Фоторэпартаж: паромы на Прыпяці, нягледзячы на падтапленні, працуюць як гадзіннікі

Прыпяцi мора па калена

Вясновая вада ў гэтым годзе да нашых жыхароў лагодная. Такой паводкі, якая напаткала краіну ў 2013 годзе, спецыялісты не прагназуюць. Цяпер праблемы з ёй фрагментарныя і не катастрафічныя. У Рагачове, напрыклад, падтапіла некалькі двароў. А ў Петрыкаўскім раёне заліла дзве грунтавыя аўтамабільныя дарогі, якія вядуць да перапраў. Зрэшты, у апошнім выпадку «сівым паромшчыкам» усё ж удаецца злучаць берагі. Мы вырашылі паглядзець, ці можна дабрацца да адрэзаных Прыпяццю вёсак.


Старажылы Петрыкаўскага раёна кажуць: кожны дарослы мужчына за сваё жыццё павінен перажыць тры паводкі. Такія, калі ў хатах да каленяў стаіць вада, кароў і свіней заганяюць у бяспечнае месца, а часам і рыбу можна лавіць, не злазячы з печкі. Прыпяць мясцовыя жыхары паважліва называюць Амазонкай, але маштабныя бедствы яна падкідвае раз у 20—25 гадоў.

Падтопленыя ўчасткі можна лёгка прайсці і ў гумовых ботах.

— Зараз у нас падтоплены толькі тры ўчасткі дарогі, глыбіня — 10—30 сантыметраў, — расказвае начальнік Петрыкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Ігар Хацяновіч. — Жыццядзейнасць грамадзян не парушана, пад'ехаць да перапраў можна транспартам павышанай праходнасці. Сітуацыю мы адсочваем штодня.

Паром перавозіць па Прыпяці і людзей, і тэхніку

Легкавым машынам сюды лепш не сунуцца. «Ніва» раённага аддзела праязджае праз падтапленні на аўтадарозе Петрыкаў—Вялаўск акуратна, але досыць упэўнена. Вада на ўзроўні дзверцаў машыны, і псіхасаматыка пачынае спрацоўваць, што ногі на падлозе салона, мокрыя. Употайкі пераконваюся, што ў рэальнасці гэта не так. Наперадзе на дарозе — адзінокі веласіпедыст, які ўпэўнена вядзе двухколавы транспарт да парома.

— Здаецца страшней, чым ёсць на самай справе, — пераконваюць ратавальнікі. — Насунуў гумовыя боты і пайшоў.

Паромшчык Юрый юныя сэрцы не вянчаў, але з берагамі спраўляецца

Давярай, але правярай. Бяру ў супрацоўнікаў МНС высокія гумовыя боты і тэсцірую самы глыбокі ўчастак асабіста. Шасты па ўсёй дарозе адзначаюць месца, дзе праехаць або прайсці найбольш бяспечна. За імі — абочына, патануць складана, але калі зачэрпне бот вады, прыемнага мала. Больш складана не бачыць дна. Машына, што праехала непадалёку, ускаламучвае ваду так, як на сухой дарозе падымае пыл. Здаецца, ступіш не туды — і прывітанне, Прыпяць!

Каля самай пераправы сіратліва віднеецца падтоплены прыпынак. Цяпер аўтобус сюды не ходзіць, але паром гатовы да выканання абавязкаў. Шэсць рэйсаў у дзень, строга па раскладзе.

У час паводкі добрыя любыя сродкі перамяшчэння.

— Зараз у асноўным тэхніка ідзе, шмат вялікіх машын, — тлумачыць той самы паромшчык, а афіцыйна матарыст Юрый Савушчык. — Пешаходаў амаль няма.

Зрэшты, спускаецца некалькі чалавек з прыбыўшага парома. Вяскоўцы Мікалай і Зміцер з Вялаўска адправіліся ў Петрыкаў купіць таблеткі для хворай бабулі. Спадзяваліся пад'ехаць на праходзячых трактарах, але так іх і не дачакаліся. Паглядзелі на «шырокую марскую прастору», уздыхнулі і пачалі разувацца. Ад прагулкі па паводкавай вадзе выратавалі супрацоўнікі МНС — падкінулі на машыне да «сушы». Калі Прыпяць разгуляецца яшчэ больш і да парома пад'ехаць будзе нельга, на другі бераг можна трапіць у аб'езд. Праўда, дарога праз Мазыр — шлях даўжынёй каля 130 кіламетраў.

«Ніва» ратавальнікаў у час паводкі ідзе ўпэўнена.

Пачала на іншым участку Прыпяці дзейнічаць і сезонная пераправа. Шлях да яе па дарозе Вышалоў—Снядзін таксама падтоплены, але «хуткія», аўтакрамы, поштовая і іншыя важныя для насельніцтва машыны прая-        зджаюць без асаблівых высілкаў. Уладзімір Аляксандраў сустракае нас на пароме:

— Добры дзень, я старшыня таго самага няшчаснага сельсавета!


Таго самага, Галубіцкага, у склад якога ўваходзяць і тыя, што засталіся на процілеглым беразе, — Снядзін, Мардвін, Таргошын і Белін. Няшчасны — сёлета хутчэй іронія. Гэта не 1979-ы, не 1999-ы і нават не 2013-ы. Тады было ўсялякае: і з-за баброў бурылася плаціна, і ратавальнікі жыхароў эвакуіравалі, і вайскоўцаў для дапамогі прыцягвалі.

Ратавальнікі сітуацыю кантралююць кожны дзень

— А цяпер гэта проста самая вялікая лужына на тэрыторыі, — жартуе Уладзімір Аляксандраў. — Пойму затапіла, менш пажараў будзе. Для экалогіі нядрэнна. А сёння рэйсавы аўтобус запусцілі, дык нашы рванулі ў Петрыкаў. Прыехалі ўсе задаволеныя, з пакупкамі!


Уладзімір Аляксандраў традыцыйна перад паводкай пералічыў усіх, хто жыве на ўмоўным «востраве». З 200 прапісаных у дамах на зіму заставаліся 120 чалавек. Кагосьці дзеці перавезлі на час у горад. За гады мясцовы старшыня паспеў вывучыць Прыпяць, ведае ўзровень ракі, пры якім вада пачынае паступаць у дамы. Пакуль да гэтага паказчыка далёка. У вёсках суха нават на вуліцах. Калі нельга будзе дабрацца да парома, ёсць аб'язная дарога Азяраны—Майсеевічы. Супрацоўнікі МНС сітуацыю кантралююць штодня, без дапамогі жыхары раёна не застануцца.

valchencko@mail.ru

Фота Івана КУЗМЯНКОВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter