Кожны дзень гамяльчанін Сяргей Барысевіч заводзіць стары патэфон.

Прынцэса на шарнірах

Кожны дзень гамяльчанін Сяргей Барысевіч заводзіць стары патэфон. Ставіць што-небудзь з класікі мінулага стагоддзя і вальсуе. І не адзін, а з сімпатычнай дзяўчынай. Нічога, здавалася б, дзіўнага, калі б не адно «але». Яго партнёрка — механічная лялька.



Мы сядзім у офісе Сяргея. З патэфона даносіцца голас Клаўдзіі Шульжэнка, побач з намі — нерухомая бландзінка з шэрымі вачыма. Гэта і ёсць лялька-танцоўшчыца. Завуць яе Эль, у перакладзе з французскага — «яна». За незвычайным імем — свая гісторыя. З яе суразмоўца і пачынае: «У арміі служыў у Манголіі, дзе захварэў на цынгу. Твар распух, дактары кажуць: «Зубы рваць трэба». Пашанцавала, што побач быў лагер нейкай міжнароднай місіі і мной занялася доктар-францужанка. Калі палягчэла, паабяцаў ёй вывучыць французскі. А пасля і ляльку назваў іх прыгожым словам».

Сяргей чапляе Эль да сябе з дапамогай спецыяльнага пояса. Сама яна пры росце 165 сантыметраў і вазе ўсяго 6,5 кілаграма раўнавагу не трымае. Правай рукой канструктар падтрымлівае «дзяўчыну», левай — перабірае рычагі, што знаходзяцца ўнутры лялькі. Механізм ажывае: перастаўляе ногі, падае руку, варушыць пальцамі, ківае галавой. Майстар тлумачыць, як прымусіць Эль рухацца: «Мезенцам перамыкаю рычаг, адказны за ногі, указальным — за правае плячо, безыменным — за левае. Сярэдні палец кантралюе нахіленне галавы, вялікі — павароты».

На першы погляд, лёгка. Спрабую — не атрымліваецца. Аказваецца, без добрай падрыхтоўкі справіцца з Эль не могуць нават прафесіяналы. Прадстаўнікі чэшскага тэатра заказалі ў майстра некалькі такіх механічных лялек для сваіх пастановак. Калі зразумелі складанасць кіравання, параілі спрасціць. Гамяльчанін, прызнаецца, камерсантам аказаўся дрэнным і на эмоцыях паслаў іх да кітайцаў, дзе танна і проста. Меў права. Сам працаваць з Эль вучыўся дваццаць гадоў, а яны за дзень захацелі.

Сяргей пачаў майстраваць яе ў 1994 годзе, калі працаваў бутафорам-дэкаратарам у Гомельскім абласным тэатры лялек. Сябар-фокуснік папрасіў стварыць яму асістэнтку для нумара. Для большага эфекту рукі ёй надумалі зрабіць «жывыя». За аснову ўзялі пратэзы, два гады Сяргей прыдумваў механізм, які б прымусіў іх рухацца.

Паглядзелі сябры на тое, што атрымалася, і вырашылі: такім рукам неабходны прыгожыя ногі. У крамах якраз з’явіліся муляжы жаночых ног, але ўсе аказаліся левымі. Прыйшлося адзін з іх пераплаўляць. «На пяты год працы над лялькай сябар-фокуснік здаўся і замовіў асістэнтку ў іншага аўтара, — Сяргей садзіць партнёрку на канапу. — А я ж ужо настолькі захапіўся працэсам, што не мог спыніцца».

Цела «дзяўчыне» майстар вырабіў з арганічнага шкла. «Гэта з-за ганарыстасці, — прызнаецца канструктар. — Разумеў, механізм, што будзе кіраваць Эль, атрымаецца складаным і цікавым. Хацеў, каб людзі яго бачылі».

Трэба было разлічыць ідэальныя для мадэлі прапорцыі. Канструктар стаў прыглядацца да актрыс, якія забягалі ў майстэрню. Жанчыны ўспрымалі гэткую цікавасць, як знак увагі. А адна з іх нават вырашыла, што калега хоча з ёй ажаніцца. Прыйшлося тлумачыць: прычына ўсяму — лялька. Крыўды актрыса не выказала, але ў майстэрню больш не заходзіла.

Галаву для Эль Сяргей купіў у магазіне парыкоў: «Заўважыў неяк у краме манекен з лупатымі вачыма. Пытаюся ў прадаўшчыцы, што з ім не так. Адмахваецца: «Ды брак нейкі». Прадайце, прашу. «50 долараў», — адказала жанчына. Прыйшлося плаціць».

Шэсць гадоў таму Эль была завершана, і канструктар вырашыў яе запатэнтаваць у Беларусі і Расіі. «Тады нават не ўяўляў, што працэс гэты расцягнецца на тры гады, — успамінае Сяргей. — Пішу ім пра сваю вынаходку. А яны ў адказ: вас апярэдзілі кітайцы. Ведаеце, чым? Цацачнымі конікамі і коцікамі, што на кожным рынку прадаюцца. Я не здаўся і дасканала апісаў адрозненні ў дэталях, зробленых мной і кітайцамі. Спрацавала».

Эль раптам пачынае з’язджаць з канапы, Сяргей імгненна падхоплівае яе. Лялька са шкляным целам за дваццаць гадоў падала ўсяго два разы. Другі — з наступствамі: на целе засталася дзірка велічынёй з кулак.

— Спецыяльна не рамантую. Гэта — сведчанне пра маю ёй здраду, — кажа канструктар.

— Здраду? – перапытваю.

— Так, здраду, — пацвярджае. — Можаце гэтак і напісаць. У час выставы лялек у Веткаўскім музеі нехта з наведвальнікаў сфатаграфаваў яе і размясціў здымкі ў інтэрнэце. Мне патэлефанавалі з Расіі, прапанавалі папрацаваць з лялькай у казіно. Яна павінна была сустракаць гасцей і падаваць ім нумаркі. Я пачаў ганарыцца, што зараблю шмат грошай. У гэты момант Эль, якой такое не спадабалася, звалілася з крэсла. Вось так раптам з’ехала і разбілася.

Камерцыйным праектам механічная «дзяўчына» не стала, нягледзячы на тое, што  яшчэ адна цікавая прапанова была. Два пасрэднікі з нейкай нямецкай фірмы хацелі пазычыць у Сяргея механізм «жывой» рукі, каб рабіць па гэтай схеме танныя камфортныя пратэзы. « Калі я пачынаў гаварыць пра кантракт, размову пераводзілі, а потым і ўвогуле зніклі».

Грошай на ляльцы Сяргей не зарабіў, затое трапіў у цэнтр увагі знаёмых і незнаёмых людзей. «Выходзім з Эль на вуліцу, каб зрабіць некалькі фотаздымкаў, — прахожыя не зводзяць з яе вачэй. Мы навучыліся вальсаваць, і зараз нас часта запрашаюць выступіць на канцэртах. Неяк прывёз яе на мерапрыемства ў гомельскі ўніверсітэт. Каб не запэцкалася, апрануў ёй камбінезон, закрыў твар і звязаў рукі, так зручней перавозіць. Нясу на плячы, а насустрач — кампанія студэнтак. Чую, адна з іх кажа: «Во, дзеўка вучыцца не хоча, на заняткі звязанай прывозяць».

Быў выпадак і больш камічны. Канструктар спрабаваў навучыць Эль хадзіць па лесвіцы. Суседка-«разведчыца» гэта ўбачыла і адразу патэлефанавала Сяргеевай жонцы. Наташа сама мастачка, чалавек творчы, таму пасмяялася.

— Як яна, дарэчы, ставіцца да Эль?

— Нармальна, — адказвае майстар. — Лялька амаль заўсёды сядзіць у нас у кватэры на крэсле і нікому не замінае.

— А іншыя што кажуць?

— У асноўным круцяць пальцам ля скроні. Маўляў, з тваім талентам мог бы жыць у Галівудзе і мець добры рахунак у банку. Гляджу на гэтых дзівакоў і думаю: ну, маеце вы грошы, дарагія машыны. І што? Затое ў мяне ёсць праект усяго жыцця. І займаюся ім з задавальненнем, а не праз «не хачу».
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter