Чаму дзяўчаты мараць аб ваеннай форме

Прыгожа служыць не забароніш

Першае, на што падае позірк пры размове з гэтымі дамамі — зброя. Пальчыкі с наманікюранымі пазногцямі апускаюцца на аўтамат ці папраўляюць кабуру.

— Мы такія ж байцы, як і мужчыны, — гаворыць з усмешкай прапаршчык Інга Барауля.

Дома Інга Барауля — дачка, жонка, маці, а на службе — выключна “таварыш прапаршчык”.

Нашая гутарка адбываецца пасярод заснежанага лесу пад Барысавам, на палявых вучэннях 60-га палка сувязі. Ад холаду я пачынаю перамінацца з нагі на нагу. Затое мая субяседніца з вялікімі, як у дзіцяці, вачыма марозу быццам і не заўважае.  

— Рэдкая дзяўчына з дзяцінства марыць пра ваенную кар’еру. Я, калі шчыра, нават не ведала, што такое магчыма. На апошнім курсе каледжа сувязі задумалася аб размеркаванні і тут як раз прапанавалі варыянт — сувязісткай у армію. Што гэта, дзе і як — я да канца не разумела, але згадзілася. Думала: калі не спадабаецца, пасля адпрацоўкі ўсё адно змагу звольніцца. У выніку зацягнула.  Летам будзе дзесяць гадоў, як служу.

Гісторыя Інгі тыповая для палка сувязі. Тут насуперак стэрэатыпам палова ваеннаслужачых — жанчыны. Многія вучыліся ў каледжы сувязі. Шлях у армію для іх быў нескладаны. Не трэба чакаць ніякіх павестак ці паступаць у ваенную акадэмію (хаця таксама можна). Захацела служыць — прыйшла ў ваенкамат па месцы жыхарства, а лепш адразу ў часць.  Бяруць, канешне, не ўсіх. Па-першае, ёсць узроставыя абмежаванні — на момант паступлення ў шэрагі ваенных жанчыне павінна быць ад 19 да 35 гадоў. Па-другое, трэба быць моцнай. Замест стандартнага рэзюмэ ад вас спатрэбіцца праходжанне медкамісіі, псіхалагічнага тэсціравання і сдача нарматываў па фізпадрыхтоўцы. Так што прыйдзецца ўспомніць усё, чаму вучылі на ўроках фізкультуры. Кіламетровы забег, практыкаванні на прэс і адцісканні з упору лежачы.

Праца ў воінскай часці адрозніваецца ад той, што за яе межамі. Графік з васьмі ранку да шасці вечара — гэта ў ідэале.  А бываюць і сутачныя нарады, дзяжурства, выезды “ў поле”, трэніроўкі, вучэнні. У звычайны працоўны дзень усе, як правіла, удзельнічаюць у навучанні экіпажу сваёй апаратнай тэлефоннай станцыі (кожны сувязіст замацаваны за канкрэтнай АТС), афармляюць дакументы, абслугоўваюць тэхніку. З незвычайных працоўных абавязкаў — фізпадрыхтоўка ў пэўныя гадзіны. У іншых арганізацыях народ да або пасля бяжыць у трэнажоркі і фітнэс-залы, грошы за гэта плаціць. А тут — займайся з задавальненнем, яшчэ і бясплатна.  

— Двойчы на год здаём нарматывы. Паказаў выдатны рэзультат — атрымай прэмію, схапіў “нездавальняюча” — будзеш яе пазбаўлены. Ну а калі некалькі разоў запар не выканаеш мінімум, то з Узброенымі Сіламі прыйдзецца развітацца.

Знаёмлюся з каляжанкамі Інгі  — ефрэйтарамі Карынай Голубевай і Юліяй Пешко. Дзяўчаты служаць толькі два гады.

У дзяцінстве Карына Голубева нават уявіць не магла, што патрапіць на службу ва Узброеныя Сілы.

— Памятаю, як ехала ў першы раз на вучэнні і баялася нязведанага. Тады больш за ўсё мяне хвалявалі побытавыя дробязі.  Што будзем есці, дзе спаць, як мыцца. Зараз усё гэта гучыць смешна. Нашыя палявыя ўмовы у многім досыць камфортныя. Цёплая вада ва ўмывальніках, баня. У палатках ёсць печкі.  Ежу тры разы на дзень прывозяць з часці. Многія з-за гэтага жартаўліва называюць палявыя выхады “ваенным турызмам”. Хаця гэта не зусім так, паняцце “адпачынак” тут адноснае: нельга расслабляцца і трэба пастанна быць гатовай выканаць сваю задачу. Служба ёсць служба. Аддаваць воінскае вітанне, бегчы на пастраенне на плацу і звяртацца да начальства па званню. Цяпер нават уявіць не магу, як я працавала б без гэтай дысцыпліны, — гаворыць Юлія.

Праблема многіх дзяўчат-навабранцаў — няўменне стрымліваць свае эмоцыі. Апраўданне “я ж дзяўчынка, мне можна і паплакаць” не пройдзе:

— Тут усе салдаты. Гляджу на старэйшых жанчын-калег і заўважаю ў іх паводзінах некаторую жорсткасць. Яны ўмеюць хутка і лёгка расставіць усе кропкі над “і” ў працы з салдатамі тэрміновай службы, якія знаходзяцца ў іх падначаленні. Мне гэта даецца не так проста: некаторыя хлопцы мае аднагодкі ці нават старэйшыя за мяне. Але ўжо зараз заўважаю за сабой, што стала больш строгая да сябе і іншых людзей.

Форма ва ўсіх аднолькавая. Жаночыя берцы, бушлаты, штаны, рубашкі ў арміі ідэнтычныя мужчынскім. Але маіх гераінь гэта зусім не засмучае. Зялёны колер, кажуць яны, усім да твару. Для Юлі, увогуле, форма — адна з прычын, па якой яна ў армію пайшла:

— Я яшчэ ў дзяцінстве вырашыла: вырасту і буду насіць пагоны. Спачатку хацела пайсці ў чыгуначныя войскі. Пасля выпадкова даведалася, што пасля каледжа сувязі выпускніц размяркоўваюць сувязісткамі па воінскіх часцях. Дакументы падала не раздумваючы. Мама была ў шоку. Як гэта — два сыны не служылі, а дачка пойдзе? За ўсіх? Але, калі ўбачыла мяне ў форме, змірылася. Цяпер з гонарам паказвае ўсім мой фатаздымак. Дарэчы, форма і зараз выклікае ў мяне захапленне. Раніцай не трэба думаць, што надзець на працу. Заўсёды цёпла і  зручна.

Юлію Пешко мама ў армію адпускаць не хацела, але дзяўчыну гэта не спыніла.

Аднак нават тое, што ўсе байцы “роўныя, як на падбор”, ніяк не адмяняе жаночай вынаходлівасці.

— Дзяўчына застаецца дзяўчынай у любым выпадку. Няхай на ёй берцы і бушлат. Затое ва ўставе пра касметыку і ўпрыгожванні нічога не напісана. Гэта магчымасць для нас паказаць сваю жаноцкасць. Усё, канешне, у меру. Фіялетавыя цені і завушніцы да плеч — не наш варыянт. Але натуральны макіяж, няброскія пярсцёнкі і акуратная прычоска — чаму б і не? — разважае Карына.  

Дзіўна, але ў спадарожнікі па жыцці многія дзяўчаты з пагонамі выбіраюць сабе тых, хто нават тэрміновую службу не прайшоў. Здаецца, жаніхоў у часці — хоць каўшом бяры. А яны шукаюць кавалераў з грамадзянскіх. Тлумачаць гэта тым, што і аднаго ваеннага ў доме больш чым дастаткова.

— Калі выязджаю “ў поле” на пару месяцаў, павінен жа нехта з дзіцём заставацца. Няхай гэта будзе тата. Яму карысна, — жартуе Інга, а пасля ўжо сур’ёзна дадае: — Якая жанчына не марыць з’ехаць куды-небудзь на тыдзень ад хатніх клопатаў? У нас такая магчымасць з’яўляецца рэгулярна. Тут мы, канешне, асабліва не расслабляемся. Але змена абстаноўкі трымае ў тонусе нас і нашыя сем’і. Муж ставіцца да маіх паездак з разуменнем, хоць сам і не служыў. Кажа, калі б была магчымасць вярнуць час назад, пастараўся б патрапіць у армію, каб лепш мяне разумець.

Зрэшты, такой думкі прытрымліваюцца не ўсе.

— Мой хлопец не служыў і, напэўна, гэта да лепшага. Ён да канца не ўяўляе спецыфіку маёй працы, не спрабуе вучыць мяне таму, што і як я павінна рабіць.  Калі б прайшоў армію, то размовы накшталт “А у нас у часці было не так...” былі б непазбежнымі, — разважае Юлія. — З іншага боку, з мужчынамі працаваць лягчэй, чым з дзяўчатамі. Яны прасцей глядзяць на любую сітуацыю.

— І зусім не крыўдуюць, што 23 лютага мы ў іх адваявалі! — дадае Карына. — Гэтае свята адзначаем разам, а 8 Сакавіка належыць толькі нам.

Ганна КУРАК

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter