
Традыцыю песенных святаў распачалі актывісты Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы, створанага яшчэ ў 1956 годзе. Нязменны старшыня галоўнага праўлення БГКТ на працягу многіх гадоў — Ян Сычэўскі. У Беларусі спадар Ян ушанаваны медалём Францыска Скарыны, ён кавалер Крыжа камандорскага ордэна Адраджэння Польшчы, а на Беласточчыне яго часам называюць “галоўным беларусам”.
— Спадар Ян, зразумела, што таварыства каардынуе дзейнасць суполак этнічных беларусаў у Польшчы, найперш на Беласточчыне. А падтрымку нашай дзяржавы адчуваеце?
— Так, з боку беларускіх улад цягам шэрагу гадоў мы сустракаем вялікую зацікаўленасць, ахвотную дапамогу ў развіцці беларускай культуры, асветы ў Польшчы. Створаны Культурны цэнтр з сядзібай у Беластоку — таксама праява ўвагі да развіцця беларускага этнасу. Можа, не ўсе ведаюць: у нас прайшло заканадаўчае ўрэгуляванне наконт нацменшасцяў, у выніку сітуацыя з беларускай культурай ускладнілася. І тут падтрымка з боку цэнтра не проста неабходная — яна спаўняе ў дачыненні да культуры беларускай нацменшасці ратавальную функцыю. Я ахвотна ўвайшоў у склад Кансультатыўнага савета кіраўнікоў грамадскіх арганізацый суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Такое веча дыяспары, першае пасяджэнне якога прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы, — сведчанне зацікаўленай дапамогі ўсім беларусам замежжа. Праграму дзеянняў, у якую і мы ўносілі прапановы, стваралі Міністэрства культуры, апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Беларусь — дзяржава не надта багатая, і ўсё ж прыемна бачыць увагу да беларусаў замежжа. Можна прывесці шэраг прыкладаў таго, што дыялог ідзе зацікаўлены, добразычлівы, адкрыты — па ўсіх пытаннях, праблемах беларускай нацменшасці ў Польшчы. І важкія набыткі — агульнае наша дасягненне.
Падкрэслю яшчэ такую акалічнасць. Беларусаў у Польшчы — каля 200 тысяч. Прычым, што важна, гэта хутчэй не дыяспара ў звычайным сэнсе слова, а кампактна пражываючыя этнічныя беларусы. Яны выйшлі з нацыянальна і этнічна аднародных вёсак Беласточчыны. Цяпер маем больш за 60 беларускіх аматарскіх гуртоў, якія развіваюцца ў кантакце з прафесійнымі мастацкімі калектывамі Беларусі. Такія стасункі, лічу, вельмі патрэбныя, у немалой ступені дзякуючы ім усе нашы імпрэзы ладзяцца на высокім творчым, арганізацыйным узроўні. Мы, дарэчы, ахвотна прыязджаем на Усебеларускі фэст нацыянальных культур у Гродне, заўсёды ім захапляемся і многаму там вучымся. У павазе на Беласточчыне і беларуская мова: існуе 43 школы, дзе яна вывучаецца як прадмет, там займаецца каля трох з паловай тысяч дзяцей і моладзі. А цалкам беларускай школы, на жаль, няма. Ёсць 2 беларускія ліцэі — у Бельску-Падляскім і Гайнаўцы. Праблема ж у тым, што раней у Беларусі атрымалі вышэйшую адукацыю больш за 150 юнакоў і дзяўчат беларускага паходжання з Беласточчыны, а з уступленнем Польшчы ў Еўрасаюз адукацыйныя сувязі парушыліся. Раней нашы абітурыенты паступалі ў вну Беларусі з невялікім аблягчэннем на экзаменах. Добра вучыліся, вярталіся з высокім узроўнем ведаў, іх ахвотна бралі на працу, і яны робяць неблагую кар’еру. Цяпер жа ў Польшчы патрэбна настрыфікацыя беларускіх дыпломаў, гэта як дадатковыя экзамены, бар’ер, яго моладзь баіцца, і ўжо ніхто не паступае. А вучоба ў Беларусі — вельмі важны стымул у сэнсе развіцця культуры і асветы. Я думаю, трэба папрацаваць у гэтым кірунку, з боку Польшчы ёсць прыхільнасць, каб падпісаць пагадненні, прадоўжыць традыцыю.
— Якімі клопатамі жывуць цяпер беларусы Беласточчыны?

— Розных спраў вельмі шмат. Бывае, як расказваю пра нашу дзейнасць гасцям з Беларусі, то некаму і не верыцца, што гэтулькі мерапрыемстваў, скіраваных на захаванне беларускасці, ладзіцца ў Польшчы. Адзін з брастаўчан неяк напісаў пра Беласточчыну: “Тут беларуская мова гучыць паўсюдна. Тут культура Беларусі, мова яе — найдаражэйшая каштоўнасць, якую вывучаюць, бы Святое пісанне апантаныя вернікі”. А яшчэ ў Беластоку будуецца помнік, вельмі важны для захавання нашай духоўнай, душэўнай спадчыны: праваслаўным беларусам, якія сталі ахвярамі Другой сусветнай вайны і пасляваеннага часу. Не ўсім вядома, але факты сведчаць, што на Беласточчыне было знішчана некалькі беларускіх вёсак, а насельніцтва іх вымардавана з прычын шавіністычнай нянавісці. Мы лічым, што і пра такую сумную старонку гісторыі варта памятаць. Помнік будуецца, і мы ўдзячны Міністэрству культуры за дапамогу ў фінансаванні чатырох іконаў, якія былі напісаны ў Мінску, у Беларускай акадэміі мастацтваў. Мая асаблівая падзяка Беларусі, дзяржаўным і рэгіянальным уладам — за вялікую дапамогу ў стварэнні Гайнаўскага Беларускага музея. І цяпер, дарэчы, вельмі часта экспазіцыі ў ім — гэта вынік нашай супольнай працы.
Я ўжо казаў пра супрацоўніцтва нашых самадзейных гуртоў з беларускімі прафесійнымі калектывамі. Такія кантакты вельмі ўзбагачаюць беларускую культуру, пашыраецца рэпертуар. Сярод мерапрыемстваў найбольш важныя — Агульнапольскі фестываль “Беларуская песня”, фінал якога прайшоў нядаўна. Яшчэ — Свята беларускай культуры, Беларускае Купалле, прэзентацыі культур нацменшасцяў з усёй Польшчы. Мы высока цэнім Фэст польскай і беларускай песні “Беласток—Гродна”, навуковыя канферэнцыі “Шлях да ўзаемнасці”, якія праводзім разам з Саюзам палякаў на Беларусі. Матэрыялы потым выдаюцца, рассылаем іх па бібліятэках і вну Беларусі і Польшчы.
— Што вы лічыце найбольш важным для работы вышэй згаданага веча дыяспары?
— Варта сістэмна вырашаць усе праблемы, звязаныя з існаваннем беларускай культуры і асветы ў беларускіх асяродках за мяжой, у тым ліку ў Польшчы. А яны праяўляюцца ў жыцці як канкрэтныя задачы. Скажам, трэба спрыяць навучанню землякоў беларускай мове. А значыць, патрэбны і конкурсы супольныя па мове, і экскурсіі дзяцей, моладзі ў Беларусь, і асяродкі ўдасканалення настаўнікаў. Можна таксама надалей падахвочваць юнакоў і дзяўчат, каб яны ехалі вучыцца у вну Беларусі. Думаю, і кіраўнікі іншых суполак замежжа, з якімі ў нас ёсць сталыя кантакты, будуць ініцыяваць гэтыя справы.
Гутарыў Іван Ждановіч.