Праўдзінскі і Рудзенск. Да таго ж амаль паўсюдна вядзецца будаўніцтва, разрастаюцца і аб’ядноўваюцца пасёлкі і вёскі, якія да іх прылягаюць. Адгэтуль і вынікае першая праблема: дакладнае вызначэнне меж населеных пунктаў.
Читайте также
— Вось гэты дом, — Леанід Міхайлавіч паказвае на пяціпавярховы будынак, — стаіць на вуліцы Мар’інай Горкі. — А прыватны цагляны дом побач адносіцца да вёскі Кавалёва, якая хутка ўвойдзе ў склад горада. Калі ў абодвух гэтых населеных пунктах ёсць вуліцы з аднолькавай назвай, гэта стане праблемай для рэгістратараў. Вызначэнне дакладных меж паміж вёскамі патрэбна больш для парадку, а вось паміж горадам і сялом гэта прынцыпова. У сельскай мясцовасці ж маюцца льготы для бізнесу, прадугледжаны іншыя працэнтныя стаўкі па крэдытах, даплаты настаўнікам і многае іншае.
Праводзячы экскурсію па Мар’інай Горцы, Леанід Краснік звяртае маю ўвагу на адсутнасць на некаторых дамах таблічак з назвай вуліцы, а таксама нумарных шыльдачак:
— Здаецца, дробязь. Але гэта, мусіць, самая вялікая наша праблема. Для дакладнасці перапісу насельніцтва перапісчык павінен ведаць адрас дома, куды прыйшоў. Ды і не толькі ён! Я тут склаў спіс арганізацый, якім таксама вельмі патрэбны шыльдачкі з назвамі вуліц і нумарамі дамоў. Гэта МНС, медыкі, міліцыя, гаргаз, энергазбыт і энерганагляд, ЖКГ, пошта, аддзел сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ваенкамат і яшчэ шмат іншых.

За навядзенне парадку ў адраснай гаспадарцы раёна ўзяліся сур’ёзна, а галоўнае, комплексна — з прыцягненнем мноства ўстаноў. Была створана часовая камісія, якая будзе ўзгадняць іх дзеянні, за што Леанід Краснік вельмі ўдзячны кіраўніцтву Пухавіцкага райвыканкама. Перш за ўсё камісія даручыла землеўпарадкавальнай службе ўдакладніць пералік і межы населеных пунктаў, а пры неабходнасці — ініцыіраваць іх змяненне. Пасля гэтага выбарачна правялі суцэльны абход прыватнага сектара, удзел у якім прынялі супрацоўнікі не толькі аддзела статыстыкі, але і ЖКГ, энергазбыту і іншыя. Вынікі несуцяшальныя — толькі ў Мар’інай Горцы «апазнавальныя» знакі адсутнічалі на чвэрці дамоў!
Читайте также
— Вынікі парадавалі! — прызнаецца Леанід Краснік. — За кароткі час заказана і выраблена ўжо каля 300 шыльдачак. Цяпер, спадзяюся, работа па навядзенні парадку ў адраснай гаспадарцы скончыцца нават раней, чым мы запланавалі.
Занепакоенасць аддзела статыстыкі выклікаюць і вялізныя масівы дачных участкаў, што знаходзяцца ў раёне. Не сакрэт, што многія гараджане пакідаюць гарадскія кватэры і перабіраюцца на дачы. Атрымліваецца, яны могуць увогуле застацца па-за ўвагай. Адзінае выйсце — паўсюдны абход кожнага садовага таварыства.

— Часам даводзіцца чуць, маўляў, навошта той перапіс, — крыўдзіцца Леанід Міхайлавіч. — Ёсць жа базы МУС, кадастравага агенцтва… Запэўніваю вас, яны не цалкам адлюстроўваюць карціну, і прыклад з дачнікамі, якія зарэгістраваны ў адным месцы, а пражываюць у другім, таму пацвярджэнне. Бываюць выпадкі, калі па кадастравых дакументах на ўчастку пустое месца, а на самай справе там дом стаіць… Ведаю сям’ю, якая зарэгістравана ў Сеніцы, а жыве ў Мар’інай Горцы. Гэта значыць, што і дзіцячы сад, і школа ім спатрэбяцца менавіта тут. Толькі статыстыка дасць дакладныя адказы на пытанні, дзе неабходна будаўніцтва садоў і школ, выдзяленне крэдытаў, на якія працоўныя рэсурсы можна разлічваць у рэгіёне.
Падобная арганізацыя работы па падрыхтоўцы да перапісу насельніцтва на Пухаўшчыне аказалася карыснай і для іншых: яе ўжо перанялі ў Вілейскім, Копыльскім і іншых раёнах.
nevmer@mail.ru