“Ніякая глыба золата не пераважыць крошкі хлеба”

Прыцягненне мотальскiх берагоў

“Ніякая глыба золата не пераважыць крошкі хлеба”, — перакананы іванаўскі аграном Валерый Стасевіч
“Ніякая глыба золата не пераважыць крошкі хлеба”, — перакананы іванаўскі аграном Валерый Стасевіч



Хто на Беларусі не чуў пра Моталь і руплівых вяскоўцаў гэтага ўнікальнага мястэчка. А вось, мабыць, не ўсім вядома, што стабільна высокую ўраджайнасць сельгаскультур атрымліваюць у ААТ “Агра-Моталь” Іванаўскага раёна. Сёлета з 800 гектараў збожжавых намалочана на круг па 50 цэнтнераў зерня. Гаспадарка актыўна супрацоўнічае з беларускімі і заходнееўрапейскімі селекцыянерамі. На мотальскіх палях вырошчваецца элітнае насенне збожжавых, шматгадовых траў, гародніны і бульбы. Агранамічную службу ўзначальвае выпускнік Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Валерый СТАСЕВІЧ, які студэнтам практыкаваўся ў вядомым калгасе “Рассвет” імя Кірылы Арлоўскага. Працоўную дзейнасць пачынаў галоўным спецыялістам у Нараўлянскім раёне. Чвэрць стагоддзя таму Валерый Паўлавіч вярнуўся ў родныя мясціны, працаваў аграномам вытворчай брыгады і ўжо адзінаццаты год — галоўны аграном. Некалькі скліканняў выбіраўся дэпутатам раённага Савета. Узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, шматлікімі граматамі.

ГУСТЫ трыснёг вякамі хаваў нізкія берагі юрклівай Ясельды, плынь якой кішэла рыбай. Лавіць яе ў густанаселеным мястэчку Моталь дазвалялася толькі спецыяльнай арцелі, у якой працаваў за польскім часам малазямельны селянін Герасім Стасевіч. Ноччу на баркасах зацягвалі сеткі, і раніцай свежая рачная рыба пляскалася на гандлёвых радах самабытнага мястэчка, якое акружала векавая дрыгва. Лапікі зямельных выспаў засявалі збажыной, саджалі бульбу, сеялі лён і каноплі. Зямлі не ўсім хапала. Праца ў рыбалоўнай арцелі сяк-так трымала на плаву шматдзетную сям’ю Стасевічаў. Мясцовы люд займаўся гарбарствам, ткацтвам, вырабам мясных прысмакаў і іншымі спрадвечнымі промысламі, большасць якіх захавалася. 

З прыходам савецкай улады ў Моталі арганізаваўся калгас і мясаперапрацоўчы кааператыў, у якім працаваў адзін з сыноў Стасевічаў Павел. Ажаніўся ён на мясцовай дзяўчыне Марыі, што гандлявала ў прамтаварным магазіне. Сваякі дапамаглі ім хату збудаваць, у якой паўвека жывуць Павел і Марыя Стасевічы. Дзецям імкнуліся даць адукацыю. Старэйшага сына Валерыя рыхтавалі на гандлёвы факультэт Інстытута народнай гаспадаркі. У апошнія школьныя гады юнак заўзята штудзіраваў профільныя дысцыпліны. Але з-за высокага конкурсу ў прэстыжны інстытут разам са стрыечным братам павезлі дакументы ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, дзе Валерый абраў агранамічны факультэт. Бацькі, і асабліва дзядуля Герасім, здзівіліся такому выбару. 

З першага курса захапілі вясковага юнака агранамічныя дысцыпліны, практычныя заняткі ў акадэмічным дэндрарыі і цяпліцы. Студэнцкую групу, у якой займаўся Валерый Стасевіч, курыраваў прарэктар акадэміі па навуковай дзейнасці прафесар Пётр Шарснёў і кожнаму выхаванцу дапамог уладкавацца на пераддыпломную вытворчую практыку ў перадавыя гаспадаркі рэспублікі. За вялікі гонар для выпускніка аграфака Стасевіча было практыкавацца ў вядомым калгасе “Рассвет” імя Кірылы Арлоўскага. На працу малады спецыяліст атрымаў размеркаванне ў Нараўлянскі раён, дзе прызначылі галоўным аграномам калгаса “Чырвоны баец”. А юнаку мроілася вяртанне дамоў, дзе засталіся бацькі, сваякі і мілая сэрцу дзяўчына. 

Адпрацаваў належны тэрмін і вярнуўся ў родныя мясціны. Старшыня калгаса Вячаслаў Каштальян прапанаваў пасаду агранома ў вытворчай брыгадзе, якою кіраваў вопытны хлебароб Іван Бінько. Паступова ручную працу замяняла тэхніка, укараняліся новыя тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур. Малады спецыяліст раіўся з брыгадзірам, як лепш прымяніць новае ў практычнай дзейнасці. 

Сэрца юнака грэлі сустрэчы з вясковай медсястрой Людмілай, бацька якой — калгасны механізатар Сцяпан Пташыц — паказваў узоры працы на калгасных палетках. Згулялі вяселле, і ў прасторны дом Стасевічаў прыйшла маладая нявестка. Вярнуўся дамоў пасля заканчэння эканамічнага факультэта Беларускага інстытута народнай гаспадаркі малодшы брат Васіль, які размеркаваўся галоўным спецыялістам у суседнюю гаспадарку “Моладава”. 

На вачах мянялася наваколле Моталя. На былых балотах раскінуліся хлебныя нівы калгаса. Асфальтаваная дарога звязала вёску з райцэнтрам і праз бетонны мост з зарэчнымі населенымі пунктамі. Агранамічную службу ўзначаліла Марыя Зяньковіч. Патрабавальная да сябе і падначаленых, яна ўдасканальвала тэхналогію вырошчвання сельгаскультур. Размахнуцца было дзе. Амаль 11 тысяч сельгасугоддзяў у гаспадарцы. Упэўнена вяла за сабою спецыялістаў. Многае пераняў у вопытнага прафесіянала Валерый Стасевіч. А калі Марыі Іванаўне прапанавалі ўзначаліць суседнюю гаспадарку на абноўленых палескіх масівах, яму даверылі пасаду галоўнага агранома ў ААТ “Агра-Моталь”. 

З-за працы не заўважыў, як выраслі сыны, атрымалі вышэйшую адукацыю. Старэйшы Юра працуе ў Брэсцкім будаўнічым трэсце нумар 8, які задзейнічаны на ўзвядзенні Беларускай атамнай станцыі. Малодшы Павел займаецца перапрацоўкай малака ў вядомай фірме “Савушкін прадукт”. Часта наведваюцца да бацькоў, цікавяцца жыццём роднай вёскі, якая штогод на пачатку жніўня віруе гасцямі, што збіраюцца на традыцыйны міжнародны фэст “Мотальскія прысмакі”. Часта наведваюцца сюды і спецыялісты з іншых рэгіёнаў рэспублікі. Мясцовая гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні насення збожжавых, бульбы, шматгадовых траў. Насенняводства патрабуе прафесіяналізму ад галоўнага агранома да механізатараў, што працуюць на палях. Спецыялізацыя фарміравалася і ўмацоўвалася гадамі. Эканамічная база дазваляе эксперыментаваць. 

На вытворчым ўчастку, дзе чвэрць стагоддзя Валерый Стасевіч пачынаў працаваць аграномам, пільна вытрымлівалася сістэма севазвароту. Адзінаццаты год узначальвае агранамічную службу Валерый Паўлавіч. Па вытворчых паказчыках раслінаводства калгас пастаянна лідыруе не толькі ў вобласці, але і рэспубліцы. Насенны матэрыял высокай якасці, дакладна выконваецца на палях тэхналогія. Сёлета на асобных ячменных палях, дзе вырошчваўся заходнееўрапейскі сорт “тэрэза”, намалочвалі па 60 цэнтнераў на круг. 

У прамежку паміж жнівом і масавай уборкай бульбы актыўна вядзецца падрыхтоўка насення азімых збожжавых. Штогод прадаецца да 3000 тон элітнай азімай пшаніцы, жыта, трыцікале. Усе лініі на збожжатаку задзейнічаны ў дзве змены. Зерне даводзіцца да адпаведных кандыцый, пратраўліваецца і рыхтуецца да рэалізацыі. З усіх куткоў Беларусі едуць у Моталь за насеннем. Праца напружаная і патрабуе асаблівай пільнасці для галоўнага агранома, на якім трымаецца ўся арганізацыя аператыўнага выканання заявак спажыўцоў.

Гаспадарка супрацоўнічае з Брэсцкай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыяй РУП НАН Беларусі і Гродзенскім занальным навукова-даследчым істытутам сельскай гаспадаркі. Частка суперэліты напрамую завозіцца з Германіі, дзе заключаны ліцэнзіённыя дамоўленасці на размнажэнне па Беларусі азімага ячменю “тэрэза” заходнееўрапейскай селекцыі. Яго ў нашых гаспадарках раней не было, а вось дзесяцігоддзе таму ўзнікла патрэба.

— Выклікана гэта раннім — на некалькі тыдняў — паспяваннем зерня, — адзначае Валерый Стасевіч. — Звычайна перад масавым жнівом паўстае праблема фуражнага зерня, а азімы ячмень сорту “тэрэза” на тры тыдні раней можна ўбіраць. І яшчэ важна, што з пашырэннем пасеваў рапсу ўзнікла неабходнасць у папярэдніку, які раней убіраецца і вызваляюцца плошчы. Ранняспелы ячмень нам прапанавалі заходнееўрапейскія селекцыянеры. Ужо сем гадоў культывуем яго і прадаём элітнае насенне іншым гаспадаркам. Выгада ўзаемная як для нас, так і для замежных партнёраў, якім мы за кожную рэалізаваную тону насення выплачваем па 30 еўра.

— Нашы марозныя зімы ён вытрымлівае?

— Кліматычныя ўмовы заходняй часткі рэспублікі ідэнтычныя заходнееўрапейскім. Яго культывуюць нават некаторыя гаспадаркі Віцебшчыны. Клімат апошніх гадоў гэтаму спрыяе. Па ўраджайнасці азімы ячмень на ўзроўні іншых збожжавых культур. 

На доследных насенных участках вырошчваем азімую пшаніцу еўрапейскай селекцыі сорту “сэйлор”. 

— А чаму не пшаніцу беларускіх селекцыянераў?

— Высокаўраджайных беларускіх сартоў пшаніцы шмат, але не заўсёды селекцыянеры пастаўляюць высокаякасны зыходны матэрыял. Бывае змяшэнне сартоў, і зерне з такіх участкаў вымушаны выкарыстоўваць на фураж. Пераважную большасць хлебнай нівы гаспадаркі засяваем беларускімі сартамі.

Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з селекцыйнымі цэнтрамі рэнтабельнасць вытворчасці зерня ў гаспадарцы стабільна трымаецца на ўзроўні 20 працэнтаў. 

Для нашага рэгіёна характэрны лёгкія глебы, і вучоныя апошнім часам вызначаюць яго ў дадатковую кліматычную зону, дзе выпадае менш як 400 міліметраў ападкаў у год. Таму канкураваць з суседнімі рэгіёнамі, дзе больш спрыяльныя кліматычныя ўмовы,  складана. Але пры абсалютнай тэхналогіі атрымліваем прыбытак ад вырошчвання зерневых культур. 

— Якая культура дае найбольшы прыбытак?

— Беларуская бульба. З адзінаццаці тысяч гектараў зямлі амаль тысячу адводзім пад яе і атрымліваем амаль па 500 цэнтнераў клубняў з гектара. Лёгкія супясчаныя глебы спрыяюць высокім ураджаям. Пяць гадоў таму вырошчвалі 25 сартоў беларускай бульбы. Выпрабоўвалі і адбіралі найбольш перспектыўныя. У апошнія гады рэзка знізілася якасць пастаўляемага селекцыйнымі цэнтрамі насення. Губляем былую славу беларускіх вучоных-бульбаводаў. Летась у гаспадарцы вырошчвалі толькі чатыры беларускія сарты. Насенне нам пастаўлялі Беларускі навукова-даследчы інстытут бульбаводства і плодаагародніцтва і Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя. Мы наладзілі супрацоўніцтва з заходнееўрапейскімі бульбаводамі. Сёлета палову насенных палеткаў займаюць сарты чатырох кампаній з Германіі і Галандыі, якія арыентаваны на вырошчванне ў паўднёвай частцы Расіі — ад Краснадара да Астрахані і Растова-на-Доне. Там за год збіраюць два ўраджаі, але складана атрымаць насенне. Мы ўсталявалі з гэтым рэгіёнам эканамічныя сувязі і пастаўляем ім эліту бульбы заходнееўрапейскай селекцыі.

Расійскія фермеры бяруць у нас узоры насення, апрабуюць у сваіх лабараторыях, на палях і заключаюць дамовы на пастаўку. Расійскі рынак мы за некалькі гадоў пашырылі ўжо да васьмі рэгіёнаў.

Летась выпрабоўвалі калекцыю новых заходнееўрапейскіх сартоў “каралева Анна”, “таісія”, “гранада”, “лабела”, якія ў Беларусі пакуль культывуюцца абмежавана. Атрымалі добрыя вынікі, і таму плошчы пад іх павялічылі. Попыт на насенны матэрыял на беларускім і расійскім рынку расце. 

Сёлета ўпершыню завезлі па сорак тон насення новых для Беларусі засухаўстойлівых сартоў бульбы “джуэл” і “кронэ” нямецкай фірмы, якія ўжо вырошчваюцца ў паўднёвых рэгіёнах Расіі. Клубні фарміруюцца жоўтага і чырвонага колеру. І хаця высадзілі іх у канцы мая, але ўраджай радуе.

Нязменна карыстаюцца попытам у насельніцтва вядомыя беларускія сарты “скарб” і “брыз”. Нават у сёлетняе засушлівае лета дзякуючы ранняй пасадцы яны добра ўрадзілі. Клубні паспелі захапіць вясновую вільгаць, і запраўка палёў паспрыяла поспеху. Фасуем у сеткі для адпраўкі ў гандлёвыя кропкі Беларусі і Расіі. 

Заключылі дамову з беларускай харчовай фірмай на вырошчванне насення чыпсавых гатункаў бульбы нямецкай селекцыі. 

Стварылі маркетынгавую службу, якую ўзначаліла выпускніца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Лідзія Кульбеда. 

— Чвэрць стагоддзя вы працуеце ў роднай гаспадарцы. Які ваш самы галоўны поспех і якія самыя галоўныя праблемы? 

— Трывала замацавалі насенняводчы напрамак дзейнасці. Пастаянна нарошчваем вытворчасць. Час дбаць і пра тэхнічнае абнаўленне, каб своечасова спраўляцца з тэхналагічнымі працэсамі. Адчулі, што ў рэспубліцы паўстае праблема насення траў і пачалі іх вырошчваць. Але сутыкнуліся з тым, што няма айчыннай спецыялізаванай тэхнікі. “Гомсельмаш” не выпускае. Неабходна нам і зернесушыльную гаспадарку абнаўляць. 

— Што складаней: вырасціць ураджай ці ўдала прадаць яго?

— Поле патрабуе не толькі клопату, а і прафесійных ведаў. На якасную прадукцыю ёсць попыт, але важна, па якой цане рэалізаваць. Калі атрымліваем па 500 цэнтнераў бульбы з гектара, то самая нізкая цана не зменшыць рэнтабельнасць. 

Раней у Беларусі была дзяржаўная праграма па развіцці бульбаводства, якая садзейнічала поспеху. За свае сродкі мы пабудавалі сховішча для агародніны на 14 тысяч тон, але яго ўжо не хапае. Пачалі ўзводзіць яшчэ два па 3 тысячы тон кожнае. Будоўлю замарозілі, бо неабходны былі сродкі для набыцця звыш 500 тон элітнай бульбы.

— Валерый Паўлавіч, не шкадуеце, што ў юнацкія гады замест гандлёвага факультэта закончылі аграфак акадэміі?

— Сялянскі парастак маёй душы на генным узроўні абраў гэты жыццёвы шлях. Я шчаслівы, што так атрымался. Мой працавіты дзед Герасім Стасевіч ледзьве ўтрымліваў сваю сям’ю дзякуючы рэчцы Ясельдзе, якая іх карміла. Дзед марыў пра зямельны надзел. У бацькоў цеплілася жаданне працаваць на зямлі, якой было мала. А майму пакаленню ясельдзянскія балоты падаравалі бескаштоўнае багацце — абноўленыя масівы, якія чутка адгукаюцца на наш клопат. Нават у сёлетні засушлівы год атрымалі багаты каравай, і бульба добра ўрадзіла. 

У гэтым поспеху мотальскай гаспадаркі цяжка пераацаніць ролю галоўнага агранома Валерыя Стасевіча. З маладых гадоў ён не здрадзіў роднай ніве. У радасць Валерыю Паўлавічу праца на зямлі продкаў. Медалём “За працоўныя заслугі” адзначаны яго вытворчыя дасягненні, неаднаразова ён прымаў удзел у рэспубліканскіх фестывалях-кірмашах “Дажынкі”, узнагароджваўся граматамі і грашовымі прэміямі. 

За ўсю гісторыю чалавецтва ніколі не забывала пра сейбіта. І ніякая глыба золата не пераважыць крошкі хлеба!

Уладзiмiр СУБАТ

Іванаўскі раён

Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter