Тры месяцы, 48 гадзін практыкі - у Мінску навучаюць супрацоўнікаў унутраных спраў англійскай мове

Прыйcцi па-англiйску

Do you speak English? Калі зразумелі, што гэта за пытанне, значыць, вы трохі ведаеце англійскую мову, без якой у наш час, на жаль, нікуды. Гэта добра разумеюць і ў Акадэміі МУС, дзе вучаць замежнай мове не толькі курсантаў, але і выпускнікоў. Сёння апошнія праходзяць трохмесячныя курсы ўзмоцненай англійскай. Падстаў для speak English — вагон і маленькі вазок: у нас праходзіў чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе, хутка будзем прымаць дзіцячае «Еўрабачанне» і Еўрагульні. А яшчэ ў краіне плануецца павялічыць тэрмін бязвізавага знаходжання. Карэспандэнт «Рэспублікі» пабывала на лекцыі ў Акадэміі МУС.

Веды даюць у амерыканскім і англійскім варыянце

На прахадной акадэміі, што знаходзіцца на праспекце Машэрава, 6, людзі ў форме паказваюць пасведчанні і дадаюць: «На курсы». Гэта спецыялісты ідуць пасля працы на заняткі. Некаторым з іх 24 гады, а камусьці і ўсе 40. 

Заходзім у адну з аўдыторый. За партай у чаканні занятку сядзіць 27-гадовая Яўгенія Савасцеева. Яна інспектар аховы ва ўпраўленні па ахове дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў замежных дзяржаў.

— Я люблю падарожнічаць, да таго ж у сваёй працы нярэдка сустракаюся з іншаземцамі. Так што ведаць мову мне проста неабходна, — дзеліцца дзяўчына. — За тры месяцы, што праходзілі курсы, даведалася шмат. У пачатку нас пратэсціравалі, размеркавалі ў групы па ўзроўнях валодання мовай.

Навучальны дапаможнік — адзін з самых галоўных падручнікаў на занятках. У ім апісаны самыя розныя сітуацыі, з якімі можа сутыкнуцца супрацоўнік МУС.

— Раптам чалавек заблукае ў горадзе ці парушыць ПДР. Мы па-вінны дапамагчы, прычым на іх мове, — разважае інспектар. — Пачаць неабходна пры сустрэчы з замежным грамадзянінам з прадстаўлення: «Let me introduce myself, Senior Lieutenant Savo-steevа», што перакладаецца як «Дазвольце прадставіцца, старшы лейтэнант Савасцеева».

У групе Яўгеніі 18 чалавек. З іх усяго дзве дамы. Пацікавімся, як справы ў мужчын. Сяргей Ермачонак, інспектар аховы, адзін з самых маладых тут — яму 24. Акрамя курсаў, ён дадаткова вучыць англійскую мову  і самастойна:

— Гляджу кіно, серыялы на англійскай, чытаю кнігі і нават гутару па Skype з таварышам з Дамініканы. Яму патрэбна руская мова, мне — англійская. Мы адзін аднаго вучым. Ад курсаў чакаў ведаў па выразах, якія дапамогуць у прафесійных зносінах. Усю базу нам ужо далі. Ведаем, як дапамагчы, як зрабіць заўвагу, як апытаць, калі здзейснены злачынства, аварыя, дапаможам дабрацца да спарткомплексу або гасцініцы.

Пачынаецца занятак. У аўдыторыю ўваходзіць Іван Тураў, падпалкоўнік міліцыі, старшы выкладчык кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі МУС. Сёння група будзе паўтараць сітуатыўныя фразы. «Пакладзіце вашы рукі на машыну!», «Станьце тварам да сцяны!», «Ці патрэбна вам медыцынская дапамога?» і гэтак далей.

Іван ТУРАЎ: «Супрацоўнікі МУС маюць добрую матывацыю — англійская мова ім ужо неабходна ў працы»
Фота Вiталя ПIВАВАРЧЫКА

— Валоданне міжнароднай мовай — гэта магчымасць расказаць і паказаць нашы дасягненні, прыгажосць горада, традыцый і культуры. У акадэміі распрацавана праграма, якая дазволіць супрацоўнікам унутраных спраў не толькі правільна, карэктна размаўляць з іншаземцамі, але і дасць магчымасць не баяцца ў прынцыпе размаўляць, — тлумачыць Іван Тураў. 

Пераходзім у наступную аўдыторыю, дзе з іншым узроўнем англійскай мовы вучацца 15 чалавек. Сярод іх 36-гадовая Сафія Арцем’ева:

— Я працую старшым інспектарам штаба атрада міліцыі асаблівага прызначэння — АМАП. Вучыла англійскую ў школе, потым у акадэміі. Цяпер усё часцей і на працы сустракаю іншаземцаў. Наша служба працуе на мерапрыемствах, на даглядзе ў месцах масавага збору людзей.

Святлана ДЗЯНІСАВА
Адпраўляемся на кафедру беларускай і замежных моў, дзе распрацавалі дапаможнік для навучання замежнай мове. Святлана Дзянісава, загадчыца кафедры, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, дзеліцца ўражаннямі:

— Пачынаючы з 2012 года, калі краіна рыхтавалася да чэмпіянату свету па хакеі, кафедра актыўна працавала над падрыхтоўкай кадраў, здольных мець зносіны з замежнымі гасцямі. Мы бачым вялікі прагрэс. Вопыт правядзення міжнародных мерапрыемстваў дазваляе раскрыць патэнцыял нашых службаў. Мы выдалі і размоўнік для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, у якім пяць моў: англійская, нямецкая, польская, іспанская, французская. Фармат яго зручны — лёгка змяшчаецца ў кішэні службовай курткі. Вядома, больш спатрэбіцца супрацоўнікам органаў менавіта англійская мова. На наступным тыдні мы скончым другі набор слухачоў курса. Гэта будзе 4 групы да 20 чалавек. Яны пачнуць навучанне ў верасні. 

Дарэчы, каб нашы супрацоўнікі МУС былі сапраўды падкаваныя ў англійскай, запрашалі і носьбітаў мовы, якія тэсціравалі іх прама на вуліцы — па самых розных пытаннях.

— Лічу, наша краіна на верным шляху, — робіць вывад Святлана Дзянісава. — Бязвізавы рэжым, спаборніцтвы, конкурсы робяць краіну адкрытай. Нашы завочнікі з Брэста адзначаюць зараз важнасць валодання англійскай мовай. Кажуць: «Калі выходзіш у цэнтр Брэста на службу, нярэдка сустракаеш іншаземца, які прыехаў па бязвізавым рэжыме. Яму патрэбна дапамога, ты абавязаны яе аказаць, і робіш гэта проста». 

alinakasel@gmail.com 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter