Прыняцце Духа Святога

У католікаў і праваслаўных мінуў Вялікдзень
У католікаў і праваслаўных мінуў Вялікдзень. Розніца паміж святкаваннем галоўнага хрысціянскага свята ў гэтых хрысціянскіх канфесіях не вельмі вялікая.

Католікі лацінскага абраду на працягу пяцідзесяці дзён пасля Пасхі адзначаюць велікодны перыяд. Апошні, пяцідзясяты, дзень велікоднага перыяду для рыма-католікаў — гэта ўрачыстасць Спаслання Духа Святога. Праваслаўныя вернікі называюць гэты дзень Пяцідзясятніцы ўрачыстасцю Тройцы.

Калі спытаць у хрысціяніна аб тым, як у некалькіх сказах растлумачыць хрысціянскую веру, то, напэўна, ён пачне са слоў: “Бог адзін, але ў трох асобах — Бог Айцец, Сын Божы і Дух Святы”. Мы шмат кажам пра Бога Айца — Стваральніка свету і пра Яго Сына — Хрыста, які нарадзіўся ў Бэтлееме. Дух Святы ў нашых звычайных размовах часта зусім ніяк не фігуруе.

Аднак гісторыя Новага Запавету — гэта не толькі гісторыя пра нараджэнне Хрыста, Яго прапаведаванне, смерць і ўваскрасенне. Гэта таксама апавяданне пра ўзнікненне вялікай супольнасці вучняў Хрыста, якую мы на беларускай мове называем Касцёлам або Царквой.

Пасля Хрыстовага ўваскрасення Хрыстос часам наведваў сваіх вучняў. Падчас гэтых наведванняў Ён абяцаў, што на вернікаў сыдзе Дух Святы. Момант гэтага сыходжання такім чынам апісваецца ў Новым Запавеце: “Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца” (Ян 20, 19—23).

Адпушчэнне грахоў залежыць не ад волі нейкіх людзей, а ад таго, ці сапраўды чалавек хоча стаць лепшым. Часам чалавек баіцца перамен. Разуменне таго, што нейкія нашы выбары няправільныя, часта злучана з нежаданнем нешта змяняць у жыцці.

Прыкметай любові да Бога і бліжніх з’яўляецца выкананне запаведзяў. Нам можа здавацца гэта занадта простым або складаным. Пры жаданні няцяжка аб’явіць гэта праяўленнем нейкага фармалізму. Глыбіня адносін з Богам і бліжнім пачынаецца з таго, што на паверхні. Выкананне элементарных правілаў — гэта не фармалізм і не дысцыпліна, але падмурак і пачатковае праяўленне глыбінных адносін з Богам, якія пераўзыходзяць нашы нават самыя глыбокія памкненні. 

Дзень Пяцідзясятніцы — дзень нараджэння Касцёла (Царквы). Дух Святы, Дух Суцяшыцель дапамагае кожнаму, хто хоча далучыцца да гэтай вялікай сям’і вернікаў.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter