Осип Цадкин — художник, который развивался на протяжении всего творчества

Прыгожае ў простым

На мінулым тыдні мінчане атрымалі шыкоўны падарунак — на вуліцы Прытыцкага была ўсталявана скульптура нашага знакамітага мастака, яркага прадстаўніка Парыжскай школы Восіпа Цадкіна. У цэнтры кампазіцыі «Носьбіт дароў» — чалавек, які трымае карабель. Белгазпрамбанк набыў твор на нью-ёркскіх таргах аўкцыённага дома Christie’s, каб усталяваць яго каля будынка свайго галаўнога офіса і тым самым падзяліцца радасцю ад творчасці таленавітага мастака з усімі жыхарамі і гасцямі сталіцы. Мяркуецца, што тэрыторыя вакол скульптуры пасля азелянення і добраўпарадкавання стане новай культурнай кропкай на карце Мінска.

Амерыканскі пейзаж, 1944.

Восіп Цадкін нарадзіўся ў Віцебску ў 1888 годзе. Бацька выкладаў класічныя мовы, маці паходзіла з сям’і шатландскіх судабудаўнікоў. У 1900-м хлопец паступіў у Віцебскае чатырохкласнае гарадское вучылішча. З дакументальнага фільма Алега Лукашэвіча «Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі» даведваемся, што першыя два класы Восіп вучыўся разам з будучым вядомым мастаком Маркам Шагалам. Паралельна займаўся ў сталярна-такарным класе. І там, лічаць эксперты, атрымаў першыя навыкі працы з дрэвам. Ва ўзросце 15 гадоў бацька адправіў хлопца ў Англію, дзе жыў дваюрадны брат маці Восіпа — сталяр па прафесіі. Там хлопец і пачаў рабіць першыя скульптуры.

Возера, 1925.

Восіп вучыўся ў англійскай мастацкай школе, а на канікулы прыязджаў дадому ў Віцебск, пакуль у 1909 годзе моцна не пасварыўся з бацькам. Старэйшы Цадкін лічыў мастацтва несур’ёзнай справай, забараняў сыну ім займацца. Восіп не пагадзіўся. З’ехаў у Парыж і больш у Віцебск не вяртаўся.


Вяртанне блуднага сына, 1952.

Носьбіт дароў, 1937.
На той час, калі Восіп Цадкін пераехаў у Францыю, ён ужо быў нядрэнным скульптарам. Адразу пачаў выстаўляцца і хутка атрымаў вядомасць. Восенню 1910 года Цадкін пасяліўся ў знакамітым «Вуллі». Яго суседзямі былі Марк Шагал, Фернан Лежэ, пазней — Хаім Суцін. Тут жа Восіп пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Валянцінай Пракс.

Цадкін быў адным з тых мастакоў, якія спрабавалі зламаць акадэмічныя каноны традыцыйнага мастацтва. Спачатку яго натхняла прымітыўнае архаічнае мастацтва. Пазней яго творчасць атрымала новае развіццё, ён пачаў змешваць элементы антычнасці з кубізмам. Яшчэ пазней яго працы сталі больш складанымі, ажурнымі, комплекснымі, з вялікай колькасцю дэталяў. Ён развіваўся на працягу ўсёй творчасці. Акрамя скульптуры, займаўся малюнкам, афортам, літаграфіяй. І яму заўсёды спадарожнічалі прызнанне і вядомасць. Мастак памёр у Парыжы ў 1967 годзе, яго пахавалі на сталічных могілках Манпарнас. Пасля смерці Восіпа Цадкіна ў Парыжы стварылі дом-музей у яго гонар.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter