Беларусь усё часцей згадваецца як краіна, прывабная і камфортная для міжнароднага турызму

Прывабны вобраз

Беларусь усё часцей згадваецца як краіна, прывабная і камфортная для міжнароднага турызму. Так, амаль 40 працэнтаў расіян называюць нашу краіну лепшым месцам для адпачынку і падарожжаў. Беларускай турыстычнай інфраструктуры надаецца ўсё больш увагі ў заходніх альманахах і спецыялізаваных выданнях. Сярод іх асаблівае месца займае даведнік па Беларусі на англійскай мове, які паспяхова вытрымаў два выданні, а зусім нядаўна выдаўцы выпусцілі трэцяе. Гэта добрая падстава для гутаркі з яго аўтарам — Найджэлам Робертсам.


— Найджэл, раскажыце нам у двух словах пра сябе і, вядома, пра той даведнік, які вы склалі па Беларусі, што з такім поспехам разышоўся па англамоўнай Еўропе.

— На працягу 30 гадоў я працаваў юрыстам у Англіі, а цяпер падарожнічаю і пішу пра свае ўражанні. У Беларусі я ўпершыню пабываў у лістападзе 2001 года. Пасля трох-чатырох візітаў падумаў пра тое, чаму ў Еўропе не існуе даведнікаў па вашай краіне, і вырашыў стаць тым, хто яго напіша. Я спадзяюся, што мая кніга акажацца тым акном, праз якое замежнікі змогуць зірнуць на вашу краіну, балазе тут сапраўды ёсць на што паглядзець.

— Найджэл, на самай справе ў Еўрасаюзе ўжо існуе даведнік, дзе Беларусь прадстаўлена як адна з краін рэгіёна, што ўключае Расію і Украіну. Яго ствараў францускі журналіст і заснавальнік Асацыяцыі падарожнікаў Францыі Мішэль Рэно. Аднак відавочнае адрозненне вашага даведніка ў тым, што ён цалкам прысвечаны Беларусі. Не маглі б вы расказаць пра прычыны такога выбару.

— Прычына ў тым, што я хацеў прадставіць Беларусь як унікальную краіну. Калі я ўпершыню прыехаў сюды ў 2001 годзе, некаторыя рэчы нагадвалі мне СССР, які я наведаў у пачатку 90-х. Але вельмі хутка я зразумеў, што ў Беларусі ёсць свая прывабнасць. Тут можна ўбачыць шмат таго, чаго больш няма нідзе, у тым ліку і ў Расіі. Такая краіна, безумоўна, заслугоўвае ўласны даведнік.

— Пра ўзрастаючую прывабнасць нашай краіны для замежнікаў гавораць і іншыя. Не так даўно брытанскі часопіс “Business Insider” параўнаў беларускія рэстараны і кафэ з італьянскімі і адзначыў, што параўнанне ідзе на нашу карысць. Ці згодны вы з такой ацэнкай?

— Збольшага я згодны. У Беларусі ёсць шмат устаноў, якія не прайграюць сваім аналагам у Еўропе. Ёсць, вядома, і тыя, якія не дацягваюць да гэтай планкі, але так, бадай, усюды — і ў Парыжы, і ў Лондане, і ў Берліне. Але павінен адзначыць, што агульны ўзровень якасці такіх устаноў у Беларусі сапраўды высокі.

— Чаму, па-вашаму, варта надаць увагу, для таго каб яшчэ больш павялічыць прывабнасць Беларусі для замежнікаў?

— Па сваім досведзе магу сказаць, што галоўнае — гэта зрабіць інфармацыю пра Беларусь больш даступнай для астатняга свету. Прычым гэта павінна быць інфармацыя самага рознага парадку: літаратура, прысвечаная краіне, звесткі аб музеях і гістарычных месцах, брашуры. У вас ёсць такія рэчы, але я думаю, што іх павінна быць больш і яны павінны стаць больш даступнымі.

— Раз вы ўжо закранулі гэтую тэму. У Беларусі працуе Парк высокіх тэхналогій, кампаніі якога займаюцца ў тым ліку і распрацоўкай высокатэхналагічных рашэнняў для розных сфер грамадскага жыцця. Напрыклад, сістэма грамадскага транспарту ў Мінску сёння цалкам аўтаматызавана і прапаноўвае пасажырам падрабязную інфармацыю аб маршрутах і раскладзе транспарту. Як вы глядзіце на тое, каб хто-небудзь узяўся за распрацоўку падобнай высокатэхналагічнай сістэмы і для турыстычнай інфраструктуры?

— Па-мойму, гэта выдатная задумка. Сучасныя турысты хочуць заўсёды мець актуальную інфармацыю ў сябе пад рукой. Мець магчымасць, гуляючы, напрыклад, па вуліцы Леніна, пагля­дзеўшы ў свой тэлефон, даведацца, якія месцы для адпачынку ёсць на гэтай вуліцы, што яны прапаноўваюць і ў які час працуюць. Мая кніга дае агульнае ўяўленне пра такія месцы, яна даступная ў Гугле і на сайце майго выдаўца. Але часта вам патрэбна канкрэтная інфармацыя тут і цяпер, і ў гэтым могуць дапамагчы высокія тэхналогіі.

— Мішэль Рэно, якога я добра ведаў, часта гаварыў, што для яго ў краіне важны не халодны камень гістарычных будынкаў, а сама гісторыя і культура, традыцыі — “дух краіны”. А гэта можна адчуць не толькі і не столькі ў Мінску, колькі ў аддаленых кутках Беларусі. Дарэчы, у апошні час наш Урад надае вялікую ўвагу развіццю агратурызму. Як вы лічыце, ці ёсць тут добрыя перспектывы?

— Безумоўна. Я люблю Мінск, але яшчэ больш мне падабаецца Гомельская вобласць. Калі пасля пяці гадзін у цягніку я выходжу з вагона і аказваюся на Гомельшчыне, то адчуваю, што трапіў нарэшце ў самае сэрца краіны. Наогул, паляпшаючы турыстычную інфраструктуру, трэба быць вельмі асцярожным, каб не зрабіць яе занадта рафінаванай. Важна, каб у краіне засталася самабытнасць.

Напрыклад, недалёка ад самога Гомеля знаходзіцца горад Ветка. Самы звычайны правінцыйны гарадок, але мясцовы музей — гэта музей сусветнага класа, з багацейшай калекцыяй абразоў, старых кніг, ручнікоў, якіх не знайсці больш нідзе ў свеце. Так што я згодны з тым, што за межамі вялікіх гарадоў можна знайсці шмат дзіўных рэчаў, і я спадзяюся, што мой даведнік дапаможа ў гэтым турыстам, якія прыязджаюць у Беларусь.

Аднак і помнікі адыгрываюць сваю ролю. На вокладцы апошняга выдання майго даведніка адлюстравана Брэсцкая крэпасць — сімвал, які, на маю думку, лепш за ўсё адлюстроўвае дух беларускага народа.

— Адна з задач Парку высокіх тэхналогій — гэта стварэнне вобраза Беларусі як краіны з перадавымі тэхналогіямі, якая ідзе па шляху развіцця грамадства ведаў. Нашы дасягненні ў гэтай справе ўжо прызналі многія вядучыя кампаніі ў сферы высокіх тэхналогій. Як вы думаеце, ці гатовыя нас прыняць у такім вобразе і за межамі дзелавых колаў?

— У Беларусі ёсць рэчы, якія робяцца лепш, чым у астатніх рэгіёнах свету, уключаючы Еўрасаюз. Вельмі важна здолець данесці гэта. Рэальныя поспехі і правільнае іх асвятленне здольныя аказаць вялікі ўплыў на тое, як да вас будуць ставіцца. Так што я вельмі рад чуць, што ў вашай краіне з такім поспехам ідзе развіццё высокіх тэхналогій, і ўпэўнены, што вашы дасягненні атрымаюць прызнанне.

— Вы адзін з тых, хто адкрывае рэальны вобраз нашай краіны, і, мяркуючы па тым, што ваш даведнік па Беларусі перавыдаецца ўжо ў трэці раз, гэта знаходзіць попыт у Брытаніі. Ці можна гаварыць пра тое, што і ў адносінах нашай краіны з Еўрасаюзам у цэлым адкрываюцца рэальныя перспектывы развіцця цеснага супрацоўніцтва ў самых розных сферах?

— Я ў гэтым упэўнены. Адна з рэчаў, якая сапраўды значна павысіла рэпутацыю Беларусі ў вачах Захаду, гэта тое, якую ролю ваша краіна адыгрывае ў пытаннях мірнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. Ваш Прэзідэнт, прадаставіўшы ў Мінску пляцоўку для перагавораў паміж удзельнікамі канфлікту і лідарамі рэгіёна, аказаўся на вяршыні сусветнай палітыкі, і такое сведчанне значнасці кіраўніцтва ідзе краіне толькі на карысць. Вельмі важна замацаваць гэты поспех, дазволіўшы замежным інвестарам удзельнічаць у сумесных праектах і разам развіваць перспектыўныя напрамкі для ўзаемнай выгады.

— Можа быць, надышоў час стварыць бізнес-даведнік?

— Гэта пайшло б  толькі на ка­­­­рыс­­ць­. Асабліва калі ён будзе даступны ў рэжыме анлайн.

Раман Дубавец
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter