Як працуе першая у краiне электронная база дамашнiх жывёл?

Прыгоды Чыпа i Барсiка

Гродне ствараюць адзіную электронную базу свойскай жывёлы. Гэта патрэбна для ўзмацнення кантролю за падлікам яе, а таксама для барацьбы са з'яўленнем безнаглядных жывёл на вуліцах горада. Акрамя таго, наяўнасць такой базы дасць магчымасць аказваць дапамогу ў пошуку згубленых катоў ці сабак. Калі іх зловяць і змесцяць у спецпрыёмнік, то, прабіўшы па базе, можна будзе ўмомант звязацца з гаспадарамі і перадаць ім гадаванцаў. Дазволіць адзіная база пракантраляваць наяўнасць прышчэпак і рэгістрацыі.

Знайсці згубленага гадаванца будзе значна лягчэй
Фота grey-cats.ru

Намеснік дырэктара гродзенскага прадпрыемства «Спецаўтагаспадарка» Аляксандр Жаркоў кажа, што база будзе велізарнай дапамогай у працы:

— Мы непасрэдна займаемся адловам безнаглядных жывёл, змяшчаем іх у вальеры для часовага ўтрымання. Адтуль катоў і сабак, як правіла, забіраюць валанцёры грамадскага аб'яднання. Яны ўладкоўваюць жывёл у добрыя рукі, а праз нейкі час гэтыя самыя жывёліны зноў з'яўляюцца на вуліцах горада. Пры гэтым чалавек, нагуляўшыся і выкінуўшы гадаванца на волю лёсу, не нясе ніякай адказнасці за свой учынак. У хуткім часе такіх жывёл будуць рэгістраваць і ўносіць у агульную базу. Пры выяўленні безнаглядных жывёл можна будзе прыцягнуць гаспадара-недарэку да адміністрацыйнай адказнасці. Калі ж уладальнік ката ці сабакі заяўляе аб знікненні, то жывёла проста вернецца дадому.

Актыўная работа па падліку і рэгістрацыі хатніх гадаванцаў ускладзена на плечы жыллёвых рамонтна-эксплуатацыйных прад- прыемстваў двух раёнаў Гродна. Інжынер аддзела эксплуатацыі жыллёвага фонду УЖРЭП Ленінскага раёна Людміла Пунько кажа пра важнасць новаўвядзення:

— Сёння ўладальнік прыходзіць у свой ЖЭС, маючы пры сабе пашпарт. Піша заяву і атрымлівае пасведчанне і жэтон. Грошы за гэтую паслугу плаціць не трэба. Пры жаданні можна чыпіраваць кошак і сабак у ветэрынарнай клініцы. Уладальнікі катоў нічога не плацяць, а вось уладальнікам сабак штомесяц налічваецца пэўная сума ў залежнасці ад вышыні гадаванца ў карку. У канцы мінулага года максімальная сума складала 75 капеек. Грошы, як бачыце, невялікія. Усяго па Ленінскім раёне Гродна зарэгістравана 2001 жывёла, з іх 1557 — сабакі і 444 — кошкі. Прыкладна столькі ж хатніх гадаванцаў налічваецца і ў Кастрычніцкім раёне горада. Вядома, многія гаспадары жывёл, асабліва катоў, да гэтага часу імкнуцца заставацца «ў ценю».

Даныя аб жывёле, пражываючай у гарадской кватэры, можна будзе атрымаць пры дапамозе аднаго кліка.
Фота qit24.ru


Пакуль спісы свойскіх жывёл захоўваюцца ў эксэлеўскім варыянце ў кожным раёне горада асобна. Агульныя спісы ёсць у гарадской ЖКГ. Але доступу да агульнай базы ў супрацоўнікаў УЖРЭП няма, як і ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў або работнікаў ветэрынарных клінік. У дадзены момант электронная база знаходзіцца ў стадыі дапрацоўкі. Гэта дыпломная работа студэнта адной з гродзенскіх вышэйшых устаноў. Па ёй ёсць нязначныя пытанні праграмнага характару. На думку работнікаў УЖРЭП, калі праграма запрацуе, то здымуцца многія праблемныя моманты, якія да гэтага часу хвалююць як абаронцаў жывёл, так і простых грамадзян, якія могуць пацярпець ад безнаглядных жывёл.

Намеснік генеральнага дырэктара Гродзенскай гарадской ЖКГ Сяргей Сямашка паведаміў аб карпатлівай працы:

— Актыўна падлічваем і папаўняем існуючыя спісы. Доступ да адзінай базы будзе ў камунальных службаў, прадстаўнікоў прадпрыемства «Спецаўтагаспадарка», ветэрынарных дактароў і міліцыі. Штодзень супрацоўнікі УЖРЭП раёнаў горада ўносяць у яе даныя пра хатніх гадаванцаў гараджан.

Пакуль сістэма працуе ў тэставым рэжыме. Запусцяць яе пасля таго як будуць сабраны ўсе даныя і вырашаны пытанні з праграмным забеспячэннем. Тады ж будзе прынята рашэнне аб яе далейшым развіцці. У першапачатковым выглядзе ў базе будзе ўтрымлівацца ўся неабходная інфармацыя аб гадаванцы, кантакты гаспадароў. На сённяшні дзень у Гродне зарэгістравана больш за 5 тысяч катоў і сабак.

Tanula.K@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter