Прысвячаецца Агінскаму

Да 250-годдзя кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, якое сёлета па рашэнні ЮНЕСКА адзначае ўвесь свет, беларусы ставяцца з асаблівым пачуццём
Да 250-годдзя кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, якое сёлета па рашэнні ЮНЕСКА адзначае ўвесь свет, беларусы ставяцца з асаблівым пачуццём


Фота: Дмітрый Іўчанка

Адрэстаўраваны маёнтак музыканта ў Залессі. А дыпламат і калекцыянер Пётр Краўчанка перадаў у адноўлены маёнтак, які стаў музеем, копіі 4 дакументаў канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў, арыгіналы якіх набыў на аўкцыёнах. Іх прэзентацыя прайшла ў мінскім Доме дружбы пры падтрымцы пасольства Польшчы.

Краўчанка невыпадкова захапіўся Агінскім. Ён з Маладзечна, якім валодалі прадстаўнікі гэтага роду. І разам са сваім сябрам Рыгорам Сарокам, дырэктарам мясцовага музычнага каледжа імя Агінскага, скульптарам Валяр’янам Янушкевічам, іншымі энтузіястамі ўжо нямала зрабіў для ўшанавання памяці знакамітага земляка. У прыватнасці, у Фларэнцыі на доме, дзе прайшлі апошнія гады жыцця Міхала Клеафаса, усталявана мемарыяльная дошка на беларускай ды італьянскай мовах.

Міхал Хабрас, часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі, выступаючы на вечарыне ў Доме дружбы, нагадаў:

— Міхал Клеафас Агінскі жыў у складаны час, калі яго Айчына — Рэч Паспалітая — знікла з карты Еўропы. Але застаўся ў вяках твор музыкі — паланэз “Развітанне з Радзімай”. У 2005 годзе я быў здзіўлены, пачуўшы яго ў кіргізкім горадзе Ош у выкананні мясцовага жыхара на акардэоне, прама на цэнтральнай плошчы.

Яшчэ мацней уразіла гасцей вечарыны выступленне баса-барытона Уладзіміра Александровіча — маладзечанца, які працуе цяпер у фларэнтыйскім тэатры “Камунале”. Выканаўшы фрагмент новага твора пра Агінскага на беларускай мове, ён яшчэ раз пераканаў у тым, што наша зямля застаецца вось ужо больш як 200 гадоў буйнейшым экспарцёрам талентаў для ўсяго свету. І рана ці позна яны вяртаюцца на Радзіму, з якой некалі развіталіся.

Віктар Андрэеў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter