Як у Мінску з дапамогай жывёл-тэрапеўтаў лечаць дзетак

Прыём вядзе Віта

Калі ў вас ёсць хатні гадаванец, то вы з намі пагодзіцеся: жывёлы не толькі любяць нас, але і дапамагаюць, адцягваюць ад клопатаў, расслабляюць і па-свойму лечаць. А яшчэ ёсць жывёлы, якія займаюцца прафесійна тэрапіяй. Коні, кошкі, дэльфіны, сабакі — гэта топ у спісе такіх памочнікаў. Карэспандэнт «Р» паглядзела, як праходзяць заняткі з жывёламі на зямлі і вадзе — з сабакамі і дэльфінамі.

Бацькі пацвярджаюць, што дзеткам пасля заняткаў з дэльфінамі нашмат лепш — яны напаўняюцца энергіяй, за кошт чаго лягчэй праводзіць з імі іншую тэрапію, лячэнне на медузроўні.

Х'юга, Геркулес і Віта — так завуць дэльфінаў-тэрапеўтаў, якія працуюць у Мінскім гарадскім дэльфінарыі «Нэма». Яны дарослыя — каля 20 гадоў, але заўсёды свецяцца ўсмешкамі, як дзеці, з якімі працуюць практычна кожны дзень. На дэльфінатэрапію прыводзяць малых з аўтызмам, ДЦП, парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату і іншымі захворваннямі. Дзякуючы заняткам у вадзе з ластаногімі ўрачамі дзеці атрымліваюць прыемныя эмоцыі, якія даюць больш магчымасцей для замацавання навыкаў і лячэння, што праходзяць у медустановах.

Сямейная пара з Чэлябінска Вераніка і Дзмітрый прыехала ў Мінск са сваім трохгадовым сыночкам Кірылам. У малога цяжкае генетычнае захворванне. Заняткі з дэльфінамі дапамагаюць яму напаўняцца пазітыўнымі эмоцыямі.

Дэльфіны жывуць каля 35 гадоў. У дэльфінарыі імкнуцца стварыць максімальна добрыя ўмовы для іх жыцця. Жывёлы здаюць аналізы, у кожнага з іх ёсць урач.

— Курс дэльфінатэрапіі доўжыцца 10 дзён запар раз у паўгода. Мы праходзім у вас ужо трэці курс. Відаць, што Кірушы падабаецца, пасля заняткаў у яго асэнсаваны погляд, добры настрой, — пераапранае Вераніка сына ў гідракасцюм. Вось-вось інструктар забярэ хлопчыка, яны спусцяцца ў басейн, дзе дэльфіны будуць гуляць з дзіцем: танцаваць, лавіць мячык, «казытаць» яго сваім ультрагукам. У цэлым такі занятак павінен скарэкціраваць наступствы хваробы.

На памосце два трэнеры-дэльфінатэрапеўты — Аляксандра Шулякоўская і Таццяна Рыжкевіч. Іх задача — напрамую працаваць з дэльфінамі, каб даць ім тыя каманды, якія патрэбны дэльфінатэрапеўтам у вадзе — Васілю Аўсянікаву і Кірылу Палуянаву. Апошнія трымаюць сувязь на занятках па схеме «дзеці — дэльфіны».

Сабака павінен працаваць не больш за 2 гадзіны ў дзень пару разоў на тыдзень. Гэта камфортны час для таго, каб ён не стаміўся.

— Дэльфіны — унікальныя. Яны кантактныя, любяць гуляць з дзецьмі, паслухмяна прыносяць мячык, усміхаюцца і маюць зносіны з усімі навакольнымі, — Аляксандра Шулякоўская частуе марскім асарці сваіх падапечных. — У год у нас займаюцца больш за 10 тысяч дзетак. 60 працэнтаў прыязджаюць з Прыбалтыкі. У іх таксама ёсць дэльфінарыі, але там заняткі адрозніваюцца — прымяняецца толькі лячэнне ультрагукам дэльфінаў, а ў нас комплекс — гульні, зносіны, плаванне і іншае. Развіта дэльфінатэрапія і ў Расіі, Украіне, а ў ЕС яе зусім няма. Арганізацыя «Грынпіс» забараняе выкарыстанне жывёл у тэрапеўтычных мэтах. Аднак дэльфіны лёгка адаптуюцца да новых умоў і жывуць доўга, шчасліва, калі пра іх клапаціцца.

А як працуюць сабакі-тэрапеўты? Сямейны цэнтр у Мінску. Зараз тут праходзіць забаўляльная праграма для малых. Узрушана гудзе група дзяцей з летняга лагера, яны ў захапленні ад 9-гадовай Гэры — англійскага бультэр'ера, гаспадыня якой каністэрапеўт Дар'я Тарноўская, і 5-гадовага Лакі — залацістага рэтрывера, якога трымае каністэрапеўт Аляксандр Дрозд. Дзеці млеюць толькі ад аднаго іх выгляду, а калі дакранаюцца да жывёл… Ух! Кіраўнік некамерцыйнай установы «Корса — Цэнтр каністэрапіі» Юлія Алтунюва назвала праект у гонар свайго рэтрывера, які стаў першым сертыфікаваным сабакам-тэрапеўтам. Пакуль хлопчыкі і дзяўчынкі, разбітыя на каманды, гуляюць разам з сабакамі, Юлія расказвае пра каністэрапію ў нашай краіне:

Заняткі з дэльфінамі доўжацца 25 хвілін.

— Як ініцыятыўная група мы існуём з 2015 года. Ужо ў гэтым годзе мы зарэгістраваліся. У нашай камандзе 11 спецыялістаў і 12 сабак: залацісты рэтрывер, лабрадор, цвергшнаўцары, мітальшнаўцары, брыяр, два кавалер-кінг-чарльз-спаніэлі, бультэр'ер. Парода можа быць любая, але прайсці экзамены для таго, каб стаць тэрапеўтам, можа не кожны сабака.

Для пачатку жывёліне трэба прайсці паводзінскі тэст, праверку на бяспеку. Калі яна не агрэсіўная, любіць увагу, выконвае загады, вясёлая, не баіцца шуму і натоўпу тых жа дзетак, то можа пачынаць навучанне. Што тычыцца гаспадароў, то яны таксама павінны прайсці курс падрыхтоўкі. Каманда «Корса» атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Першым Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце імя акадэміка І.П. Паўлава. У тэрапіі важна не нашкодзіць, а дапамагчы тым, хто мае патрэбу ў фізічнай, псіхалагічнай, сацыяльнай рэабілітацыі.

Пакуль «Корса — цэнтр каністэрапіі» працуе з дзеткамі, у будучыні, калі з'явіцца сваё памяшканне, хацелі б дапамагаць і дарослым.

Лечаць не жывёлы, а спецыялісты праз іх. Сабакі, па сутнасці, нічога не робяць. Жывёлы — матывацыйны аб'ект. Напрыклад, прыводзяць да нас дзіця з інваліднасцю: яго трэба навучыць трымаць лыжку, завязваць шнуркі, прывіць іншыя сацыяльна-бытавыя навыкі. Яно не хоча рабіць гэта для сябе, мамы, а вось сабачцы дапамагчы будзе спрабаваць.

«Не, не сыходзьце, сабачкі!» — крычаць дзеткі. Гэта скончыліся заняткі. Ім вельмі спадабалася гэтая хвастатая кампанія. Лакі і Гэры абыходзяць усіх іх і даюць сябе пагладзіць.

Лакі ўжо 7 месяцаў працуе тэрапеўтам.

— Зараз у сабакі адной з калег павінна нарадзіцца шчаня, якое мы хочам выхаваць як першага ў краіне сабаку-памочніка для яе дзіцяці з аўтызмам. Такі сабака не павадыр, ён будзе кантраляваць дзіця ўсюды, падаваць ваду і нават супакойваць, калі тое занервуецца, — дзеліцца новай мэтай Юлія Алтунюва. — Падобнае ёсць ва ўсім свеце, трэба вырасціць памочнікаў і ў нас…

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter