Прывіды вежы

Жыхары і госці Гродна змогуць убачыць горад з новага ракурсу

24 мая жыхары і госці Гродна змогуць убачыць горад з новага ракурсу.

У гэты дзень адкрыецца назіральная пляцоўка на пажарнай каланчы, адкуль будуць бачны цэнтральная плошча, старадаўнія замкі і палацы. А гродзенскі Музей гісторыі пажарнай службы разам з Музеем гісторыі рэлігіі падрыхтавалі насычаную святочную праграму.

— Пра тое, што шоу «Падарожжа ў краіну муз» пачынаецца, апоўдні абвесцяць адразу чатыры музыканты прама з каланчы, — расказвае загадчыца навукова-асветніцкага аддзела Музея гісторыі рэлігіі Таццяна Собаль. — Сам канцэрт пройдзе ў нашым унутраным дворыку. У час дзённай праграмы гледачам прапануюць выступленне эстраднага духавога аркестра Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, тэатралізаваную пастаноўку па матывах твораў Чэхава.

Як расказалі ў музеі, бліжэй да абеду праграму працягне міні-пленэр, а ў 13.00 пачнецца майстар-клас, дзе навучаць вырабляць лялькі. Паглядзець на ўжо гатовыя аўтарскія працы можна будзе на выставе «Спадарыня Лялька», якая адкрыецца ў 15.00 у зале Музея гісторыі рэлігіі.

Вячэрняя праграма, наведванне якой будзе платным, пройдзе пад джазавую музыку ў выкананні аркестра пажарных выратавальнікаў. Гледачы ўбачаць пясочнае шоу, тэатралізаванае прадстаўленне і пабываюць на інтэрактыўнай экскурсіі «Прывіды вежы».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter