У Мінску распачынаецца серыя летніх канцэртаў “Класіка ля Ратушы”

Прыходзь і слухай

Не паспелі мінчане развітацца з джазавымі вечарамі, як прыйшоў час слухаць класіку. Раней аматарам музыкі такое і не снілася. Трэба было загадзя заказваць квіткі на канцэрты, апранаць вячэрнія сукенкі і смокінгі, а цяпер патрапіць на канцэрт класікі можна хоць у джынсах з пустымі кішэнямі. І гэта не нейкая там аматарская творчасць у пераходзе — у праграме заяўлены сапраўдныя прафесіяналы!


Кожную суботу з 8 ліпеня па 26 жніўня ля Ратушы будуць выступаць спецыяльна запрошаныя музычныя калектывы. Сярод іх — Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны камерны хор, канцэртны аркестр “Няміга”, “Гродзенская капэла”, музычная капэла “Санорус”, франка-германа-беларуска-нідэрландскі праект Nouvelle Philarmonie Trio, касмапалітычны калектыў маладых музыкаў Il Culture Orchestra.

Музычныя вечары будуць прысвечаны пэўнай тэме. Да прыкладу, першы канцэрт 8 ліпеня “Стагоддзе ў класіцы” прымяркуюць да 

90-годдзя Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, які, дарэчы, сёлета таксама адзначае юбілей — 70-годдзе з дня нараджэння. Музыкі пазнаёмяць слухачоў з жамчужынамі сімфанічнай і опернай музыкі.


15 ліпеня ў праграме “Дырыжоры настрою” прагучаць фрагменты з аперэт непараўнальных кампазітараў Іагана Штрауса, Імрэ Кальмана і іх аркестравая музыка. А 22 ліпеня праграма Tour de classic пазнаёміць слухачоў з гісторыяй музычнай Францыі — сольныя, ансамблевыя і аркестравыя творы кампазітараў, якія з’яўляюцца гонарам нацыі, прагучаць у выкананні лепшых майстроў мастацтваў Беларусі і запрошанага госця з Францыі барытона Аліўе Эта.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter