Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Прывабныя бонусы для падарожнікаў

Для турыстаў у Мінску падрыхтаваны сюрпрыз: з “карткай госця” можна цяпер бясплатна наведваць музеі, карыстацца транспартам, за паўцаны — паабедаць і нават пабываць у аквапарку.

Чытачам “Голасу Радзімы” інфармацыя будзе карыснай: бо многія з беларусаў замежжа як госці прыязджаюць на Бацькаўшчыну. А так хочацца, часта прызнаюцца яны, як мага болей дзе пабываць ды паболей пабачыць. І вось у студзені ў Мінску пачалі прадаваць адзіную электронную “картку госця”. Бесперапынны тэрмін дзеяння яе — ад аднаго да трох дзён. 

На радзіме Якуба Коласа

Турыстычная картка створана на аснове транспартнай смарт-карткі. Карыстацца аўтобусам, тралейбусам, трамваем па ёй можна бясконца, уключаны і дзесяць паездак на метро. Бясплатна па “картцы госця” прымаюць у сябе 13 устаноў культуры Мінска: турыст можа пабываць у Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальным гістарычным музеі, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, заапарку... Са значнымі зніжкамі, ад 5 да 50 працэнтаў, можна наведаць 37 музеяў, чатырнаццаць з якіх — па-за межамі сталіцы: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Музей-сядзіба М.-К. Агінскага, Музейна-этнаграфічны комплекс “Заброддзе” ды іншыя. Прыемнымі цэнамі радуюць і 16 мінскіх гасцініц, якія далучыліся да праекта. Яшчэ карта дае права на дзве танныя аўтобусныя экскурсіі, зніжку на пракат аўтамабіляў і ровараў, наведванне Нацыянальнай бібліятэкі, аквапарка.

“Картка госця Мінска” — сумесны праект прадпрыемства “Мінгардаведка” ды інфармацыйна-турыстычнага цэнтра “Мінск”, а рэалізуецца ён па даручэнні Мінгарвыканкама. 

На нядаўняй прэс-канферэнцыі дырэктар “Мінгардаведкі” Барыс Васільеў адзначаў: “Перад распрацоўкай “карткі госця” быў вывучаны досвед іншых краін”. У краінах Заходняй Еўропы, напрыклад, падобныя карткі маюць 40 гарадоў. Мінская ж, па словах спецыяліста, мае шэраг пераваг. Напрыклад, безлімітны, а не зніжкавы праезд на грамадскім транспарце. У сэрвіс уключаны амаль усе музеі: аж да экстравагантнага Музея ката. Дый перспектывы ў праекта прывабныя. Скажам, ёсць задума выпусціць картку, якая будзе дзейнічаць пяць і сем дзён. А ў хуткім часе, магчыма, з’явіцца, і “Картка госця Беларусі”. 

“Картка госця” дапаможа значна эканоміць грошы: кошт яе — каля 2,5 долара ў эквіваленце. Яна можа быць актываваная на працягу 12 месяцаў пасля пакупкі, пры тым пачаткам яе дзеяння лічыцца момант электроннага сканавання QR-кода або ручнога ўводу дадзеных з “Карткі госця Мінска” пры першым наведванні музея ці экскурсіі. Набыць картку можна праз інтэрнэт, а таксама ў інфакіёсках і павільёнах па продажы сувеніраў прадпрыемства “Мінгардаведка” на пл. Свабоды, 2, на Прывакзальнай плошчы, 5а, у інфармацыйна-турыстычным цэнтры “Мінск” на вуліцы Рэвалюцыйнай, 13. А вясной, абяцаюць распрацоўшчыкі, пункт продажу адкрыецца і ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Карына Аляксандрава

Голас Радзімы № 7 (3559), чацвер, 15 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter