В Минске начали тестировать новую модель троллейбусов на автономном ходу

Прыгоды электронiкi

Мінулы год для грамадскага транспарту Мінска стаў годам паступовага абнаўлення паркаў. Бягучы ў гэтым пытанні абяцае быць яшчэ больш прагрэсіўным. З канца мінулага тыдня ўпершыню на дарогах Мінска з’явіўся тралейбус з павялічаным аўтаномным ходам. Карэспандэнты «Р» паўдзельнічалі ў абкатцы навінкі на маршруце № 44 «ДС Захад-3 — Бабруйская».


Ці то тралейбус, ці то аўтобус

Раніцай на вуліцы Харкаўскай, 16, дзе знаходзіцца тралейбусны парк № 4, яшчэ цёмна, як ноччу. Вадзіцель Валерый Сцяпук, якому выпаў гонар першым прайсці стажыроўку і кіраваць навюткім тралейбусам з аўтаномным ходам, рыхтуе кабіну для сваёй напарніцы Ніны Кацуба. Пад яго пільным кантролем яна будзе стажыравацца ў працы з новай тэхнікай. 16 гадзін стажыроўкі пройдуць, і яна перасядзе са свайго тралейбуса АКСМ-321, які гадамі калясіў па мінскіх дарогах, на навінку, зробленую на базе аўтобуса МАЗ-203. Машына стаіць побач: чакае, калі зарэгіструюць і паставяць на ўлік.

Пакуль жа дырэктар тралейбуснага парка № 4 Аляксандр Радзевіч праводзіць экскурсію па салоне тралейбуса, у якім прадугледжана 31 месца для сядзення, 79 стаячых і 1 — для інвалідаў-вазочнікаў, для іх таксама ёсць механічны пандус — у сярэдніх дзвярах. Акрамя гэтага, тралейбус абсталяваны сістэмай кнілінгу — паніжэння ўзроўню падлогі ля ўвахода ў транспарт. Ёсць сістэмы ацяплення і кандыцыяніравання. Сядзенні, дарэчы, выкананы з вінілісскуры. Ніна Кацуба па- гаспадарску адзначае, што такі матэрыял больш практычны, чым тканіна: менш пэцкаецца, ды і мыць лягчэй.

У новых тралейбусах — камфортныя кабіны для вадзіцеляў.

Гэтая першая машына прыйшла ў парк 17 студзеня, другая — у мінулы чацвер. Днямі чакаюць трэцюю. Спадзяюцца замяніць усю тэхніку маршруту № 44: гэта значыць 18 старых тралейбусаў саступяць месца новым. Аляксандр Радзевіч расказвае, што ўсяго парк атрымае 23 адзінкі такой тэхнікі на працягу лютага:

— Гэта сучасны транспарт, які нам быў неабходны. Вядома, бліжэйшым часам хацелі б бачыць 100-працэнтнае абнаўленне парку. Пакуль новыя тралейбусы, якія да нас паступілі, будуць эксплуатавацца на тралейбусным маршруце № 44 — даволі напружаным і складаным. Прывяду прыклад: нядаўна пры яго абкатцы на разваротным кольцы вуліцы Бабруйскай патрапілі ў пробку. Пакуль звычайныя тралейбусы стаялі, машына на аўтаномным ходзе змагла аб’ехаць затор.

Вадзіцель Валерый СЦЯПУК стажыруе сваю напарніцу Ніну КАЦУБА ва ўпраўленні новым тралейбусам з аўтаномным ходам.

Пасткі для «рожак»

Наогул, такія тралейбусы будуць выкарыстоўвацца там, дзе часткова на маршрутах можа адсутнічаць кантактная сетка. Такі тралейбус зараджаецца ад кантактнай сеткі, а потым аўтаматычна — пасля таго, як вадзіцель націсне на кнопку, — скідвае на час «штангі», дзе яе няма. Токапрыёмнікі заходзяць пад ліры, і тралейбус ідзе на аўтаномным ходзе па абясточаным участку. Запас яго ходу — 15 кіламетраў. Калі тралейбус пад’язджае пад кантактную сетку, вадзіцель націскае на кнопку, і токапрыёмнікі становяцца на яе.

— Каб гэта адбылося карэктна, на кантактных сетках устаноўлены спецыяльныя пасткі для токапрыёмнікаў з нержавеючай сталі, — паказвае іх Аляксандр Радзевіч: яны ўсталяваны не толькі на маршруце № 44, але і ў парку, каб вадзіцелі трэніраваліся.

У даўжыню новы тралейбус — 12 метраў, у шырыню — 2,55 метра.

А што ж кабіна вадзіцеля? Валерый Сцяпук паказвае:

— Тут больш электронікі. Камфортнае сядзенне з падагрэвам, кандыцыянер, а галоўнае — токапрыёмнікам можна кіраваць, не выходзячы з кабіны, напрыклад, калі ідуць снег ці дажджы. Яшчэ прыемны момант: экран, на які выводзяцца карцінкі з відэакамер. Апошнія накіраваны на ўсе тры дзверы ўваходу-выхаду, салон, дахавае абсталяванне. Як толькі пад’язджаю да прыпыначнага пункта, на экране аўтаматычна з’яўляецца відэа з сітуацыяй у дзвярах — не трэба больш арыентавацца выключна на люстэрка. Толькі ад’язджаем ад прыпынку — адразу з’яўляецца відэа з усіх камер.

Яшчэ адна навінка гэтай тэхнікі — кнопкі адраснага адкрыцця дзвярэй. Калі пасажыру неабходна выйсці на прыпынку, то ён націскае на кнопку, і дзверы адчыняюцца. Дзейнічае такая сістэма і звонку — для ўваходу ў транспарт. Калі ж нікому не трэба ні заходзіць, ні выходзіць, то дзверы могуць не адчыняцца, а гэта значыць, што цяпло ў зімовы перыяд у салоне захаваецца, як і астуджанае кандыцыянерам паветра — у летні. Гэтую функцыю, праўда, па першым часе пасля запуску на маршруты з пасажырамі ўключаць не будуць, каб спачатку ўсе прывыклі да сістэмы.


Дарэчы, а калі ўсё ж новыя тралейбусы пачнуць перавозіць пасажыраў? Верагодней за ўсё, ужо ў бліжэйшыя тыдні. Сачыце за дарогамі!

kasel@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter