Шмат куды трэба было спяшацца. Адным словам, праляталі міма прыгажосці, не звярталі ўвагі на наваколле. А цяпер прыйшоў час іншага светаўспрымання.
Аднойчы мы з мужам у ясны вераснёўскі дзень пайшлі па грыбы. Дарога роўная, пясчаная, з аднаго боку сосны, а з другога — маладыя бярозкі, якія нахіліліся над дарогай і нешта шапталі. Сонца зверху асвечвала дрэўцы і дарогу. Ад сонечнага погляду дарога ўся свяцілася, над ёй лагодна гайдаліся галінкі бярозак, супакойваючы нас, бы тыя жывыя істоты. Паглядзелі ўдалячынь. Такая прыгажосць адкрылася! Быццам гэта дарога ў светлае будучае, аб якім марылі заўсёды.
Забыліся мы пра свае балячкі, пра тое, што талон да ўрача заказваеш за месяц і наогул у жыцці ўсё не так проста.
Зачараваныя такім нечаканым прывабным адкрыццём, мы ішлі доўга. На душы светла, ціха. Збор грыбоў у гэты дзень ператварыўся ў радасную прагулку.
Да мяне тады дайшло, што калі-нікалі трэба пазбаўляцца ад думак аб надзённых клопатах. Прыгожае, чыстае, светлае побач, толькі азірніся, знайдзі яго і адгукніся сэрцам. Ад замілавання стане табе лёгка, прыемна.
Чым не адпачынак?!