Беларусь Сегодня

Минск
+21 oC
USD: 2.03
EUR: 2.29

В Березовском районе создали общественный музей, в который приезжают гости даже из Америки

Прыпынак у часе

Бібліятэкар Лідзія Іванаўна Рудзьман прапануе на гадзіну забыцца пра імклівы рух жыцця. Яна кліча на экскурсію ў мінулае — у грамадскі музей этнаграфіі і сялянскага побыту.

У бібліятэку вёскі Вайцяшын, дзе і месціцца музей, мы прыехалі адначасова з экскурсійнай групай. Школьнікі тут — частыя госці. Турысты з Польшчы, Германіі, Англіі, Кітая і ЗША таксама час ад часу наведваюцца. Некаторыя прыязджаюць аднойчы, а потым вяртаюцца. Бо ўтульна тут! Захапіць расказам, здзівіць і пачаставаць гарбатай на мясцовых зёлках Лідзія Іванаўна ўмее яшчэ як. 

— Раней тут былі школа і бібліятэка. Школа зачынілася, і вырашылі мы калектыўна зрабіць у апусцелых класах музей, — экскурс у гісторыю гаспадыня прапануе пачаць ад аўтобуснага прыпынку насупраць былой школы. Калісьці яго ўсталявалі побач, каб дзецям было зручна. Цяпер прыпынак кожнаму праязджаючаму як бы сігналізуе: спыніся, зайдзі ў музей, не пашкадуеш.

Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то Вайцяшынская бібліятэка-музей — з аркі, якую мясцовы мастак пераўтварыў у імправізаваную браму. Падобную той, што ў суседняй вёсцы Пескі. 

Так, уязная брама былых уладальнікаў мястэчка Пуслоўскіх да сёняшняга дня захавалася ў суседняй вёсцы. І гэта тыя самыя Пуслоўскія, што пабудавалі ў Песках спіртзавод, ружовую аранжарэю. А ў Косава — палац, сёння больш вядомы як Косаўскі замак.

Заходзім у былую школу. Сорак гадоў таму шумелі на перапынках першакласнікі, зараз — цішыня. Толькі што дагарэлі дровы ў печы. Лёгкі пах дыму і цяпло ад кафлі ствараюць тую ўтульнасць, па якой вызначаюць найвышэйшы статус вясковага дома — жылы, пры гаспадарах, бо б’ецца яшчэ печ-сэрца, грэе наведвальнікаў. На сценах — ручнікі-вышыванкі, карціны. Вайцяшынскі хэндмэйд.

У бібліятэцы-музеі акрамя кніжнай залы яшчэ тры. Там і размясціліся музейныя экспанаты.

— З Вайцяшына і суседніх вёсак, — удакладняе Лідзія Рудзьман. — Хтосьці клікаў у дом і аддаваў мне старыя рэчы, хтосьці прывозіў возам і складваў на падворку.

Лідзія Іванаўна бярэ ў рукі прадмет. Прынцып яго працы падобны на гільяціну. Але гэта звычайная пастка для мышэй!

Падобны на сякеру ката “склют” выкарыстоўваўся для ацыліндроўкі бярвення. 

А вось шалі і фарфоравы посуд, мабыць, з графскага дома Пуслоўскіх.
 
— Дзецям я распавядаю, што баба-яга купіла “Мерседэс”, а мне падарыла ступу. Чым жа вас здзівіць?

Падняць уверх бровы ад здзіўлення можна і даросламу чалавеку. Ну што мы маем у сваіх кватэрах з даваеннага вясковага часу? Калі толькі ў дзядулінай ды бабулінай хаце захавалася на гарышчы штосьці. 

Вось, напрыклад, плецены з кораня сасны кош, у які змесціцца, няма сумневу, пяцігадовае дзіця. 

Корабы ў рост чалавека з саламяных жгутоў — “козубы” і “гарчыкі”. Для збожжа і мукі. 

Вентэр — для лоўлі рыбы. Уюна прываблівалі штукай, падобнай на саламянае вечка з дзіркай. Кемлівы гаспадар, думаю, не адну сотню ўюноў з’еў. Сялянская хітрасць, як сказалі б раней, дапамагала. Дарэчы, дзецям сёння трэба расказваць і пра ўюна, бо ў рэках ён — рэдкасць. 

— Што такое “куоркі”? — правярае наша веданне заходне-палескага дыялекта Лідзія Іванаўна.

— “Куорок” — корак для бутлі, — адказваю.

— Яшчэ? Ну ж! Ды абцасы гэта!

Чаравічкі на “куорках”, падбітыя бярозавымі цвікамі, — абутак на свята. Яны так добра захаваліся, таму што ўладальніца, мабыць, у дрэннае надвор’е карысталася “снегаўцамі” — гумовымі боцікамі. 

У даваенныя будні мясцовыя сяляне абуваліся ў падобныя на лапці “пасталы”, а падчас Вялікай Айчыннай майстравалі “гумаўцы” — абутак з аўтамабільных пакрышак.

Стаяць у музеі дзве пары “клумпаў” — гэта чаравікі з лёгкай, але цвёрдай драўніны. Захаваліся драўляныя канькі. Абутак, вясковы строй, кухонны посуд. Стол, ложак, печ, чырвоны кут з іканастасам, рамка з фотаздымкамі...

Лідзія Іванаўна ўсаджвае дзяцей за парты. Школа ў Вайцяшынскім музеі лясная, партызанская. Жыхарка вёскі Надзея Мастыка распавяла ў падрабязнасцях, што было ў лясной школе, дзе яна вучылася, і бібліятэкар усё зрабіла так, як і было некалі. На стале — гадзіннік, пасля заканчэння ўрока ён дае званок, у гільзе — кветкі. 

Абавязкова фота ў сэлфі-зоне. А потым можна і песню ваенную праспяваць. На стале ляжыць лісток са словамі “Кацюшы”, ёсць і патэфон, які стварае антураж таго часу.

Інфармацыю аб аднавяскоўцах, якія ваявалі, Лідзія Рудзьман збірала па хатах. Абышла, распытала, запісала. Са мной падзялілася ўражлівай пасляваеннай гісторыяй пра суседа-ветэрана і немца:

— Сірыська Мікалай добра плаваў, таму на фронце пракладваў сувязь па вадзе. Шмат узнагарод мой сусед меў. Вярнуўся ён з вайны, а нагам усё цяжэй і цяжэй. Перастаў хадзіць. Хтосьці распавёў, што непадалёку, на Броннай гары, ёсць палонны немец-лекар. Канвой дазволіў, і дзядзька Коля ездзіў да немца на лячэнне. Прымаў травяныя ванны. Ачуняў, ведаеце, пражыў да 95 гадоў.

Супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай раённай бібліятэчнай сістэмы па матэрыялах Лідзіі Іванаўны аформілі вялікі стэнд аб ветэранах. У планах — размясціць побач стэнд з фотаздымкамі воінаў-“афганцаў”, а потым трэба яшчэ візуалізаваць апавяданні аб працоўных дасягненнях землякоў з ААТ “Пескаўскае”.

У тэхнічным плане дапамагаюць Лідзіі Іванаўне муж Мікалай Васільевіч з дзецьмі, тэхработнікі бібліятэкі, мясцовая гаспадарка, сельсавет і раённае кіраўніцтва. Але самой таксама даводзіцца трымаць у руках малаток і сякеру. Сабрала гэтая жанчына млын, адрамантавала печ, коле дровы. Культработнік у вёсцы — гэта, як кажуць, “і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц”, універсал, адным словам.

Гледзячы на захопленую справай, неабыякавую Лідзію Рудзьман, разумееш: незаменныя людзі ўсё ж ёсць.

А яна усміхаецца:

— Замену я сабе прыглядзела, праўда, мяне пакуль не просяць сыходзіць на пенсію.

ДАРЭЧЫ

Міністэрства культуры падвяло вынікі рэспубліканскіх конкурсаў на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі “Горад культуры”, “Чалавек года ў сферы культуры” за 2018 год. У намінацыі “Лепшы гарадскі (раённы) выканаўчы камітэт па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі” пераможцам стаў Бярозаўскі раённы выканаўчы камітэт.

kozlovich@sb.by 

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Павел ЛОСИЧ
5
Загрузка...
Новости и статьи