Беларусы з розных краін свету ўсклалі кветкі да помніка Францыску Скарыне ў Празе

Прыйшлі да Скарыны

Ідэя збірацца часцей і ў гасцях адно ў аднаго прагучала летась на ІІ пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа і многім з яго ўдзельнікаў падалася прывабнай. І вось Член Кансультатыўнага савета Сяргей Татун з Чэхіі запрасіў гасцей, а беларусы з Германіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Расіі, Францыі, Эстоніі адгукнуліся. І ў чэрвені ў Празе адбылася пазачарговая сяброўская сустрэча членаў Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, што створаны пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Беларусы з розных краін сустрэліся ў Празе

Як вядома, пад эгідай МЗС прайшло ўжо два пасяджэнні “веча дыяспары”, пад час якіх абмяркоўваліся пытанні развіцця культурных, эканамічных, турыстычных ды іншых сувязяў Беларусі з рознымі краінамі. Дзякуючы ўтварэнню савета пазнаёміліся і пасябравалі паміж сабой і яго ўдзельнікі — беларусы з усяго свету. Для падтрымання стасункаў, абмену навінамі і прапановамі ў сацыяльных сетках былі створаны адмысловыя інфармацыйныя групы. Якраз у адной з іх і з’явілася прапанова Сяргея Татуна: сустрэцца ў Празе.

Ветлівыя гаспадары Сяргей і Святлана Татуны правялі для гасцей экскурсію па горадзе: шляхамі Скарыны. А да помніка першадрукару з нагоды 500-годдзя выдання першай кнігі на беларускай мове былі ўскладзены кветкі ад усіх cяброў Кансультатыўнага савета. На памятнай стужцы вянку так і напісана: “Ад беларусаў замежжа”. Прысутныя ўспаміналі гістарычныя факты з жыцця Францыска Скарыны ў Празе, а таксама гаварылі пра значэнне беларускай мовы ў асабістых лёсах, неабходнасць заўсёды і ўсюды памятаць свае карані. Казалі аб працы беларускіх суполак, заснаваную, перш за ўсё, на любові да Радзімы. А Сяргей Шабадалаў з літоўскага Вісагінаса вельмі прыгожа і пранікнёна прачытаў вершы на беларускай мове — Генадзя Бураўкіна “Я не ганю землі чужыя...” і Станіслава Валодзькі “Беларускі дом”.

Віктар Байкачоў з Нарвы зрабіў невялікі відэафільм, які можна паглядзець на старонках групы “Беларусы свету” ў сацыяльных сетках.

Абмяркоўвалі сябры і пытанні ўмацавання эканаміч­ных і турыстычных сувязяў краін свайго пражывання з Беларуссю. Усе прысутныя падтрымалі прапанову і далей праводзіць такія сустрэчы.

Мікалай Логвін,

г. Клайпеда, Літва

Голас Радзімы № 25 (3529), пятніца, 7 ліпеня, 2017 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter