Прыцягальная «пятнашка»

У  Бабруйскi  мастацкi   каледж №  15  некалi  ехалi  вучыцца з  усяго  Саюза,  а  цяпер – з  усёй  рэспублiкi  

У  Бабруйскi  мастацкi   каледж №  15  некалi  ехалi  вучыцца з  усяго  Саюза,  а  цяпер – з  усёй  рэспублiкi

Свой паўвекавы юбiлей адзначае Бабруйскi мастацкi каледж № 15, цi «пятнашка», як яшчэ любоўна яго называюць. Нягледзячы на такi адметны ўзрост, ён поўнiцца маладымi галасамi, нацэлены на будучыню, перспектыву. Бываючы тут, гэткi настрой адразу адчуваеш.

Цiкава, што пачыналася навучальная ўстанова са школы па падрыхтоўцы кадраў для дрэваапрацоўчай галiны: сталяроў, рэзчыкаў па дрэве, работнiкаў iншых прафесiй. Затым гэта прафесiйна-тэхнiчнае вучылiшча № 15. Прыбаўлялася педагогаў i навучэнцаў, сюды вучыцца прыязджалi з розных куткоў Саюза, ад Уладзiвастока да Калiнiнграда. Высокай была папулярнасць ПТВ. У многiм гэта звязана з дзейнасцю былога дырэктара Аркадзя Ларына, доктара педагагiчных навук, прафесара,
якi чатыры дзесяткi гадоў аддаў любiмай справе. Пры iм i новыя карпусы выраслi, i навучальна-вытворчая майстэрня з’явiлася, гаспадарчы двор, музей, што ўмясцiў сем меншых – народнай творчасцi, працоўнай славы i iншых, якi i цяпер у добрым стане.

Не страцiла свайго высокага статуса навучальная ўстанова i зараз, пасля перайменавання ў каледж. Цяпер у ёй па дзесяцi спецыяльнасцях навучаецца паўтысячы чалавек, шмат таленавiтых навучэнцаў, прэзiдэнцкiх стыпендыятаў. Рукамi майстравiтых хлопцаў i дзяўчат упрыгожаны двор, пад’язныя шляхi да навучальнай установы, а таксама шэраг гарадскiх сквераў, любiмых месцаў адпачынку гараджан. Ды дзе нi пабываеш, iх работа, адметнае выкананне!

За час свайго iснавання навучальную установу закончылi больш за сто тысяч чалавек. Сярод iх такiя вядомыя iмёны, як пракурор Магiлёўскай вобласцi Эдуард Сiнькевiч, вядомы расiйскi мараплавец Фёдар Конюхаў i iншыя.

Цяперашнi дырэктар Васiль Крычко таксама заканчваў гэтую навучальную ўстанову. Вельмi цiкавы, самабытны чалавек, мае тры вышэйшыя адукацыi i дзве сярэднiя спецыяльныя, прагны да ведаў, самаўдасканалення. Творчая асоба, ён аўтар некалькiх вершаваных зборнiкаў. Шмат iнiцыятыў зыходзiць ад яго, тая ж трохступеньчатая сiстэма навучання, калi на першым этапе навучэнцы набываюць рабочыя прафесii, на другiм – майстроў вытворчага навучання, на трэцiм (па скарочанай праграме – у Мазырскiм педiнстытуце, куды паступаюць) – выкладчыкаў па разнастайных дысцыплiнах.

Адным словам, навучальная ўстанова i цяпер у надзейных руках. Што яшчэ сказаць пра яе? Жыве, працуе, не думае саступаць iмклiвай хадзе часу. Усё болей умацоўваецца кадрамi, паляпшае сваё фiнансавае, матэрыяльнае становiшча. Гэтаму дапамагаюць педагогi, навучэнцы, увесь калектыў. На тэрыторыi каледжа  адкрылi спецыяльны магазiн па продажы сваiх вырабаў – карцiн, прадметаў дрэваапрацоўкi, чаканкi i iншых. Нядаўна французская дэлегацыя прыязджала, дык прадукцыя была нарасхват, настолькi яна спадабалася! Ды i бабруйчане добра яе разбiраюць, таму што ведаюць ёй кошт. шмат работ выконваюць па заказах. Так што капейка збiраецца немалая. Ды гэта, апрача ўсяго, яшчэ i практыка, павышэнне асабiстага майстэрства.

Вiншуючы «пятнашку» з яе заслужаным юбiлеем, хочацца пажадаць ёй нiколi не страчваць сваёй адметнасцi, быць заўжды маладой i прыцягальнай!

На здымку: навучэнка каледжа Вiка IВАНОВА.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости