Бум прошел, цены выросли, количество кредитов снизилось – о тенденциях на рынке недвижимости

Прыцягненне роднага кута

Папярэднія два гады ўстанавілі рэкорд на рынку жылля: колькасць прададзеных кватэр, напрыклад, у Мінску дасягнула максімуму за апошнія 20 гадоў. Адыходзячы год наўрад ці возьме планку 2017-га. Яго тэндэнцыі — рост цэн на «квадрат», павышэнне крэдытных ставак і заціхаючы ажыятаж. Карэспандэнт «Р» высвятляла, якім застанецца попыт на запаветныя метры і ці будуць яны даражэць у наступным годзе.
У топе продажу на рынку новабудоўляў – двухпакаёвая кватэра плошчай каля 50 кв. м.
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Стаўкі  ідуць  уверх

Па даных Нацыянальнага кадастравага агенцтва, на 19 снежня ў краіне прададзена 44 935 кватэр (у Мінску —  15 107). Відавочна, што леташні рэкорд, калі гэтая лічба склала 50 229, за паўтара тыдня пабіты не будзе. Прычын на тое некалькі. Кватэрнаму буму 2017-га вельмі дапамаглі танныя крэдыты: стаўка рэфінансавання змяншалася на працягу года 8 разоў, а пазыкі на жыллё патаннелі на 4—6 працэнтных пунктаў. Забудоўшчыкі сумесна з банкамі прапаноўвалі ўнікальныя фінансавыя праграмы з рэкорднымі стаўкамі — 7 працэнтаў гадавых у першы год. Гэта істотна падагравала пакупнікоў, у выніку больш за палову здзелак у новабудоўлях афармлялася ў крэдыт. Сёння сітуацыя некалькі іншая: тыя, хто хацеў пазычыць грошай у банкаў і палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, ужо зрабілі гэта. Ажыятаж на рынку спаў, і наўрад ці ў бліжэйшы час попыт будзе такім вялікім, як летась, менавіта з-за фінансавых магчымасцей банкаў.

Намеснік начальніка аддзела кансалтынгу і аналітыкі «Твая сталіца — упраўленне праектамі» Андрэй Чарнышоў пацвярджае: адыходзячы год быў эканамічна стабільным.

— Даходы насельніцтва ў гэтым годзе раслі, заставаліся даступнымі крэдыты — гэта надавала аптымізму і прадаўцам, і пакупнікам. Студзень стаў рэкордным для пачатку года за апошнія 5—7 гадоў: на рынку было здзейснена больш за 900 здзелак, аднак затым ажыятаж пачаў сціхаць. Разам з гэтым знізілася і фінансавая забяспечанасць попыту: нягледзячы на тое што кватэры купляюць заўсёды, шмат хто ўжо паспеў узяць крэдыты пад гэтыя мэты. А вось пры стабільным попыце цэны сёлета раслі, колькасць здзелак скарачалася і да лета апусцілася ніжэй за 1000 у месяц. Асноўная колькасць пакупнікоў ужо вырашыла кватэрнае пытанне, кошт метра пры гэтым па інерцыі рос і за год у сярэднім па рынку павялічыўся на 10 працэнтаў.

Працягваюць дзейнічаць спецыяльныя праграмы крэдытавання на будаўніцтва і куплю жылля, некаторыя з іх маюць стаўку ніжэй за 10 працэнтаў . У параўнанні з сярэдзінай года да канца года некалькі зменшылася доля пакупнікоў з крэдытамі, што аналітыкі звязваюць з банкаўскай крэдытнай палітыкай, якая ўскладнілася ў канцы 2018-га .

Па ацэнцы экспертаў,  на гэта паўплывалі некалькі фактараў:  узмацненне жорсткасці ўмоў для атрымання крэдыту, павышэнне працэнтных ставак, скарачэнне аб'ёмаў крэдытавання банкаў, а таксама закрыццё некаторых банкаўскіх праграм. І калі ў лістападзе—снежні мінулага года ў новабудоўлях больш за палову кватэр прадавалася ў крэдыт, цяпер гэтая лічба трымаецца на ўзроўні 45 працэнтаў. На другасным рынку паказчык яшчэ ніжэйшы — каля 30 працэнтаў. Справа ў тым, што некалькі банкаў спынілі крэдытаваць другаснае жыллё, акрамя таго, больш жорсткімі сталі ўмовы выдачы пазык. Сярэдняя сума крэдыту па здзелках застаецца на ўзроўні 52—62 тысяч рублёў.
Каля 45 працэнтаў новых кватэр купляецца з дапамогай крэдытаў.
Фота Ганны ВЯЖЭВІЧ

Ёсць  баланс

Нягледзячы на тое што многія беларусы пераязджаюць у новабудоўлі, колькасць здзелак на другасным рынку павялічвалася ў першай палове года. Так, у студзені іх стала больш на 45 працэнтаў, чым годам раней. З чэрвеня актыўнасць пакупнікоў знізілася да сярэдніх для Мінска значэнняў і вагаецца ў дыяпазоне ад 1000 да 1100 здзелак. Нетыпова тое, што мінімальная колькасць здзелак (менш за 1000) у гэтым годзе была ў ліпені, хаця ўжо некалькі апошніх гадоў летняга прасядання попыту на другасным рынку не адзначалася. Але з прыходам верасня актыўнасць пакупнікоў вярнулася.

Эксперты адзначаюць: тэндэнцыі да далейшага росту попыту на рынку   жылля няма. Пры гэтым аб'ём прапановы сёлета плаўна расце: са студзеня колькасць выстаўленых на продаж кватэр павялічылася на 40 працэнтаў. Што тычыцца цэн, то ў гэтым годзе на другасным рынку яны выраслі ў сярэднім на 11 працэнтаў і ў выпадку стабільнага попыту застануцца на цяперашнім узроўні, а ў перспектыве могуць і знізіцца.

Па словах кіраўніка «Твая сталіца. Навабудцэнтр» Наталлі Жалавай, на рынку новабудоўляў самымі папулярнымі сёлета былі эрганамічныя кватэры невялікай плошчы. У топе продажу — двухпакаёвая кватэра плошчай каля 50 кв. м. Адзін з найбольш яркіх і запатрабаваных трэндаў апошняга часу — кватэры-студыі, еўракватэры (з аб'яднанай зонай гасцінай і кухні). Што ж тычыцца цэн на новае жыллё і прагнозаў на 2019-ы, з імі эксперты асцярожнічаюць.

Казаць аб прагнозах на 2019 год пакуль рана, — прызнаецца Андрэй Чарнышоў. — Відавочных прычын для росту цэн і патаннення крэдытаў пакуль няма. Мяркуем, кошт метра ў сярэднім застанецца на гэтым жа ўзроўні (зрэшты, будуць і сезонныя ваганні), магчыма, да канца 2019-га цэны нават знізяцца.

konoga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter