«Важно поймать момент, когда человеку нужны поддержка и помощь»: один из лучших участковых инспекторов милиции Минска — об особенностях своей службы

Прынцыпы інспектара Шалая

Колькі б незадаволенасці апошнім часам у некаторых прадстаўнікоў насельніцтва ні выклікала дзейнасць супрацоўнікаў міліцыі, усе мы пры з'яўленні праблем рознага характару набіраем звыклыя лічбы 102. Супакоіць хатняга скандаліста, разабрацца ў абставінах крадзяжу ці нападу, пачаць пошукі зніклага чалавека і многае іншае — першымі на просьбу аб дапамозе, як правіла, адклікаюцца ўчастковыя інспектары. «Р» выйшла ў вячэрнюю змену разам з адным з лепшых участковых Мінска напярэдадні іх прафесійнага свята.

Праблема незачыненай кватэры

Графік працы ўчастковых дастаткова напружаны: з раніцы трэба ў прафілактычных мэтах наведваць прадпрыемствы і арганізацыі, састаўляць афіцыйныя паперы. Вечарам жа разам з вяртаннем людзей дадому ўзгараюцца хатнія сваркі, а прымірыць апанентаў часта можа толькі міліцыя. Аляксандра Шалая, старшага ўчастковага інспектара Кастрычніцкага РУУС, даводзіцца літаральна лавіць на раёне.

Кожны жыхар раёна можа звярнуцца да свайго ўчастковага па параду. 

— У міліцыю звярнулася дзяўчына, грамадзянка іншай краіны, з заявай аб крадзяжы грошай, — уводзіць ён у курс сваёй сённяшняй справы. — Яна не замкнула як трэба дзверы і не заўважыла гэтага. Сітуацыяй нехта скарыстаўся: з сумкі, якая ляжала ў пярэднім пакоі, прапаў кашалёк з 500 рублямі. На месцы зараз працуе следча-аператыўная група, я ж абавязаны правесці пакватэрны абход — магчыма, хто-небудзь з жыльцоў заўважыў кагосьці падазронага. 

Аляксандр адзначае, што дзесяціпавярховы дом, які сёння трэба адпрацаваць, дастаткова адметны: тут, у цэнтры горада, недалёка ад станцый метро «Інстытут культуры» і «Кавальская Слабада», а таксама чыгуначнай станцыі, арандуюць кватэры многія іншаземцы. Сярод астатніх жыльцоў хапае тых, хто аддае перавагу асацыяльнаму спосабу жыцця. Так што наведваць яго даводзіцца часта, ледзь не па два разы на дзень.

Размовы ўчастковы інспектар вядзе выключна тактоўна і добразычліва. Цікавіцца, ці чулі пра падобны выпадак, ці не набыў нядаўна хтосьці з суседзяў рэчы або напоі, якія раней не мог сабе дазволіць. Не ўсе адказваюць узаемнасцю:

— Чаго адразу я? Нічога не бачыў! А каб і бачыў, не сказаў бы! — яршыцца мужчына, чый узрост цяжка вызначыць з-за яўных слядоў алкагольнай празмернасці на твары. 

— Ну зразумела… — згаджаецца ўчастковы. — А як твая мама сябе адчувае?

І суразмоўца адразу губляе імпэт і ціха адказвае, што маме лепш не становіцца, ён якраз збіраецца даваць ёй лекі. А вось бабуля трымаецца малайцом…

На ўчастку абслугоўвання Аляксандра Шалая, адным з самых вялікіх у Кастрычніцкім раёне Мінска, 11 000 кватэр, у якіх пражывае каля 30 000—35 000 чалавек. Але ён, здаецца, ведае амаль кожнага па імені, характары, звычках і нават мянушцы гадаванца.

— Ёсць у мяне меркаванне, хто мог здзейсніць гэты крадзеж, — прызнаецца ўчастковы. — Але гаварыць пра гэта пакуль рана, неабходна яшчэ папрацаваць, правесці праверку. 

Вышук злачынцаў вядзецца пастаянна.

Роля добрага слова

Правапарушэнні, якія лідзіруюць тут з вялікім адрывам, — сямейна-бытавыя скандалы. З-за іх і вялікая колькасць тых, хто адпраўлены ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Гэта, вядома, не панацэя, але дае магчымасць сем'ям дэбашыраў хоць крыху пажыць спакойна. А яшчэ за кожным накіраваннем стаіць вялікая праца ўчастковага. Бывае, абыходзіцца і без гэтага. Аляксандр успамінае, як адзін з парушальнікаў парадку кінуў піць пад пагрозай частковага абмежавання дзеяздольнасці — ёсць, аказваецца, такая мера. За апошнія паўгода — ніводнага візіту ў тую сям'ю.

Увогуле, сямейныя скандалісты — людзі непрадказальныя. Супрацоўнік міліцыі прызнаецца: здаралася, што ў яго бок і нажы лёталі, і іншыя колюча-рэжучыя прадметы. Але зброю ён яшчэ ніколі не даставаў:

— Былі выпадкі, калі і можна было б яе прымяніць. Але я іх усіх добра ведаю і разумею, што чалавекам рухае алкагольнае ап'яненне, а назаўтра яму будзе дрэнна і сорамна. Неяк удаецца дагаварыцца па-добраму… Я ўвогуле падтрымліваю з людзьмі цёплыя адносіны. Калі з імі размаўляеш прыветліва, без лішняга афіцыёзу, яны звычайна адказваюць тым жа, давяраюцца. Далёка не ўсе дрэнныя, проста, бывае, трапляюць у сітуацыі, з якіх не бачаць выйсця. І тут вельмі важна злавіць момант, калі чалавеку неабходны падтрымка і дапамога, калі можна стрымаць яго ад дрэннага ўчынку. 

Пра сваіх падапечных Аляксандр расказвае з добрым гумарам:

— Вось выклікае жонка міліцыю і ўцякае, чакае нас каля дома. Прыязджаем, заходзім, закрываючы жанчыну плячамі, — ну і прылятае што-небудзь. Праз некаторы час службы ўсе такія кватэры ўжо ведаеш, памятаеш, дзе гаспадар можа ўстроіць «засаду». Уваходзіш у экіпіроўцы, групуешся… Жыве на тэрыторыі абслугоўвання мужчына, які адкрыта абяцае зарэзаць падчас візіту і, дарэчы, здольны на гэта. А наведваць яго даводзіцца часта: рэгулярна б'е п'яным сваю сужыцельку. У прысутнасці бацькі паводзіць сябе больш сціпла, а вось калі той з'язджае на дачу, сям'я патрабуе асаблівага нагляду. Што цікава — жанчына ніколі не піша на яго заявы: надта кахае. Наадварот, аднойчы, калі вырашылі забраць яго ў камеру папярэдняга затрымання, нават адбіць спрабавала! Вось такія пачуцці… 

Інспектар з усімі размаўляе выключна тактоўна і добразычліва.

Жыццё за пяць рублёў

Даводзілася Аляксандру прымаць удзел і ў раскрыцці больш цяжкіх злачынстваў.

— У кантэйнеры са смеццем каля пад'езда дома знайшлі цела чалавека, — успамінае ён. — Экспертыза не выключыла, што ён мог быць збіты машынай на вялікай хуткасці. Першапачатковая версія — чалавека збілі, паклалі ў багажнік, перавезлі і апусцілі ў кантэйнер. Дарэчы, яшчэ жывога — ён спрабаваў выбрацца. Дзён дзесяць адпрацоўвалі аўтамайстэрні, аўтамыйкі: машына не магла не атрымаць пашкоджанняў. Гэта не дало вынікаў. Урэшце вырашылі паўтарыць шлях ахвяры, ішлі і размаўлялі з усімі сустрэчнымі. Так удалося высветліць, што незадоўга да смерці мужчына заходзіў у той пад'езд, каля якога яго потым і знайшлі. Аказалася, ён гасціў у двух братоў, кватэра якіх мела рэпутацыю прытона. У аднаго з гаспадароў прапала пяць рублёў, у крадзяжы западозрылі госця. З-за пяці рублёў металічнай трубой яго збілі так жорстка, што нават экспертаў увялі ў зман…

Не раз дзякуючы Аляксандру ўдавалася затрымаць злачынцаў, якія знаходзіліся ў вышуку. 

— Гэта абумоўлена геаграфічным становішчам участка, — лічыць ён. — Сюды прыязджаюць літаральна з усіх рэгіёнаў краіны і раёнаў горада. Пры наведванні кватэр, якія маюць рэпутацыю прытона, а такіх тут 14, усіх незнаёмцаў адразу правяраем. Так знайшлі чалавека з горада Бярозы, ён быў аб'яўлены ў рэспубліканскі вышук. Затрымалі дзяўчыну, якую шукалі, здаецца, амаль усе РУУС Мінска за шэраг злачынстваў. Самым бяскрыўдным яе ўчынкам быў крадзеж. 

Ганаровыя граматы, падзякі, медаль — працу Аляксандра адзначалі не раз. Між тым служыць у міліцыі ён вырашыў пад уплывам старэйшага сябра, які працаваў у следчым камітэце і вельмі цікава расказваў пра сваю дзейнасць. Да таго ж яшчэ ў школе прысутнічаў на занятках па прафарыентацыі, якую праводзілі работнікі мясцовага РАУС. Так і абраў свой шлях.

Наперадзе ў Аляксандра яшчэ некалькі гадзін размоў з людзьмі, якія ён правядзе з уласцівымі яму добразычлівасцю і спакоем. Няма сумненняў, хутка яшчэ адно злачынства будзе раскрыта. 

nevmer@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter