Рождественское послание митрополита Минского и Заславского Павла 2018

Прыносiць добры плён

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага мiтрапалiта Мiнскага i Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi, архiпастырам, пастырам, дыяканам, манахам i ўсiм верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы

Хвалiце Госпада, усе народы,
услаўляйце Яго, усе плямёны:
Бо вялiкая мiласць Яго да нас,
i iсцiна Гасподняя вечная.
(Пс. 116, 1–2)


Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архiпастыры, пачэснае прасвiтарства, у Хрысце дыяканства, богалюбiвы манаскi чын, дарагiя браты i сёстры!

Сардэчна, са светлай радасцю вiтаю вас i вiншую з найвялiкшай спасiцельнай падзеяй: прышэсцем у свет Сонца Праўды — Хрыста, Бога нашага: «Слова стала плоццю, i жыло сярод нас, i мы бачылi славу Яго ад Айца, славу як Адзiнароднага, поўнага благадацi i iсцiны» (Iн. 1:14). Любячы Сваё стварэнне, Стваральнiк i Спасiцель наш Хрыстос–Бог стаў чалавекам, ва ўсiм падобным да нас, акрамя граху (1 Цiм. 3:16; Яўр. 4:15). Гасподзь прынёс заблуднаму чалавецтву найвялiкшы з усiх дароў — Сваю Бажэственную любоў. Прыйшоў на зямлю Сын Божы, каб выратаваць свет, вызвалiць чалавека ад страху смяротнага i ад самой смерцi, дараваць паўнату быцця ў Богу i жыццё вечнае кожнаму, хто пачуе заклiк Яго i рушыць услед за Iм.

У сваiм пасланнi апостал Павел звяртаецца да карынфскiх хрысцiян, а праз iх i да кожнага з нас, з адным з такiх заклiкаў: «Праслаўляйце Бога i ў целах вашых, i ў душах вашых, якiя належаць Богу» (1 Кар. 6:20). Галоўны сэнс гэтага заклiку заключаецца ў тым, каб мы не толькi дзякавалi Богу i ўзносiлi Яму хвалу ў малiтвах i песнапеннях, але i прыносiлi добры плён — справы любвi i мiласэрнасцi на славу Божую, на славу Царквы, на карысць Айчыны i на карысць блiжняга, несучы «цяжары адзiн аднаго» (Гал. 6:2) — i ў радасцi, i ў бядзе.

Гасподзь запаведаў нам любiць адзiн аднаго, захоўваць царкоўнае адзiнства, несцi людзям мiр Хрыстоў i дабро, быць незласлiвымi i цярплiвымi, быць руплiвымi ў малiтве i ў служэннi слабым i абяздоленым. «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучнi, калi любоў будзеце мець памiж сабою» (Iн. 13:35), — кажа нам Спасiцель i Гасподзь — Iiсус Хрыстос. Далучаючыся да гэтай найдасканалай Божай любовi, мы атрымлiваем непераможную зброю «супраць злых духаў паднябесных» (Эф. 6:12), атрымлiваем здольнасць паспяхова супрацьстаяць усiм выклiкам часу. Якiя б спакусы i выпрабаваннi нi спасцiгалi нас у зямным жыццi, словы Госпада: «Я з вамi ва ўсе днi да сканчэння веку» (Мф. 28:20) усяляюць у нас надзею, што Ён не пакiдае нас сёння i не пакiне ў будучы час.

Закон любовi, завешчаны нам Спасiцелем, ляжыць у аснове сапраўднага «адзiнства духу» (Эф. 4:3). Гэты закон — аснова грамадскага жыцця i салiдарнасцi, сумеснай стваральнай працы i супрацоўнiцтва на славу Божую i на радасць тым, хто перажывае розныя нягоды i няшчасцi, хто церпiць нястачу i мае патрэбу ў нашай дапамозе i падтрымцы. Але сапраўднае яднанне народа не можа абмяжоўвацца толькi часам выпрабаванняў, яно павiнна стаць неад’емнай часткай нашай хрысцiянскай самасвядомасцi i сапраўднага хрысцiянскага жыцця.

Зноў наступiла прамянiстае свята Ражджаства Хрыстовага, свята гарачай веры i непасаромленай надзеi на Промысл Божы, якi вядзе да дабра кожнага чалавека. Зноў раскрываецца неба над зямлёю, зноў раздаецца ангельскае славаслоўе, якое абвясцiла свету «радасць вялiкую, якая будзе ўсяму народу: нарадзiўся... сёння ў горадзе Давiдавым Спасiцель» (Лк. 2:10–11). Разам з ангеламi мы зноў заклiкаем заспяваць славаслоўе народжанаму Немаўляцi Хрысту i, пакланiўшыся Яму, як гэта зрабiлi ўсходнiя мудрацы, прынесцi ў дар «фiмiям» сардэчнай малiтвы, «золата» добрых спраў на славу Царквы i на карысць блiжняга, «мiра» ахвярнага служэння блiжнiм, i, прытулiўшыся да ясляў Хрыстовых, як вiфлеемскiя пастухi, славiць i хвалiць «Бога за ўсё тое, што чулi i бачылi».

Праасвяшчэнныя архiпастыры, дарагiя айцы, браты i сёстры, мiнулы год для многiх з нас быў няпростым, але, мiласцю Божай, ён прынёс i нямала духоўнай радасцi. Гэты год быў адзначаны многiмi важнымi падзеямi ў жыццi нашай Царквы. Ва ўсiх епархiях архiерэi, клiрыкi, набожныя веруючыя людзi займалiся вырашэннем надзённых пытанняў царкоўнага жыцця: упарадкаваннем епархiяльнай i прыходскай дзейнасцi, стварэннем якасна новых прыходаў, якiя заклiканы стаць сапраўднымi праваслаўнымi абшчынамi, здольнымi да актыўнага ўдзелу ў царкоўнай мiсii, з уключэннем у iх самай актыўнай сiлы грамадства — моладзi; шмат увагi надавалася развiццю сацыяльных i асветнiцкiх праектаў Праваслаўнай Царквы.

Найважнейшымi тэмамi многiх нашых мерапрыемстваў i разважанняў  з’яўлялiся: 100–я гадавiна аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве i абрання на Патрыяршы прастол свяцiцеля Цiхана; успамiн аб трагiчных падзеях нашай гiсторыi ў ХХ стагоддзi i аб пачатку страшных ганенняў на Царкву Хрыстову. У тыя цяжкiя гады бязбожнага лiхалецця была пралiта кроў многiх навамучанiкаў i вызнаўцаў, якiя ў далейшым былi праслаўлены ў лiку святых. Царкоўнае праслаўленне навамучанiкаў i малiтоўны зварот да iх мае асаблiвае значэнне не толькi для захавання памяцi пра трагiчныя падзеi тых дзён, але яно яскрава сведчыць аб тым, што ў Бога ўсе жывыя, смерць пераможана смерцю i ўваскрэсеннем Хрыстовым.

Малiтва навамучанiкам i вызнаўцам сагравае нашы сэрцы, умацоўвае веру ў Бога i, нагадваючы пра мiнулае, заклiкае нас захоўваць веру праваслаўную, каб нiчога падобнага на нашай зямлi ў будучым не адбывалася.

У мiнулым годзе па шматлiкiх просьбах i хадайнiцтве набожных вернiкаў Беларускай Праваслаўнай Царквы i асаблiва Мiнскай мiтраполii пачата падрыхтоўчая праца па аднойдзенню святых мошчаў блажэннай Валянцiны Мiнскай. Заклiкаю ўсiх вас, дарагiя архiпастыры, пастыры, пачэсныя iнакi i iнакiнi, набожныя браты i сёстры, узмацнiць свае малiтвы да Госпада i да Прасвятой Багародзiцы, каб Яны благаславiлi Айчыне, Царкве i ўсяму нашаму набожнаму народу адкрыць духоўны скарб — святыя мошчы блажэннай Валянцiны Мiнскай.

Мы верым, што аднойдзенне мошчаў святых угоднiкаў Божых з’яўляецца найвялiкшым Божым Дарам i праявай асаблiвай Божай ласкi да верных людзей Сваiх. Як толькi мы станем вартымi мiласцi Божай i гэтага благадатнага Дару, Гасподзь пачуе нашы малiтвы i выканае наша прашэнне. Аднойдзенне святых мошчаў блажэннай Валянцiны i прынясенне гэтай вялiкай святынi ў кафедральны сабор сталiцы Белай Русi горада Мiнска стане мацнейшым жыццесцвярджальным iмпульсам, якi засведчыць перад кожным з нас, жыхароў беларускай зямлi, пра вечнае значэнне жыцця чалавека ў веры i вернасцi Богу, у iмкненнi да выканання асноўных прынцыпаў Богам запаведанага Евангельскага закону. Перакананы, што такое сведчанне паслужыць усенароднаму ўмацаванню ў свядомасцi i жыццi людзей духоўна–маральных каштоўнасцей i паспрыяе росквiту нашай Айчыны.

Святая Праваслаўная Царква заклiкае кожнага з нас без ляноты працягваць працаваць над ачышчэннем i праабражэннем сваёй душы, паколькi духоўнае змяненне самога сябе — залог i аснова для праабражэння ўсяго народа нашай Айчыны.

Дарагiя i ўзлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архiпастыры i пастыры, iнакi i iнакiнi, браты i сёстры! Ад усяго сэрца з любоўю ў Хрысце зноў i зноў вiншую ўсiх вас з вялiкiм святам Ражджаства Хрыстовага i з Новым годам дабрынi Гасподняй. Малiтоўна жадаю вам добрага здароўя, мiру, дабрабыту i невычарпальнай благадатнай дапамогi Божай у вашым жыццi, подзвiгах i працы на славу Святой Царквы Хрыстовай, на карысць Айчыны i на дабро ўсiм нашым блiжнiм i дальнiм. Амiнь.

+ ПАВЕЛ,
мiтрапалiт Мiнскi i Заслаўскi, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi.
Ражджаство Хрыстова.
2018 год,
горад Мiнск.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter