У Мінску рыхтуюць прэм’еру культавага амерыканскага рок-мюзікла

Прывітанне з Брадвея

Тэатру «Тэрыторыя мюзікла» днямі споўнілася 5 гадоў. Узрост не надта вялікі, але ж пэўная вяха, дата і першы юбілей. Вось толькі адзначаць яго зусім няма калі — на выхадзе гучная прэм’ера. 28 сакавіка, пасля амаль трох гадоў падрыхтоўкі, нарэшце выпускаюць знакаміты брадвейскі рок-мюзікл «Недалёка ад нормы».

Маці — хатняя гаспадыня, бацька — архітэктар і двое ўжо амаль дарослых дзяцей. Усе разам жывуць у прыгарадным доме. Тыповая сям'я? Не зусім.
фота musicals.by

Тэатр атрымаў афіцыйную ліцэнзію з правам на ўласную аўтарскую рэжысёрскую інтэрпрэтацыю культавай пастаноўкі. Лібрэта перакладзена спецыяльна для «Тэрыторыі мюзікла». На рускай мове «Недалёка ад нормы» ўпершыню прагучыць менавіта ў Беларусі.

Мастацкі кіраўнік тэатра і рэжысёр Анастасія Грыненка:

— У гэтай нашай працы многае ўпершыню. Але якім бы ні быў яе вынік, у гісторыю музычнага тэатра краіны мы ўвайшлі ўжо хаця б тым, што ўпершыню ставім сучасны мюзікл, музыка і п’еса якога напісаны ў XXI стагоддзі. Героі спектакля не бароны і баранэсы, а простыя людзі, як мы з вамі, простая амерыканская сям’я са сваімі ўзаемаадносінамі.

Маці — хатняя гаспадыня, бацька — архітэктар і двое ўжо амаль дарослых дзяцей. Усе разам жывуць у выдатным прыгарадным доме. Тыпова? Не зусім. Звычайная маці не раскладвае хлеб на падлозе, робячы бутэрброды, і не лічыць свайго доктара рок-зоркай... Сюжэт мюзікла будуецца вакол жанчыны, якая пакутуе на біпалярнае расстройства, і паказвае, як яе хвароба адлюстроўваецца на блізкіх. Гісторыя сучасных аўтараў Тома Кіта (музыка) і Браяна Ёркі (п’еса і вершы) пра важнасць узаемнай падтрымкі ў сям’і і цяжкасці жыцця побач з чалавекам, чые паводзіны адрозніваюцца ад агульнапрынятых.

Нягледзячы на тое, што падымае даволі нязвыклыя тэмы, бо пра псіхічныя расстройствы ў грамадстве гаварыць не прынята, і жанр мюзікла традыцыйна лічыцца забаўляльным, спектакль вытрымаў больш за 700 імпрэз на Брадвеі. Крытыкамі ў ЗША ён прызнаны адным з лепшых шоу за апошнія 10 гадоў, сярод яго ўзнагарод 11 намінацый і 3 вышэйшыя амерыканскія прэміі Tony Award у галіне музычнага тэатра, а таксама прэстыжная Пулітцэраўская прэмія, у тым ліку за пашырэнне магчымасцей і тэматыкі жанру мюзікла.

Але ці не баіцца рэжысёр, што на сцэне паўстане карціна даволі змрочная? Усё ж галоўная гераіня не зусім здаровая.

Анастасія Грыненка хоць і называе пастаўленую п’есу падручнікам па псіхіятрыі, запэўнівае, што ў бездань дэпрэсіі гледачы дакладна не абрынуцца:

— Ва ўрбанізаваным свеце мы вымушаны пастаянна спраўляцца са стрэсам. У любога чалавека, знешне зусім нармальнага, можа быць незалечаная душэўная траўма або дэпрэсія, выкліканая нейкімі абставінамі. Як з гэтым жыць, наколькі гэта трэба хаваць, ці трэба гэтага баяцца, як своечасова папрасіць аб дапамозе і атрымаць яе, — вось тыя пытанні, якія глыбока даследуюцца ў мюзікле. Мы імкнёмся разабрацца, як такія людзі жывуць сярод нас, спрабуем больш адкрыта казаць пра гэта. Разам з тым сюжэтная лінія поўная нечаканых паваротаў, якія прымусяць гледача перажыць увесь спектр эмоцый — ад шчымлівай сардэчнай спагады да весялосці. У спектаклі шмат гумару.

Над падрыхтоўкай вакальных партый з артыстамі працаваў спецыяльна запрошаны ў Мінск пасольствам ЗША ў Беларусі (пры яго садзейнічанні ствараўся мюзікл) вядомы брадвейскі вакальны коўч Эндру Бёрн. Сваю праграму трэнінгаў ён перадае вучням у розных краінах свету. З яго дапамогай нашы артысты вучыліся спяваць па-брадвейску, асвойвалі новую для сябе тэхніку белтынг, якая істотна адрозніваецца ад класічнай манеры выканання.

Святлана Мацыеўская, у мюзікле яна іграе галоўную гераіню Дыяну Гудмэн, сама выкладае вакал і прызнаецца, што тымі ўрокамі была ўражана:

— У мяне падлога і столь быццам месцамі памяняліся, настолькі Эндру Бёрн перавярнуў мае ўяўленні пра вельмі многія рэчы. Дзякуючы гэтым заняткам я паднялася на прыступку вышэй у сваёй прафесійнай дзейнасці. Хаця, шчыра скажу, з маёй кансерваторскай адукацыяй пасля першага ўрока Эндру Бёрна я была настроена даволі скептычна, але пасля завяршэння курса заняткаў стала яго фанаткай.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter