С серьезным опережением графика: проблемные участки МКАД запустят до 1 мая

Прымерка кольца

Рабочыя ўмацоўваюць апошнія маналітныя бэлькі пралётаў мастоў на МКАД у раёне вуліц Напалеона Орды і Францыска Скарыны. Карэспандэнт «Р» паглядзела, як будаўнікі спраўляюцца з 35-тоннымі бэлькамі, і даведалася, колькі работы яшчэ засталося на пуцеправодах.

Маналітная бэлька даўжынёй 24 метры важыць 35 тон.

Цэнтральны і адзін з бакавых пралётаў моста над чыгункай на 3-м кіламетры кальцавой аўтадарогі ўжо закрыты новенькімі светла-шэрымі бэлькамі. «Прабелы» ж у апошнім пралёце запаўняюцца проста на вачах.

Магутны аўтамабіль падвозіць вялізную маналітную бэльку проста да моста, і на яе адразу ж мурашамі накідваюцца рабочыя: працягваюць тросы ў спецыяльныя адтуліны, трывала замацоўваюць. Кран грузападымальнасцю 160 тон павольна ўзнімае ношу і ставіць на патрэбнае месца падферменнікаў — спецыяльных элементаў верхняй часткі апоры моста, якія пераразмяркоўваюць нагрузку. Паміж бэлькай і падферменнікам укладаецца поліўрэтанавая пракладка — накшталт набойкі на абцас, толькі значна большая памерам. Упэўніўшыся, што яна трапіла на запланаванае месца, рабочыя пачынаюць спецыяльным дротам звязваць паміж сабой арматурны каркас суседніх бэлек. Работа ідзе дастаткова хутка — пры своечасовай дастаўцы маналітных брусоў, якія вырабляюць на заводзе жалезабетонных маставых канструкцый у Фаніпалі, за дзень можна ўстанавіць чатыры, а то і пяць такіх бэлек.

— Праца над бакавымі пралётамі ідзе хутчэй, — пацвярджае Вадзім Пятрашка, майстар участка МБУ № 6. — Яна ўжо ў меншай ступені залежыць ад руху паяздоў, мы больш не павінны чакаць часовае акно ад чыгункі, як рабілі пры мантажы бэлек цэнтральнага пралёта, што праходзіць над рэйкамі. Да таго ж тыя бэлькі былі значна большыя: 64 тоны супраць 35, — ды і даўжыня іх не 24, а 33 метры. Працуем кругласутачна, з графіка работ не выбіваемся, нават апераджаем.

За дзень можна ўстанавіць чатыры, а то і пяць такіх брусоў.

Там, дзе бэлькі ўжо занялі сваё месца, рабочыя пачынаюць ладзіць маставое палатно. Перш за ўсё швы паміж імі арміруюць і заліваюць бетонам, затым кладуць слой, які выраўноўвае паверхню і згладжвае перапады паміж пралётамі. Паралельна робіцца апалубка для тратуара, хутка будуць вывешваць фасадныя блокі. Умацоўваюцца ацынкаваныя супраць карозіі стойкі бар’ернай агароджы, вырабляюцца парэнчы, бар’еры і цокалі для іх.

— Слой, які выраўноўвае паверхню моста, павінен набраць трываласць — іншымі словамі, высахнуць і зацвярдзець, — раскрывае некаторыя тэхналагічныя сакрэты Васіль Цібеж, галоўны інжынер ДП «Гардарбуд». — Для гэтага патрэбна як мінімум некалькі дзён. Потым абавязкова трэба паклапаціцца аб гідраізаляцыі — асфальт прапускае ваду, якая шкодзіць жалезабетонным канструкцыям. Іх абароніць рулоннае пакрыццё, падобнае да руберойду, але значна таўсцейшае. Яно награецца гарэлкамі і наплаўляецца на маставое палатно. Пасля гэтага наступіць чарга дарожнай вопраткі — некалькіх слаёў асфальтабетоннага пакрыцця.

Пробкі на двух пуцеправодах кальцавой некрытычныя, гэтаму паспрыяла новая арганізацыя дарожнага руху — па дзве палосы ў кожным напрамку, але ўсё ж без іх не абыходзіцца, асабліва ў час пік. У ДП «Гардарбуд» сцвярджаюць, што пацярпець аўтамабілістам засталося зусім нядоўга: праезд па рэканструяваных палосах мяркуюць аднавіць да 1 мая. Праўда, пасля II Еўрапейскіх гульняў плануецца прыступіць да рамонту палос мастоў у процілеглых напрамках, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter